Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

Зноў пачыналася “размова аўгураў”. Яна была непрыемная Валуеву, але мусіў цярпець. Даносу і плётак не будзе. Па-першае, дваране і людзі свайго саноўнага кола, па-другое, удваіх. Зеляной не выпрабоўваў, ён не шэф жандараў, ён проста зневажальнік, патаемны брыдкаслоў і аматар адвесці душу. І ён пакуль што моцны.Твар Зелянога быў рэзкі:- Я вам скажу чаму. Ва ўсіх іх - дынастычны недавер да рускіх людзей. Людзі нямецкай крыві.Гэта ўсім было вядома, але Валуеў сказаў з іранічнай усмешкай, якая не пратэставала, а нібы згаджалася:- Злітуйцеся. Раманавы?- Што зробіш. Нават калі лічыць, што Павел быў сын Салтыкова, і то ў жылах гасудара адна восьмая рускай крыві. А іначай - ані кроплі.- Мы з вамі ведаем, кроў лічыцца не працэнтамі, як у іншых. Радавы дух, вось што галоўнае. Нават калі з пакалення ў пакаленне яны жаніліся б на камчадалках - усё адно, корань жа аднекуль ідзе? І гэта корань Раманавых. Вы ж не перастаеце быць Зеляным, хоць вашы продкі з пакалення ў пакаленне жаніліся на жанчынах іншых прозвішчаў.Сказана было ўдала. Зеляной прыжмурыўся ад асалоды. З Валуевым можна было мець справу: il a de l’esprit - вастраслоў, дасціпнік.Валуеў вырашыў усё ж і сам сказаць вольнасць. Няма чаго занадта стрымлівацца. Вольнасць у людзей, так звязаных адзін з адным, у людзей, небяспечных адзін для аднаго, узмацняе давер:- Хоць, вядома, я дорага даў бы, каб усё гэта мела выгляд большай смеласці... Што міністр?Ён ведаў, адчуваў, што Зеляной непрыкметна падкопваецца пад шэфа, і не зазнаваў з гэтай прычыны ні абурэння, ні ўхвалення. Усё было вельмі звычайна і так, як мае быць. Ён занадта добра ведаў, што за гэтымі ўсмешкамі, даверам, агульным сваяцтвам, балямі і запэўненнямі ў сяброўстве - увесь час другім фонам ідзе патаемная вайна: самае сапраўднае капанне траншэй, падводка мін, папяровыя стрэлы з-за вугла.- Ён мне не падабаецца, - сказаў Зеляной. - Скажу вам па сакрэту, яго песенька спета. Хоць, паверце, мне шкада. Мне вельмі шкада. Вы ведаеце, я столькі абавязаны Міхаілу Мікалаевічу.- Усе мы абавязаны яму, - з прыстойнай журбой сказаў Валуеў. - Усім шкада.Яны зірнулі адзін аднаму ў вочы і лішні раз упэўніліся, што ўсё разумеюць і што можна гаварыць далей.- Ведаеце, пры апошнім дакладзе гасудар амаль сказаў Мураўёву, што не жадае мець яго міністрам, - сумна сказаў Зеляной. - Міністэрства дзяржаўных маёмасцяў нібыта можа абысціся без яго.Без года міністр дзяржаўных маёмасцяў зірнуў на без дзевяці месяцаў міністра ўнутраных спраў і ўбачыў, што Валуеў разумее яго і не здзіўляецца.- Вось як? - сказаў Валуеў.- Так, - сказаў Зеляной. - Ён з гневам і ўдарыўшы па стале сказаў, што не дазволіць міністрам процідзейнічаць выкананню зацверджаных ім пастаноў па сялянскай справе і што ўпраўляючыя палатамі дзяржаўных маёмасцей павінны дапамагаць, а не працівіцца выкананню гэтых пастаноў.- Бедны Міхаіл Мікалаевіч, - спачувальна сказаў Валуеў. - Вось і май пасля гэтага ўласную думку...Вочы іхнія адначасова сказалі: “Мы-то з вамі не зрабілі б гэтага. Стары выжыў з розуму. Яму здаецца часам, што гэта ён - цар, а з імператарам, няхай і бязвольным, але капрызным, так не жартуюць”.Уголас Зеляной сказаў з выглядам душы-хлопца, які ўсім рэжа праўду-матку (яму гэтая маска пасавала, як Валуеву - маска крытыкана і ліберала, рупліўца аб Расіі, і ён трымаўся за яе так, што яна прырасла да аблічча):- І нас з вамі тое самае чакае, Пётр Аляксандравіч. Самастойныя мы занадта, на павадку хадзіць не любім.