Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

Вярнуліся яны позна, і прымірэння ім дабіцца не ўдалося. Майку сапраўды сілком замкнулі ў пакоі. Раўбіч загадаў нікога не прымаць. Але Наталя нейкім дзівам збегла да Вежы і расказала яму аб усім.Раздражнёны да апошняга тым, што Раўбічы ўвесь час лезуць на ражон, стары паклікаў Басак-Яроцкага і Раткевіча і вырашыў з імі выклікаць, пасля Алеся, Франса і пана Яраша, каб усё скончыць адным разам. Еўфрасіння божкала і хапалася за галаву. У доме стаяў крык. Вырашылі, што першы будзе страляцца Вежа, за ім Яроцкі, потым Раткевіч.I ўсё ж таму, што Вацлаў ледзь не роў, думаючы аб Наталі і аб тым, якую здраду чыняць у адносінах да яе, і яшчэ таму, што Глебавічна хапала ўсіх за рукі, вырашылі счакаць дзень-два і паглядзець, чым усё скончыцца.Усё гэта было б нават трохі смешна, каб не вынікі, з якімі вярнуліся секунданты.На аркушы паперы бездакорным почыркам Франса было выведзена:“Моn рrіnсе, mon humeur portait 1е сасhеt mais concessions faites de mauvaise grace sont les pires que l’on puisse faire”1.– Гэта ён мне? А кодэкс? – спытаў Загорскі.– Ён перадаў гэта Іллі Хаданскаму, той мне, а я вам. Відаць, хацеў яшчэ мацней уразіць, – сказаў Мсціслаў.– Усё адно гэта нікуды не варта, – паціснуў плячыма Алесь. – Зносіны, няхай і цераз секундантаў, з другім бокам. Пан Адам крэкнуў:– А мне здаецца, тут дваістасць ягонага стану. I адчуванне правіны, і жаданне не мірыцца.– Хто яго секунданты? – спытаў Алесь.– Ілля Хаданскі і Міхал Якубовіч,– сказаў Выбіцкі.Ніхто не рашаўся перайсці да ўмоў двабою. Маўчалі.– Ну,– сказаў урэшце Алесь.– Без лекара, – сказаў жорстка Мсціслаў. – Права першага стрэлу за намі няма. Жэрабя. Адлегласць паміж бар’ерам – дваццаць крокаў. У выпадку, калі першыя стрэлы вынікаў не дадуць, праціўнікі абменьваюцца другімі і трэцімі – да смерці аднаго.– Міла, – сказаў Алесь.– Ты не пратэстуеш? – спытаў пан Адам.– Нашто, – паціснуў плячыма Алесь.– Мы нічога не маглі зрабіць, Алесь, – сказаў Маеўскі. – Жэрабя – гэта па-роўнаму. Яны аднолькава патрабуюць смерці як для цябе, так і для сябе.Адам з’едліва і сумна ўсміхнуўся:– Вядома, да таго часу, пакуль жэрабя не кінулі. А потым пачынаецца забойства.Тыя пайшлі. Вечар быў вельмі цёплы і ціхі. Загоршчынскі парк драмаў пад светлымі зорамі.Заўтра будуць страляцца. На поплаве. Недалёка ад таго месца, дзе сустрэлі на начлезе Войну... Тады яму, Алесю, было адзінаццаць. Цяпер – дваццаць адзін.Дзіўна, ён ні аб чым не шкадаваў. Што ж, бывае і так...Ён сеў і напісаў караценькі ліст дзеду, што помніць яго (перашкаджаць дуэлянтам забаранялася, і дзед, відаць, хоць і пакутаваў, вымушаны быў сядзець дома), дзякуе за ўсё.Другі ліст быў запавет. Палову ўсёй рухомай і нерухомай маёмасці – панам Маеўскаму і Каліноўскаму “на заснаванне той прамыслова-гандлёвай кампаніі, аб якой яны ўтрох марылі”. Адну шостую ўсяго – брату Вацлаву Загорскаму. Другую шостую – Юрыю і Антанідзе Раткевічам, прыпісаным да малодшага роду праз маці, з тым, каб яны карысталіся гэтым роўна і без крыўды. Палову астачы – на стыпендыі студэнтам з Загорскага наваколля, далейшае ўтрыманне школы і багадзельні ў Загоршчыне і дапамогу бедным. Астатняе – Кагутам, Кірдуну і іншым слугам, каб была кампенсацыя за страту службы і забеспячэнне на астатнія гады жыцця... Замежны капітал, тую частку, што належыць асабіста яму,– на дапамогу паэтам, што пішуць на мясцовай мове, стварэнне музея, куды перадае ўсе свае калекцыі, і заахвочванне лінгвістычных, гістарычных, археалагічных і этнаграфічных прац, што датычацца Беларусі.