Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

Ён ведаў, усё гэта будзе голасам, які лямантуе ў пустыні, і, як раней, будзе штамп, і бюракратызм, і мярцвячына, і зноў забароняць выезд за мяжу, які накладае “домашний арест на свыше 60 миллионов верноподданных его императорского величества”.Праз два гады яго прызначылі дырэктарам другога дэпартамента. Яшчэ праз год - трэцяга. І яшчэ ён – старшыня вучонага камітэта міністэрства. І яшчэ - правая рука Мураўёва. І яшчэ - статс-сакратар. І - двойчы! - павялічаная пенсія. І штогод, да канца жыцця, пяць тысяч срэбрам, і ўзнагароды, і пакеты з “благоволениями”.У час, у час усё было зроблена. У час змагаліся разам з Мураўёвым супраць праектаў рэдакцыйных камісій аб рэформе. Але ўвесь час ён гуляў у бесстароннасць і быў “трохі-трохі не з урадам”, напрыклад, у справах польскіх, бо патрабаваў “маленечкіх” уступак палякам.Цару не спадабаліся крайнія прыгоннікі. Валуеў ледзь не памыліўся, але хутка спахапіўся. Пачаў крытыкаваць іх, пачаў хваліць меншасць, заўважаць у іх “зрелость и образование, беспристрастие и правильность взглядов”. І зноў паварот.Ён дапускаў, што яго могуць зваць “флюгерам”. Што ж, флюгера не ломіць ніякі вецер. І ён гаварыў пра неабходнасць свабоды друку, але не разумеў пад гэтым “поўнага прастору для развіцця матэрыялізму і дэмакратычнай прапаганды”. Гаварыў пра неабходнасць уступак палякам, але казаў, што польскае пытанне можна вырашыць не ў Варшаве, а толькі ў Маскве і ў Пецярбургу.Не любіў Мураўёва, але не падаваў выгляду. Мураўёў пакуль што быў моцны, Мураўёў мог яшчэ дапамагчы Валуеву і лічыў выхаванага і адданага чалавека, які ўсім, многім, быў яму абавязаны, сваёй крэатурай.Мураўёў рабіў глупства. Не ведаў сапраўдных адносін крэатуры. Крэатура лічыла, што чалавеку, якому шэсцьдзесят пяць год, даўно трэба саступіць сваё месца.І амаль з радасцю Валуеў адчуў, што за апошні час зорка Мураўёва цьмянее. Гасудар быў халодны з ім. Пры нядаўнім дакладзе не падаў яму рукі. А ці даўно лісіца Клейнміхель называў Мураўёва “агульным збавіцелем”?Вось яно! Амаль з прагай ён лавіў гэтыя адзнакі няміласці. Нават для гасудара Мураўёў стаў ці не занадта правы. Гнуткасці палітычнай няма. Дык ідзі ж у адстаўку. І ўсё ж, нават калі пойдзе ў адстаўку - адносін занадта не псаваць. Такія часам прыдаюцца ўладам. Калі ўлады пачынаюць забываць аб лібералізме. Тады якраз і патрэбны людзі са стальнымі сківіцамі....Коні мясілі брудны снег на Ліцейным. Дворнікі ледзь паспявалі зграбаць яго ў кучы, але на бруку ўсё адно была каша. Валуеў глядзеў у акно. Ішлі мадысткі, хаваючы кардонкі пад плашчамі. Стаяў сокры, відаць сухотны, італьянец, прадаваў з латка гіпсавых напалеонаў і бісквітных голых жанчын. Па статуэтках кроплямі сцякала вада. Дырэктар успомніў, што на Беласточчыне ўзнікла дзіўная секта пад назвай “напалеонаўшчына”. Людзі патаемна збіраліся і маліліся перад бюстам Напалеона. Тое самае перакінулася і на Пскоўшчыну. Ідыёцкая краіна! У што б ні верыць, абы не ў добрыя намеры імператара. Сектантаў Валуеў ненавідзеў. Таксама ён цярпець не мог раскольнікаў. Уся гэтая публіка - хай сабе і руская паходжаннем - не была рускай. Назву “рускі” маглі з поўным правам насіць толькі тыя людзі, што моляцца ў Ісакіі (хаця ён і змрочны, як склеп), у дварцовай і Канюшаннай царквах. Трохі падазроныя былі нават людзі, што маліліся ў Петрапаўлаўцы. Вядома, гэта магільня імператараў, але Валуеў не ўхваляў гэтых чужых па стылю збудаванняў, гэтых галандска-нямецкіх штучак вялікага