Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

Война, як заўсёды, адседзеўся ў нейкай са сваіх шматлікіх схованак. Людзі Корчака даўно не з’яўляліся ў наваколлі.Злавілі двух-трох выпадковых валацуг, але забойцаў не знайшлі. Іван Таркайла цяпер нікуды не ездзіў адзін, а ўначы сядзеў у фальварку, зачыніўшы ўсе аканіцы.Адзіны чалавек, якога здарэнне прывяло ў лютасць, быў Кроер. Ясна, хто зрабіў. Мужычкі каханенькія. Ніхто іншы – яны! Невядома толькі хто. 3 Таркайлавых нехта, ці з ягоных Кроеравых, ці мо адгукнулася праз сваякоў адна з ахвяр “Ку-гі”. У росшуках самы страшны і заўзяты быў ён са сваімі чаркесамі. Трос палясоўшчыкаў, шукаў і лупцаваў людзей з лясных буд, смалакураў, бортнікаў.А калі гэта нічога не дало і наваколле сціхла, зачыніўся ў Кроераўшчыне і пачаў лютаваць над сваімі. Проста так, абы спагнаць злосць. Дайшло да суседзяў. Усе разумелі: трэба сядзець ціха. А гэты, як назнарок, баламуціў лютасцю ўсё наваколле. Усё мацнеў і мацнеў і, урэшце, дакаціўся да губерні агульны лямант:– У апеку яго!Віцэ-губернатар Ісленьеў выехаў у Сухадол, каб даследаваць справу на месцы.Дарогаю ён спыніўся ў Загоршчыне і тут даведаўся, што Кроер зноў запіў. А наступнай раніцай прыляцеў у Загоршчыну да Алеся ганец з Кроераўшчыны і апавясціў зноў, як тады, што пан Канстанцін памірае і паслаў дзесятак слуг паўсюль, каб апавясцілі аб гэтым. I нібыта паслаў нават па доктара і папа.– Прыкідваецца, – сказаў Вежа.– Вы думаеце? – Ісленьеў і сам верыў і не верыў.– Стары жарт, – працадзіў Алесь. – Ягоныя выдумкі трохі аднастайныя. Гэта ўжо трэці раз.– I ўсё ж, думаю, трэба паехаць, – сказаў Ісленьеў.Алесь глядзеў на яго з жалем. Стары не мяняўся. Усё той самы румяны, сівы, добразычлівы. Харошы рускі чалавек. Алесь помніў ягоныя словы аб “цемры” пасля расстрэлу ў Півошчах. I шкадаваў. Скруціла, беднага, жыццё.– Ну, паедзеце, – сказаў Алесь. – Убачыце п’яных гасцей. Свяшчэннік і лекар не маюць права адмовіцца, убачыце п’янага лекара і п’янага папа.– Я б вам не раіў, – сказаў Вежа.– Вы не паедзеце?– Бачыце, я не патрабаваў бы гэтага ад яго, каб, скажам, памёр я, – сказаў стары.– Ну а вы? – спытаў Ісленьеў у Алеся.– Я аднойчы з’ездзіў. – Алесь пацёр запясце.– Па-хрысціянску, – сказаў віцэ-губернатар.– Па-хрысціянску варта было б усіх нас павесіць, – сказаў Алесь. – За тое, што цярпелі сярод нас такога монстра. Даць вам ахову?Стары спакойна ўзняў на яго вочы. Яблычны румянец на ягоным свежым абліччы стаў мацнейшы.– Дзякую, – сказаў віцэ-губернатар. – Але няўжо вы думаеце, што я ў жыцці каго-небудзь баяўся?– Я не хацеў, каб вы зразумелі мяне так, – сказаў Алесь.Ісленьеў узяў таго самага мужыка – ганца і паехаў у Кроераўшчыну. Дарогай па ўсіх пагостах бразгалі хаўтурна званы. Нават інваліды па каплічках калаціліся драўлянымі нагамі ў петлях вяровак, што вялі да званоў.Дзень быў шэры і зусім не летні. Званілі званы, бо памёр вялікі пан, але людзі не ехалі.– Гэта праўда, што вашага пана “двойчы адпетым” клічуць?Мужык хаваў вочы. Той самы Борка, што прыязджаў у Загоршчыну і тады.– Кажы, не бойся.– Адпявалі яго тройчы, – сказаў мужык. – Усё наваколле.– Ну і як ён?Борка ехаў на сваім коніку збоку і трохі ззаду, хоць павінен быў весці. Ён маўчаў.– То як? – паўтарыў пытанне губернатар.– Нічога, – бязгучна сказаў мужык.Ісленьеў ехаў і думаў.“Нічога”. Усё “нічога”. Бог ты мой, як можна зацюкаць народ. А мы памагалі гэтаму сваёй слепатой, немагчымасцю нешта зрабіць, бо гэта – сістэма. Паспрабавалі былі трыццаць пяць год назад – леглі пад карцеччу. I з таго часу толькі і думаем, як бы не зачапіла нас па нашай каштоўнай шкуры. Толькі і ходзім на задніх лапках.