Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

Мужчына, які выйшаў з глухога, як труна, пад’езда, паглядзеў вакол і сцепануўся, хутаючыся ў футра: так непамысна было вакол.Фурман Варфаламей падвёў вараных і карэту да самага ганка, і ўсё ж той, што выйшаў, ледзь не чарпануў слаты вышэй галёшаў. Фурманава рука падтрымлівала апушчаную падножку.- Добрай раніцы, Варфаламей, - з завучанай абыякавай ветлівасцю сказаў чалавек.- Раніцы добрай, Пётра Аляксандравіч, свет вы наш. Ножкі прыкрыйце. Дзьме. Ніякая не добрая тая раніца. Здароўечка каштоўнае страціце.Карэта рушыла. Сядок усміхнуўся, прыкрыў ногі запонай і адхінуў фіранку са слюдзянога акенца.Вуліцай ляцеў ці то жоўты дым, ці туман. Даносіла пахам золі, снегу і гною. Аблічча таго, што ехаў, скрывілася. Зноў цэлы дзень трэба ездзіць. Спачатку да міністра дзяржаўных маёмасцяў, якому ён абавязаны кар’ерай і ў якім, відаць, вось-вось перастане мець патрэбу. Потым, з ім, на пасяджэнне Дзяржаўнага савета. Праўдзівей - ён пакуль што не член савета, - чакаць у пакоях камісіі, пакуль не спатрэбіцца. Потым справы ў трэцім дэпартаменце міністэрства. Перад гэтым ён ледзь паспее паабедаць. А пасля дэпартамента - вечар у вялікай княгіні Гелены Паўлаўны, адзінае больш-менш прыемнае здарэнне за ўвесь дзень.Добра толькі тое, што знік з дому. У жонкі мігрэнь. Сын зноў капрызіць. Ён добры, але няўстойлівы і бязвольны, Нікс. Не ўзяў у спадчыну ягонай цвёрдасці і ягонага розуму.Што ў яго самога ёсть розум, чалавек ані хвіліны не сумняваўся. Ды так яно, бадай, і было.Чалавеку было сорак пяць год, але ён здаваўся трохі старэйшым ад даўно звыклай карэктнасці і стрыманасці. Высокі лоб, плоска прылізаныя над ім валасы, у дзіўным спалучэнні з імі - кучаравыя бакенбарды, мясістыя вялікія вушы.Твар звужаўся да падбароддзя, але яно было цяжкае. Відаць, чалавек ведаў, чаго ён хоча. Шкодзіла гэтаму ўражанню толькі іронія ў складцы рота і стомлены сум у вачах. Бровы навісалі над вачыма, высока - ля пераносся, нізка - ля скроняў. І нос навісаў на рот; калісьці просты, а цяпер абвіслы і таўставаты на канцы нос.Словам, твар паважнага бюракрата. Трывожылі толькі вочы. Іронія, сум, стома, розум, чэрствасць і няўлоўная весялосць арганічна спалучаліся ў іх. Гэта маглі быць вочы іроніка, стомленага бюракрата, дзяржаўнага мужа. Гэта былі адначасова вочы вернападданага і вочы знаўцы свету - пісьменніка. І самае дзіўнае, што так яно ўсё і было.Чалавек, што ехаў у карэце, быў Пётр Аляксандравіч Валуеў, без двух месяцаў упраўляючы міністэрствам унутраных спраў, без дзевяці месяцаў - міністр і роўна без дзевятнаццаці год - граф. Былы нястойкі ліберал, былы ўлюбёнец Мікалая Першага, а цяперашні “асвечаны кансерватар” і дырэктар двух (а ўсяго было чатыры) дэпартаментаў міністэрства дзяржаўных маёмасцяў, правая рука міністра Мураўёва, былога магілёўскага губернатара, у будучым ката Беларусі і Літвы.Варфаламей успомніў, што забыў спытаць, куды ехаць. З касцяной трубкі пачуўся пачцівы голас:- Куды везці, вашамосць?- Да міністра дзяржаўных маёмасцяў.Карэта звярнула на Мойку. За ствол голай таполі кінуўся нейкі фацэт: каб не ўквэцала брудным снегам.Пад’язджалі да дома, які саноўнік не любіў, хоць бываў у ім у гады маладосці, з нявестай, будучай першай жонкай, дачкой паэта князя Вяземскага. Ён не мог не думаць, што зрабіў добры выбар. З усёй маскоўскай моладзі Мікалай найбольш любіў яго, Валуева, і Скараціна, загадаў нават паступіць у першае аддзяленне ўласнай канцылярыі. Трэба было замацаваць прыхільнасць.