Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

Абодва ведалі: калі іх што і зваліць, то чарговы падкоп сяброў, але думаць аб самастойнасці абодвум было прыемна.- Відаць, вялікі князь Канстанцін абудзіў у гасудару гэтую думку аб процідзеянні міністра дзяржаўных маёмасцяў і яго падначаленых, - задумліва сказаў Валуеў. - Мураўёў сябе трымае з большай годнасцю і спакоем, чым звычайна.- О, ён дзівосны! Ён сказаў, што воля яго вялікасці будзе свята спаўняцца і што, калі ён, міністр, знойдзе, што прыняцце нейкіх там мер пярэчыць яго сумленню і перакананням, ён будзе прасіць звольніць яго ад абавязку выконваць такія загады. Гасудар на гэта не сказаў ні-чо-га. Толькі “бывайце”.- Што Мураўёў? - спытаў Валуеў.- Ён дома напісаў ліст да гасудара з просьбаю аб звальненні.Зеляной уздыхнуў і са скрухай развёў рукамі: - Мне яго шкада. Я даў яму параду не пасылаць ліста да наступнага даклада, каб спаўна пераканацца, што выяўлены гасударам настрой розуму не быў хвіліннай успышкай, якую выклікалі нагаворы.- Я заўсёды ведаў, што вы чалавек зычлівы, - сказаў Валуеў.- А вы - справядлівы, - пранікнёна сказаў Зеляной. - І добра думаеце аб людзях.З цеплынёй заглядаючы адзін аднаму ў вочы, яны горача патрэслі рукі і разышліся, увогуле задаволеныя сабой. Размова была на вышэйшым узроўні, тая размова, вытанчаная і з соллю, у якой словы не азначаюць нічога і ўсё азначае падспуднае веданне намераў і сіл субяседніка....Вокны кабінета былі завешаны лілаватымі шторамі. Скупа палаў камін. Бюракратычныя, дробна пікіраваныя скураныя крэслы і дзверы, строгі стол з абцягнутай зялёным сукном верхняй дошкай, цяжкія кандэлябры, падобны на стаячую труну англійскі гадзіннік у куце.Шэф устаў з крэсла. І Валуеў, як заўсёды, спалохаўся, як бы не выдаць яму непрыемнага пачуцця, чымсьці падобнага на жах.У начным святле гэтага каміна, у ліловых водсветах штор шэф быў страшны, і тым больш ветліва, з перабольшанай прыхільнасцю ўсміхнуўся яму Валуеў.Кароткапалая рука шэфа рыўцом працягнулася, сціснула, нібы злавіла, руку падначаленага. І тым больш дзіўны быў пасля гэтага голас шэфа, голас ветлівага гаспадара, хлебасола, трохі правінцыяльнага аматара пасядзець ля агню з піпкай ды чарачкай кменнай (“Каньяк - ну яго! Заморская штучка!”), у расшпіленым мундзіры:- Сядайце, Пётр Аляксандравіч. Вып’еце па надвор’ю?І хоць піць з раніцы было дрэнным тонам, Валуеў не палічыў за магчымае адмовіцца. Шэф цярпець не мог правіл і парушаў іх як мог, ён увогуле выкрасліў слова “шокінг” са свайго лексікону.- Апошнія дні дажываем, - сказаў Мураўёў. - Вось-вось адмена. А што там?І падначалены падумаў, што той гаворыць пра сябе, а не пра прыгон.Яны маўчалі. Ні ў кога Валуеў не бачыў такіх разумных, непрыемна разумных вачэй. А можа, гэта здавалася па кантрасту з абліччам міністра. Гэта было - нібы выпаўзла з зямлі, з апраметнай, абрыдлівая і страшная пачвара, уся яшчэ слізкая ад свайго ходу пад зямлёй. І раптам узняла цяжкія, бы ў Вія, павекі і зірнула, нечакана да жаху, неверагодна чалавечымі вачыма.Твар гэты здаваўся яшчэ больш страшны, бо выступаў, як на карцінах Рэмбранта, жаўтавата-аранжавай плямай з цемрыва. І блікі агню скакалі па ім. Як сякерай высечаны, тлусты і па-старэчы ўжо друзлы, шырокі, з цяжкім падбароддзем, тупым носам і грубым вялікім ротам твар. Жорсткія бачкі, металічна-шэрая скура, нізкі лоб з жорсткімі, як конскае грэбла, валасамі над ім.Цяжка, як у сабакі, звісалі ніжэй сківіцы брылы шчок. І на гэтай абрыдлівай масцы свяціліся пранізліва-разумныя вочкі, адзіна чалавечае, што на ёй было.