Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

Валуеў успомніў, як характарызаваў міністра Фёдар Берг, які Мураўёва цярпець не мог. Усеўладны генерал-губернатар фінлядскай сатрапіі вастрасловіў з міністра, пацяшаўся з яго аблічча, з гэтай круглай галавы, з вялых, як вялізныя пельмені, вушэй:- Кожнаму сваё, панове. Калі на партрэце Ярмолава захінуць мундзір, пакінуўшы адну галаву, атрымаецца леў. Калі на партрэце Мураўёва захінуць мундзір, атрымаецца бульдог.Ды не, гэта быў не бульдог. Гэта было страшней.- Чулі? - дабрадушна спытаў шэф.- Чуў, - не палічыў за магчымае хавацца падначалены.- Вось яно як, Пётр Аляксандравіч. Вось і падзяка. Воля гасудара адмяняць законы, але, пакуль не адмяніў, павінен ён ім падпарадкоўвацца? Вось жа! Нічога. Зазнаеце гэта і вы, і вам прыйдзе час ехаць да вашага Нікса, як я вось зараз паеду да свайго сына Мікалая ў Разань. “Хто такі?” - спытаюць. “Цс-с, бацька губернатара, былы міністр, былы губернатар, муж Пелагеі Шарамецевай. А цяпер саджае капусту ды шампіньёны разводзіць”.- Што вы, Міхаіл Мікалаевіч, вы ж іх цярпець не можаце.- Мала чаго я цяр-пець не ма-гу. Не пытаюць. Не пытаюць пра гэта-с. Верныя слугі імперыі цяпер у Парыжы грошыкі прафукваюць. Як княгіня Баграціён. Чулі, што Пален сказаў? Qu’une colonne ennemie I’avait coupee a la bataille d’Austerlitz at que depuis elle n’avait pas reussi a se degager1. Дык гэта жанчына! А мужчыны?- На вашым месцы я пачакаў бы адкрыцця новага камітэта вясковых абываталяў.Апусціліся і потым ускінуліся цяжкія павекі. Рот, падобны на трэшчыну, заварушыўся:- Mais vous concevez qu’il m’est plus avantageux de m’en aller plutot. Il faut mieux etre dehors avant la bagarre2.На хвіліну ў душы Валуева варухнулася думка: “А сапраўды, ці варта рабіць кар’еру, калі непазбежны такі канец?” Але ён ад гэтай думкі адмахнуўся і забыў. Раз і назаўсёды.Узыходзячая зорка сціпла апусціла веі перад няшчасцем заходзячай. І раптам Валуева ўразіў дзіўны гук.Міністр смяяўся:- Лухта ўсё, лухта. Без пары гэта яны са мной задумалі. Прыходзіць час, калі кожныя верныя рукі на вагу золата. А гэтыя - асабліва. Што яны могуць - ніхто не можа. Не вар’ят жа Арлоў, не сонны ж Блудаў, не лібералішка Мілюцін? Лухта ўсё!Голас быў такі незвычайны, нібы нават трыумфуючы; так гарэлі вочы, што Валуеў падумаў: “Гэты чалавек ведае нешта такое, чаго не ведаем мы”.- Я на вашым месцы не спяшаўся б ісці.- Нашто? Няхай паклічуць. Галава не адваліцца... Дні страшныя ідуць, Пётр Аляксандравіч. У-у, якая ідзе навальніца!..Шараватае, аранжавае ад агню і друзлае аблічча ўсміхалася. Вочы глядзелі паўз субяседніка, некуды ўдалячынь.- Даскакаліся. Даліберальнічаліся.- Вы нешта ведаеце, Міхаіл Мікалаевіч?- А вы не чулі? Беспарадкі ў Варшаве, - вусны Мураўёва склаліся ў сарданічную ўсмешку. - Палячышкі хацелі адслужыць, а мо і адслужылі, трызну па забітых у Грахоўскай бітве. Вось так. Вымушаны былі страляць. І страляюць дагэтуль. Мы цяпер не лібералы. Пляваць Еўропе на тое, што мы мужычкоў вызваляем. Нас, прабачце, у непрыгляднай галізне па свету пусцілі. Мы цяпер прыгнятальнікі народаў, як скінуты сіцылійскі Бурбон, як аўстрыйскі кароль, што здзекуецца з венграў. Даскакаліся, мілы Пётр Аляксандравіч... Каменні ў войска кідалі. Войска дало залп. Ёсць параненыя і шасцёра забітых.Зноў заварушыўся ва ўсмешцы рот. Як трэшчына ў шэрай скале.- Пачалі, галубочкі. Ці не занадта толькі рана.- Як жа яно там было? - задумліва сказаў Валуеў.У Варшаве між тым было страшна.Даўно прыдушаны народ не мог больш цярпець палітыкі нязначных ільгот. Ён хацеў зямлі - яму давалі дазвол на арганізацыю Зямельнага таварыства (займайцеся, панове, аграноміяй!). Ён патрабаваў свабоды - урад дазваляў вярнуцца сасланым у Сібір. Ён жадаў незалежнасці сваёй радзімы - давалі амністыю для эмігрантаў.