Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

- Я разумею вас, - сказаў Валуеў.- Гэта навалач раней пастаўляла нам арыстакратаў, цяпер будзе пастаўляць мяцежнікаў.Валуеў не даў зразумець, што смяротна пакрыўджаны, і вырашыў, што ён гэта Мураўёву папомніць. Шэф не мог не разумець, што сказаў страшэнную нетактоўнасць. Ён не мог не ведаць аб паходжанні самога імператара і яго, Валуева. Раманавы паходзілі ад беларускага роду Кабылаў. Ён, Валуеў, паходзіў ад беларускага баярына Вала, што перабег на службу да маскоўскіх князёў яшчэ перад кулікоўскай бітвай: пакрыўдзілі, не мог па худароднасці разлічваць на поспех.Валуеў успомніў ананімны жарт (ён меркаваў, што сказаў гэта Храптовіч з міністэрства замежных спраў): “Вось выслужыцца ён, чакайце. Будуць Вол і Кабыла ў адной запражцы”.Не варта было так жартаваць. Жартаўнік быў упэўнены ў сваёй бяспецы: ведаў, што такога ніхто не асмеліцца данесці цару.Валуеў ведаў: слова - страшная зброя. Ён сам не задумаўся знішчыць рэпутацыю міністра замежных спраў Несельродэ адным словам: “Нарадзіўся ад германскіх бацькоў у Лісабонскім порце на англійскім караблі, хрышчаны па англіканскаму абраду”. Канцлер сапраўды быў няўдзячнае быдла: трыццаць дзевяць год запраўляў замежнымі справамі імперыі, ды так і не ўдасужыўся вывучыць хоць слова па-руску.І ўсё ж Мураўёву не варта было так жартаваць.Падначалены яшчэ не звык да таго, што ніхто больш не ненавідзіць адзін аднаго, чым калегі па служэнню адной імперыі, адной ідэі, адной асобе.Аб паходжанні сваім дырэктар ніколі не забываў. І таму, што паходзіў адтуль, не любіў старога гнязда, як часам выскачка не любіць хаты, дзе нарадзіўся. І адчуваў, што і гасудар не любіць Беларусі за тое самае. Тамтэйшая арыстакратыя занадта сведчыла супраць ягонай худароднасці. Ён не любіў і падсвядома помсціў за гэта зямлі, адкуль выйшаў, хоць і не прызнаўся б у гэтым нават сабе. Таму Валуеў таксама хацеў для гэтай зямлі далейшага зла. А далейшае зло маглі спыніць толькі ўступкі. І Валуеў пазней чыніў усялякае зло з нянавісцю і запалам рэнегата.Ён з радасцю падумаў, што Мураўёву, хоць часова, ляцець потырч галавою. Ён ведаў, як не ўхваліў гасудар на дзяржаўным пасяджэнні 9 лютага дзеянняў Мураўёва, што разам з графам Строганавым прагаласаваў, каб “вольныя” сяляне, уступаючы ў шлюб, прасілі на тое дазволу памешчыкаў: “Не так грошы, як гонар”. І ясна, што гасудар ледзь не накрычаў на іх. У шлюбным пытанні саступіць лягчэй, чым у зямельным. Не хапала яшчэ чапляцца за такую лухту! І без таго абрэзалі рэформу да непазнавальнасці.Ах і добра будзе, калі ён паляціць. І ён з усмешкай успомніў, як князь Арлоў (станістая постаць, суровае аблічча, але рухаюцца толькі рукі і галава, а тулава - як каменнае torso ў крэслах, а позірк часам разумны, а часам блукае, бы ў вар’ята) сказаў пра Мураўёва:- Ён разумнейшы за ўсіх іх, але глядзіць то наперад, то назад, то па баках, абы толькі сабе не пашкодзіць.Мураўёў між тым бурчаў словы, якія нічога не азначалі, акрамя раздражнення:- Міністры. Плуцягі... Чэўкін хаця б... Il n’est pas considere; il a de lesprit; il est bossu. Cette araignee a une constitution dans sa dosse1.І хоць лічыць міністраў канстытуцыяналістамі было несправядліва ў вышэйшай ступені - Валуеў засмяяўся.- А Рыбап’ер? - бурчаў Мураўёў. - Не Рыбап’еры яны, а Рабесп’еры.“Гэ, - падумаў Валуеў, - ды ты ніжэй усякай крытыкі”.А сам сабе вырашыў, што на рауце ў вялікай княгіні скажа аб ім (а магчыма, і ў дзённік запіша, каб ведалі ягоную памяркоўнасць) прыблізна так: