Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

Падсаджваючы яе ў сядло і моцна цалуючы, ён сказаў:– Вось і добра. Бывай.– Бывай.Ён правёў яе позіркам, а потым пайшоў на паркавы двор, распрануўся і з асалодаю падставіў налітае маладой сілай цела пад струмені каскада. Яны свісталі ў твар, секлі ў грудзі, сплывалі па спіне. Ён толькі пырхаў.Там яго і знайшлі Выбіцкі і Мсціслаў.– Познімся, – сказаў апошні.– Паглядзі там на мой гадзіннік, – сказаў Алесь.Мсціслаў здзівіўся і спалохаўся. Ён звяраў час з секундантамі Раўбіча. Спытаў у Адама, але той забыў свой гадзіннік дома. Маеўскі пайшоў звяраць з хатнімі – тфу ты, д’ябал!– Аддасі ў наладу, – сказаў Алесь, расціраючыся.– Добра, што хоць твой не адстаў.– Ал-ле, – сказаў Адам. – Што ж рабіць?– Паездзім па палях, – сказаў Алесь. – Бач, раніца якая!...I вось яны ехалі. Туманныя дрэвы волатамі стаялі вакол, і ў кожным зіхацела сонечная вясёлка.Алесь ехаў і думаў, што ён нікога не будзе забіваць, ды яшчэ ў такую цудоўную раніцу.Гонар, вядома, ёсць гонар, але з тымі, хто сапраўды хоча прынізіць. Між ім і Франсам было непаразуменне. То што ж, забіваць яго за гэта?Франс не ведаў ягоных думак. Але Франс не ведаў і таго, што ён цяпер брат яму, Алесю, брат да смерці. Найлепшы з усіх братоў, таму што брат каханай. I іх цяпер пяцёра: Франс, Кастусь, Мсціслаў, Майка і ён.Вясёлкі стаялі ў верхавінах дрэў. Дрозд узляцеў з аднаго дрэва, абурыўшы ўніз цэлую залеву залатой вады. Заспеты гэтым патопам, заяц даў лататы з усёй моцы сваіх задніх ног.Алесь засмяяўся. Наўскач пагнаў каня па мокрай, ільсняна-чорнай лясной дарозе, праскочыў пад дрэвам і з сілаю пусціў у яго карбач. На Мсціслава і пана Адама пацягнуўся з вышыні паток струменьчыкаў, падобных на залацістую каніцель, аблытаў іх, зрабіў залацістыя валасы Маеўскага рыжымі, а буланага каня – сплова-вогненным.Ён ад’ехаў ад іх і пачаў трэсці адно дрэва на сябе. Зноў пацягнулася золата. Ён стаяў, бы пад макаўкай шатра з бліскучых ніцяў.Забіваць? Лухта! Мокрая белая сарочка халодзіць цела. Лес пахне бальзамам. Алень уцякае, бо людзі занадта шумяць.– Што ты робіш, вар’ят? – крычыць Мсціслаў.– Гэта каб Франс не заўважыў, што ў мяне цыганскі пот ад жаху.Ні ў кога не будзе цыганскага поту. Ні ў кога. Што, можа, у самага блізкага пасля Майкі чалавека, у брата? Смешачкі!Шэрыя доўгія Алесевы вочы смяяліся, увесь твар смяяўся.– Браткі, паездзім яшчэ трохі, – узмаліўся ён.– Глядзі, – сказаў пан Адам. – Занадта хочаш жыць.– Не крумкай, – сказаў Мсціслаў Маеўскі. – Лухта гэта. Вядома, паездзім....Франс яшчэ здалёк убачыў трох коннікаў, якія вырваліся з лесу.–Урэшце, – сказаў бледны Ілля. Коннік раптам спыніўся, потым усе трое пачалі набліжацца ступою.Нахабныя вочы Якубовіча сталі злосныя:– Чорт ведае што. Спазніцца на сорак пяць хвілін.– Я ж казаў: пачакаем, – абыякава сказаў Франс. – Магчыма, гадзіннік. Якубовіч засмяяўся:– Па-мойму, яны выгандлёўвалі лішнія хвіліны жыцця. – Ляснуў Франса па плячы: – Ану, куражу, хлопчык.– Правільна, што я цябе падтрымаў наконт чакання, – сказаў Ілля Франсу.Прывіталіся.– Так нельга, панове, – сказаў, выскаляючыся, Ілля.Мсціслаў паказаў гадзіннік.– А ваш, пане Загорскі?– Забыў,– паціснуў плячыма Алесь.– Што ж, панове, – сказаў гусар, – вам астаецца толькі папрасіць адзін у аднаго даравання.Франс, бледны, але спакойны, глядзеў убок і маўчаў. Горкая зморшчынка ляжала ў яго між брывамі. Загорскі адчуваў, што любіць у ім усё... I вось грымне стрэл.