Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

Франса калаціла.Міхаліна ўзяла Алеся за плячо і прыхілілася тварам да ягонай рукі.– Мы вырашылі. Я вырашыла...– Майка, – сказаў Алесь, – я сам растлумачу гэта Франсу. Ідзі. Помні, аб чым дамаўляліся.Яна пайшла ў бок раўбічаўскага парку. Мужчыны стаялі і глядзелі адзін на аднаго.– То што? – сціснуўшы зубы, спытаў Франс.Алесь уздыхнуў. Такі ляжаў вакол свет! Так ён іскрыўся і палаў ад дажджу! Што яшчэ было тлу-мачыць?!– Мы вырашылі, што пачакаем, пакуль пан Яраш не ачуняе канчаткова.– Вы вырашылі?– Ну згадзіся, брат, не табе ж гэта вырашаць, – на Алеся напаў гумар. – Самае большае, што дазваляе наша з табою сваяцтва, гэта напіцца разам да зялёнага змія...– Мы далі слова, – Франс бялеў. – Яна сама дала слова Хаданскім.– Раней за ўсё яна дала слова мне.– Хто агалосіў яго?– То ты лічыш, што слова, дадзенае перад богам, – лухта, а перад людзьмі – усё?– Мы жывём не сярод багоў. Чорт пацягнуў Алеся за язык:– На жаль, і я за апошні час усё часцей пераконваюся ў гэтым. Франс закусіў губу.– Ну вось, – сказаў Алесь. – Дальбог, Франс, падумай ты, урэшце, хоць раз не аб сваім дурным гонары, а аб яе шчасці.– Ты – гэта шчасце?– Для яе, – сказаў Алесь. – Прынамсі, яна лічыць так. I я пастараюся, каб яна не расчаравалася ў ім як мага даўжэй. Таму што і яна – маё шчасце. Мяркую – да канца.– Калі будзе гэты канец?– Ты збіраешся стаць на маёй дарозе? – Алесь сумна ўсміхаўся. – Дарэмна, я ж не стаяў на тваёй. I ўбачыў, што сказаў страшнае. Франс таргануў галавою.– Так, – глуха сказаў Франс. – I таму я яшчэ раз кажу табе... – у яго цакаталі зубы. – Не спадзявайся атрымаць за ўсё, што ты зрабіў, нічога, акрамя зла.– Ты пагражаеш мне?Франс звыкла перайшоў на “вы”.– Vous verrez les consequences et vous en jugerez2. Я невыпадкова сустрэў вас. Я ўсё ведаў. Аб усім дамоўлена. Яе сёння ж... завязуць. У крайнім выпадку заўтра раніцай! Чуеш? Чуеш, ты?!Алесь зрабіў быў крок да яго і спыніўся:– I ты мог крычаць аб гонары? Дурань жа я, што паверыў вам.Толькі тут Франс зразумеў, што Алесь сапраўды ні ў чым не вінаваты, што ва ўсім вінаватая крайняя датклівасць пана Яраша і яго, Франса, абражаны гонар і дробязная злоснасць. Алесь цяпер сапраўды мае права пагарджаць ім.– Я ведаю, – працягваў Алесь, – цяпер вы яе не выпусціце да смерці. I я яшчэ мог нечага чакаць ад цябе, акрамя подласці?Франс ведаў, што Алесь цяпер мае права сказаць яму ўсё, і не здзівіўся. Але рука прывыкла адказваць на слова “подласць” толькі адным чынам....Алесь трымаўся за шчаку. Вочы ў яго былі заплюшчаныя. Потым ён непаразумела ўзняў вейкі.Франс глядзеў на гэтае аблічча, на якім адно брыво было вышэй за другое ад нявер’я ў тое, што адбылося, і гатовы быў упасці да ног Алеся.Пацягнуўшы ротам паветра, Алесь адштурхнуў Франса.– Я ведаю, чаго каштуе чалавеку, калі яго б’юць па твары. Я нікога не біў першы. Ніколі. Таму я не ўдару цябе. Я проста цябе... заб’ю, – і пайшоў.Франс стаяў і глядзеў яму ўслед.Мсціслаў, пачуўшы аб усім, толькі ляснуў сябе па шчацэ.– Быдла, – сказаў ён. – I на цябе спадзяваўся Кастусь? Цябе сур’ёзным лічылі?! Якраз тады, калі вось-вось трэба будзе ліць кроў па-сапраўднаму!– Гэта дарэмна, – сказаў Алесь. – Калі ты не хочаш, я знайду другога.– Ды як ты мог?! Калі кожнае жыццё дарагое!.. Калі Беларусь...– Я не магу ваяваць за Беларусь з пабітай мордай, – сказаў Алесь.Гэтым жа вечарам Мсціслаў і пан Адам Выбіцкі павезлі да Раўбічаў патрабаванне сатысфакцыі.