Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

Чаша з віном ля вуснаў. І вось яе рука ў ягонай руцэ. Невядома адкуль з’явілася раптам радасць. Толькі адзін дотык рукі вярнуў яе, і цяпер ужо назаўсёды… назаўсёды… назаўсёды… Ён паўтараў гэтае слова, як клятву.Абкружылі сябры. Пайшлі ў іх атачэнні да прыступак на хоры. Узняліся амаль на палову вінтавых сходаў, калі знізу, ад дзвярэй, даляцеў поўны і гулкі, бы ў бочку, гук: ударылі чымьсці цяжкім.…З вышыні галерэі яны ўбачылі паплямаваны паходнямі поплаў і коннікаў. Чалавек пяцьдзесят.Ля самых дзвярэй у царкву стаяў дзіўна кароткі – з вышыні – Франс Раўбіч. Трохі далей, ля коней, стаялі малады і стары Хаданскія. Яшчэ далей – Раўбічава шляхта, Браніборскі, яшчэ і яшчэ людзі, Мнішак.Апошні сустрэўся вачыма з вачыма Янкі Клейны, крэкнуў і, махнуўшы рукою, павёў каня з паплаўца. Астатнія стаялі.– Адчыні, – сказаў бляднейшы, чым заўсёды, Франс.– Што табе трэба, Франс? – спытаў Алесь.– Злодзей, – сціснутым голасам сказаў Франс.Магчыма, ён і не сказаў бы гэтага, каб не пёк сорам перад Хаданскімі.– Злодзей цяпер ты, – спакойна сказаў Алесь. – Тут няма цяпер Майкі Раўбіч. Тут ёсць мая жонка перад богам і людзьмі – Міхаліна Загорская… Я раю табе лепей ехаць дадому, Франс. Мы можам сустрэцца потым, калі хочаш.Франс развёў рукамі.– Відаць, досыць, – сказаў ён. – Давайце бярвенні, людзі.– Не рабі гэтага, – сказаў Алесь. – Не рабі таго, аб чым пашкадуеш. Я люблю цябе, браце. Ты сапраўды цяпер мой брат. Не я завёў тую свару. Я заўсёды хацеў, каб быў мір. Нам абрыдла, што з-за дурной спрэчкі гінуць лепшыя нашы гады. І таму я вымушаны быў пайсці на гэта, хоць я вельмі шкадую, Франс. І я прашу твайго даравання.Раўбіч, здаецца, не ведаў, што яму казаць.– Бач, запяяў, – сказаў, – сказаў Ілля Хаданскі.– Я не баязлівец, Франс, ты ведаеш. Я проста хачу міру. Не крыўдзь сваёй сястры, а маёй жонкі. – Досыць, Франс, – сказаў стары Хаданскі. – Ты можаш ісці. За крыўды адплацім мы.– Як? – спытаў Франс.– Яна зробіцца ўдавой Загорскага, не паспеўшы зрабіцца жонкай.Алесь змрочна кінуў:– Я не хачу і тваёй крыві. А ты, Франс, запамятай: што б ні здарылася, я ніколі не стану страляць у цябе. Мне дарагая мая жонка.– А калі стрэлю я? – спытаў Франс.Алесь паціснуў плячыма.

– Не прыніжайся, – раўнуў раптам Мсціслаў.

– Я не прыніжаюся, ты бачыш.

– Мы яму не дамо расстрэльваць цябе, – пачырванеў Паўлюк. – Я буду страляць. Чуеш, я?!

– Чуеш, Франс? – сказаў Алесь. – Магчыма, яны. Але не я.

– Адчыні, – сказаў Раўбіч, – не заўдавай сабе ганьбы.

– Я не магу гэтага зрабіць, – спакойна сказаў Алесь. – Я не веру вунь тым. Я схіліў на гэтую справу сяброў і адказваю за іхняе жыццё і бяспеку.Франс адышоў прэч ад царквы. Нешта горача казаў яму Ілля Хаданскі. Раўбіч ашчаперыў рукамі галаву. Хаданскі казаў далей. Франс ківаў галавою. Потым глыбока ўздыхнуў і агледзеў вежы і гульбішча царквы.

– Франс, – сказаў Алесь, – адумайся, пакуль не позна.Замест адказу пралунаў стрэл з купкі дваран ля старога Хаданскага. Паляцела грубая жоўтая атынкоўкаля галавы Алеся.У адказ галерэя залапатала нягучнымі стрэламі.– Людзі! Людзі! Адумайцеся! – гарлаў Алесь. – Што вы робіце? Людзі!Замалаціла свінцовым бобам па свінцовых чарапіцах над галавой.Мсціслаў сунуў у Алесевы рукі стрэльбу.