Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

Перамога варшаўскага руху была, такім чынам, хутчэй маральная. Буржуазія, мяшчанства, гарадскі плебс упершыню адчулі, што не адной шляхце абпальваць палітычныя гаршкі, што яны - таксама сіла. І менавіта таму, што яны былі сіла, намеснік Гарчакоў і магнаты кішэні так лёгка дамовіліся між сабою.Плебсу не хапала правадыра. Не хапала Траўгута, не хапала Каліноўскага, не хапала тых, што двума гадамі пазней узялі ў свае маладыя непрымірымыя рукі стырно паўстання. І таму люд варшаўскі быў надзіва памяркоўны, хоць у душы, вядома, хацеў большага.Проста не было каму сказаць за яго. А імператар ахвотна падпісаў 26 сакавіка рэскрыпт аб рэформах у Польшчы, і на гэтым і ён і паны супакоіліся. Адзінае, што тут было добра, - невялікая колькасць ахвяр, якімі давялося заплаціць за гэтыя рэформы.Рэвалюцыя так і не стала рэвалюцыяй.Быў потым, праўда, яшчэ адзін “эксцэс”, але ён ужо нічога не мог змяніць. Гарчакоў баяўся, што агалошанне новых правоў выкліча непарадкі. Загадалі біць у барабаны, каб людзі не збіраліся ў натоўпы і сядзелі па дамах. І сапраўды, на ўсіх падаўленнях менавіта так, громам барабанаў, прымушалі дрыжаць чалавечыя сэрцы: пошчак так нагадваў залпы. Варшавяне, аднак, не ведалі гэтага. Наадварот, яны палічылі грукат за запрашэнне да збораў. І людзі даверліва ішлі да намесніцкага палаца і ратушы, каб паслухаць, што там агалосяць, на людзей паглядзець і сябе паказаць. Гэта было падобна на непаслухмянства, але яны аб гэтым не думалі. І не думаў аб тым генерал Сцяпан Хрулёў, былы ўдзельнік севастопальскай абароны, а цяпер камандзір другога армейскага корпуса. Ён і сваю мову ведаў хіба што толькі каб гаварыць аб статутах і тактыцы, а польскую - і пагатоў. Слова obebnic1 азначала для яго толькі “ударыць у барабан”, і ён занадта добра помніў, што барабан ужываюць перад пакараннем смерцю або атакай.Тысячы вачэй, нічога не чакаючы, глядзелі на салдат і рыхтаваліся слухаць.Ударылі перуны. Вуліцамі пацягнуўся дым. Было некалькі соцень параненых. Сёй-той сканаў у шпіталі.Атрымалася маленькая памылачка.Далейшага бунту не адбылося. У раззброеных людзей не было правадыра. Вялікія паны здрадзілі ім, і дзень восьмага сакавіка назаўсёды пасяліў у простых людзях гнеў і недавер.Так здарылася ў Варшаве. Але ўсё гэта здарылася пазней.- Як жа яно там было? - задуменна паўтарыў Валуеў.- Даведаемся, - сказаў Мураўёў.Яны маўчалі. Ліловае святло з-за штор рабіла твар шэфа трупным.- Бунт, - сказаў Мураўёў. - І глядзіце, каб ён не зачапіў Беларусь. Я гэтую публіку ведаю. Сам калісьці падчас апошняга паўстання магілёўцам магілаю пагразіў і суняў. Шчасце, што тады не ўсталі магутныя беларускія рады ды мужыкі. Быў там такі “чырвоны князь-карбанарый”, Загорскі-Вежа. Глядзеў на нашу калатэчу звысака, як сам пан-бог: “Ну-ну, маўляў, варушыцеся”. А я аб адным маліў: хоць бы ўсе гэтыя Загорскія, Ракутовічы ды іншыя не паўсталі.Не паўсталі тады. Але з таго часу шмат змянілася. Усе гэтыя паны Чарнышэўскія, Страхавы, Дабралюбавы - спяць і сняць сімпатычненькіх братоў-беларусаў. Філія герцэнаўскай канторы. Узрадаваліся магчымасці стварыць яшчэ і асобную беларускую нацыянальнасць... На пустым месцы такі намер не ўзрасце. Літаратура ў іх, у беларусаў, свая з’явілася, гурткі, вучоныя свае. Хутка з’явіцца і свае камуністы-дэматраты. А значыць - давядзецца страляць. І таму я за сябе спакойны, нават пры цяперашняй падзяцы за верную маю службу.