Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

Ісленьеў унутрана застагнаў.Ён шчыра цікавіўся справамі краю. У яго былі знаёмцы ў цэнзуры, і яны дасылалі яму “для азнаямлення і прыняцця да ведама” матэрыялы сталічных часопісаў, што датычыліся гэтай зямлі, нават калі яны і не праходзілі праз цэнзуру.Адзін артыкул ляжаў у матэрыялах “Современника” і ў цэнзуры, пэўна, год. Не праходзіў. Напэўна і не пройдзе. Ісленьеў успамінаў. У яго была добрая памяць, зусім як у таго чалавека, што калісьці рассеяў іх карцеччу. Што ўжо што, а ў памяці Мікалаю нельга было адмовіць. Кожнага, хто гаварыў з ім, помніў усё жыццё: імя, імя па бацьку, дзе служыў, калі перайшоў з палка ў полк, як завуць жонку і дзяцей, калі гаварылі пра гэта. Здзіўляў гэтым апошняга адстаўнога штабс-капітана, пасяляючы ў ім пачуццё, падобнае на прымхлівы жах: “Праз дваццаць пяць год успомніў!”Ён, Ісленьеў, таксама памятаў шмат. Памятаў, напрыклад, як той у следчай камісіі тупатаў на яго нагамі:– Чаму вы не гаворыце пра сваё знаёмства з Якушкіным і Пестэлем? Мая добразычлівасць да людзей мае межы! Пакуль што я не хачу, каб графіня Еўдакія насіла жалобу і звалася ўдавой.Ён яшчэ помніў яе імя, расперазаны хам.Ісленьеў таксама памятаў шмат. Вось і цяпер ён выцягваў словы таго артыкула з нетраў памяці. Так, здаецца: “Цэлы край узялі ды вось так забілі – трымай кішэнь! Італьянцаў таксама... забілі, пазбавілі любові да волі і радзімы!.. Паглядзім, што яшчэ скажуць самі беларусы!”Імя аўтара ён забыў. Забыў і дакладныя словы. Але сэнс помніў. I не мог не згаджацца з гэтым чалавекам.Бо ўвесь час, што ён жыў тут, ён ні хвіліны не адчуваў спакою. Увесь час нешта глуха клекатала і варочалася пад зямлёй. Пераважная большасць людзей трымала спіну і глядзела ў вочы проста. Высокую іхнюю годнасць нішто не магло зламаць, і хлусілі тыя, што казалі аб “зацкаваных парыях”, аб людзях з “вузкім чэрапам, што адвыклі ад мовы”, аб людзях “звярынага выгляду”, якія “пайшлі назад ад чалавека да жывёл”. Хлусня гэта была! Дэмагогія або палітыка чыстай вады. Варшаўскім магнатам трэба было скампраметаваць чыноўніцтва і ўлады (і не без падстаў), шавіністам – палякаў, чыноўнікам і жандарам – мясцовых паноў, каб зжэрці іх. І ўсе крычалі аб “народзе, даведзеным тымі, іншымі, да жывёльнага стану”.А жывёл, якія звар’яцелі ад жаху, галечы і цяжкай працы, амаль не было вакол, і нельга было так паплюжыць гэтых людзей.Быў просты рахманы і вельмі мужны народ. Добры, верны сябрам і страшны ворагам, вольналюбівы, чысты і горды.Ісленьеў успамінаў. Півошчынская вайнішка і многія дзесяткі другіх бунтаў... Звычаі... Песні... Абліччы людзей з загорскага наваколля і твар самога Загорскага, бацькі ягонага і дзеда... Раўбічы... Клейны... Корчакаўскія напады... Чорны Война і ягоны аднаасобны, дзесяцігоддзямі, бунт... Апошняе забойства...Быў пашматаваны, закуты, але вялікі народ. I Ісленьеў не мог не бачыць ягоных пакут і ягонай велічы.– I ўсё ж? – спытаў Ісленьеў. Хлоп маўчаў. I раптам віцэ-губернатар пачуў стогн, нібы ў таго раздзіралася нешта ў грудзях.– Пане... Пане літасцівы, – сказаў мужык. – Забярыце вы яго ад нас. Забярыце, не дайце грэх на душу ўзяць.– Чаго ты?Барыс раптам узняў на губернатара светлыя вочы:– Дзеля яго забярыце. Вытанчаецца ўжо цярпенне наша. Хочаце – на каразн пасылайце, хочаце – літуйце мяне, а як бы ён гарэлкі не глынуў ці гарачым пяском не пагрэўся.– Аб чым ты? – сурова спытаў Ісленьеў.