Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

І таму, перш за ўсё рупячыся аб парадку, яны арганізавалі грамадзянскую варту, якой пачаў кіраваць Рупрэхт, як чалавек, бліжэй за ўсё знаёмы са смерцю.Варта навяла парадак. Суровыя санкюлоты са студэнтаў (порткі іхнія, сапраўды, прымушалі чакаць лепшага), засунуўшы за стужкі капелюшоў пасведчанні, хапалі на вуліцах людзей пасля каменданцкага часу і цягнулі іх у купецкую зборню (do Resursy), не шкадуючы па дарозе кухталёў і іншых “дабротаў”. Асабліва даставалі п’яныя, якія крычалі, што ў цытадэлі мала войска, або цвярозыя, якія казалі, што цяпер якраз час узяць царызм за глотку. Іх звалі правакатарамі, якія хочуць крыві ў час, калі вось-вось будуць рэформы, і “агентамі Масквы”, хоць Масква аб гэтым, дальбог, нічога не ведала.Грамадзянская варта раззбройвала рабочыя ўскраіны, адбірала ўсё, чым можна калоць або рэзаць.Рэвалюцыя на вачах рабілася буржуазнай. І самае дзіўнае, што хлопцы з варты дзейнічалі так з самых чыстых намераў.Зборня адпускала затрыманых. Але часам “агентаў Масквы” разам са зброяй выдавалі жандарам, і тады “агентаў” (пэўна, за няспрытнасць) судзілі і высылалі не бліжэй Арэнбурга і не далей Нарыльска. Імперыя жартаваць не звыкла.Забітых на дэманстрацыі пахавалі, як магнатаў. Уладары хоць якой-кольвечы маёмасці атрымалі некаторыя прывілеі на абарону яе. Рэфармаваны быў гандлёвы трыбунал, у які цяпер увайшлі і яўрэі (выключна гуманная мера, асабліва калі ўлічыць, што тысячы іх местачковых братоў - шаўцоў, лудзільшчыкаў і іншых - па-ранейшаму жывацелі ў самай гаротнай беднасці). Рамеснікам-яўрэям з горада хоць дазволілі запісвацца ў цэхі (якія і так задыхаліся ад недахопу працы). Яўрэі-местачкоўцы не атрымалі нічога, урэшце, так, як і хрысціяне. Банкіры заклалі першую цагліну ў падмурак братэрства народаў і роўнасці іх перад нэндзай і галечай.Былі некаторыя палёгкі ў сэнсе права, было імгненне палёгкі палітычнай - кароценькае, з заечы хвост.На вачах простага люду банкіры ягонай крывёй купілі багацце, пашану і грошы сабе. Не першы і не апошні раз.Гандлявалі, аднак, не толькі фінансісты. Свой кавалак хацела выдзерці з зубоў цара і магнацтва. Яно не магло выступіць супраць рэформы, якая была яму выгадна. Значыцца, трэба было патрабаваць нацыянальных ільгот, каб хоць не шчаміліся ў іхнія рахункі з мужыкамі беларусы, кацапы ды немцы. У імя таго, каб скінуць з вагаў беларускую буржуазію, якая толькі нараджалася, але была жвавая і ўчэпістая, магнаты нават адмовіліся ад “Заходняга краю”, усталяваўшы мяжу каралеўства2 па Бугу.Потым, калі пачаў плысці парахавы дым і з агульнай колькасці паўстанцаў у шэсцьдзесят тысяч было не менш як дваццаць пяць тысяч беларусаў, магнаты ўжо ніколі не казалі гэтага.Праект Веляпольскага, аднак, адкінулі самі магнаты. Ён быў занадта канкрэтны: патрабаваў свайго сената, сейма, сваёй арміі. Яны ведалі: гэтага не дазволяць. Ды яны і пабойваліся рэвалюцыйнай сітуацыі.Магнаты ўхвалілі другі праект, праект Эдмунда Ставіскага, які вызначаўся поўнай бездапаможнасцю і не меў нічога канкрэтнага: так, некалькі аркушаў паперы, спісаных прыгожымі словамі. Хвалілі Польшчу і адначасова дыгалі ножкай перад царызмам.Цар прыняў і надрукаваў адрас. Ён не мог рызыкаваць, не мог згадзіцца, каб у такі навальнічны час узбунтаваліся яшчэ і палякі. Тым больш што праект Ставіскага не патрабаваў ніякай рэвалюцыі. Проста самаўладцу гаварылі такія словы, якіх ён дагэтуль не чуў.