Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

Сямікаляровы агеньчык Капэлы. Лебедзь, распластаўшыся, ляціць у вышыні. Вунь Міцар і Алькор. А далей – туманныя струмені Шляху Продкаў. Кажуць, яны, продкі, спусціліся адтуль і туды ж ідуць пасля смерці.Пад гэтымі зорамі сэрца раптам не вытрымала. Яно пачало стукаць мацней і мацней.“Майка... Майка... Майка”, – утрапёна клікала яно.Было ціха і цёпла. Толькі сэрца калацілася пасярэдзіне гэтага бясконцага і спакойнага абшару. I ён раптам адчуў, што гэта сэрца стала вялікае, як тое, бязмежнае сэрца, і разумее ўсё. Усё на зямлі.3 глыбінь вялікага сэрца – сусвету ляцеў, усё нарастаючы, пяшчотны і ўсёабдымны кліч-звон:– Алесь... Алесь... Але-е-есь...Гэта было ўсюды і ва ўсім. Сусвет сціскаўся....Нібы сніў з расплюшчанымі вачыма. Нібы два крылы – а можа, два срэбныя сувеі Шляху Продкаў – леглі на плечы.– Алесь.Ён страпянуўся. Рукі былі на ягоных плячах. За ім, абдымаючы яго, стаяла Майка.– Ты? Як ты... Задыхаючыся, яна сказала:– Вылезла праз акно і спусцілася па плюшчы. Яны не ведаюць... Я ўжо больш не магла. Загорскі ўбачыў драпіну на яе запясці.– Плюшч не вытрымаў, – сказала яна. Ён прыпаў вуснамі да гэтай драпіны і правёў імі на ўсю даўжыню:– Бачыш, прыйшоў і мой час. Тады вярба, цяпер плюшч. Тады я, цяпер ты.Абняў яе.“Што ты нарабіла?” – хацеў сказаць ён, але змоўчаў.Гэта сапраўды было ўсё. Цяпер ён не мог паводзіцца, як раней. Заўтра ён не будзе страляць, не зможа. Цяпер гэта будзе немагчыма.Але яна не магла больш. I хіба ён сам не хацеў гэтага? I хіба гэта малая плата: купіць такою цаной усё на зямлі?I вось яе вочы, і валасы, і рукі, і гнуткія плечы пад ягонымі рукамі. Усё астатняе не мае ні значэння, ні цаны.Ён узняў яе нечакана лёгка і трымаў на руках, баючыся адпусціць, бо ў яе пагрозліва-блізкіх вачах былі два маленькія адбіткі Шляху Продкаў. Магчыма, і сапраўды Шлях – толькі адбітак у нечых вачах. I няхай. Бо яны – роўныя.Яна заплакала.– Дальбог, я не магла. Я ўсё разумею, але я не магу, каб ты забіў, і не магу, каб цябе забілі...Яна варухнула рукой і пацягнула аднекуль з-за карсажа ланцужок. На канцы яго быў збаночак з каменя. Памерам з ракавінку слімака-балацяніка.– Здурэла? – спытаў ён.– Не. Я і тады, калі пасварыліся. Вырашыла: пайду. Калі не адаб’е, хоць у царкве,– я тады ля аналоя вып’ю.– Дурнічка. Дурнічка. Не смей.I тады ён абарваў збаночак і закінуў яго ў парк. Прыпаўшы вуснамі да яе вуснаў, ён маўчаў.Прыціскаючы яе да сябе, адчуваючы ротам выгіб шыі, плячом – дрыготкія ад подыхаў грудзі, адною рукою – стан, а другой – ногі пад складкамі клятчастай сукенкі, ён, баючыся, што страціць прытомнасць, бо ў яго падгіналіся ногі, зрабіў некалькі крокаў і ўпаў.Пад ёю было сіняе, як неба, пакрывала. У яе вачах былі зоры, толькі цяпер іншыя. I ён гасіў і гасіў гэтыя сусветы вуснамі, а яны зноў узнікалі, і ён не мог з імі нічога зрабіць, бо яны жылі.Уся яна была тут, на ўсю даўжыню, і нікога больш не было нават у мінулым, бо гэта было тое і не тое, гэта было неймавернае шчасце, якога не бывае на зямлі.Увесь сусвет – з зорамі і дрэвамі, з Шляхам і Дняпром – запаўняў яго сэрца. Сусвет з болем і лікаваннем сціскаўся да памераў сэрца, а сэрца раптам пашырылася да памераў сусвету.I ўзышло ззянне! Ззянне, падобнае на мірыяды далёкіх і блізкіх сонцаў, якія потым сталі чорныя.Кацілася ноч. Пашыранымі ў цемры вачыма ён бачыў яе непрыкрытае цела – ногі адна на адной, закінутае аблічча і складзеныя ўздоўж тулава рукі, нібы яна ляцела да зор. А далей бачыў шаты і бясконцыя палі пад урачыстым зорным святлом.