Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

- Бедны Міхаіл Мікалаевіч. Жудасна яму даводзіцца. Дзе ранейшы апломб і ранейшая ўпэўненасць у поспеху ўсепадданых дакладаў?Гэта ўзвысіць яго, Валуева, і запэўніць усіх у ягонай бесстароннасці.Было тым часам адзінаццаць, а ў дванаццаць пачыналася пасяджэнне Дзяржаўнага савета. Яны рушылі да выхада. Валуеў перадаў звычайныя свецкія плёткі, каб шэф не заўважыў заклапочанасці.- Сёння да мяне заязджаў ваенны міністр2. Ён ледзь не больш чырвоны за брата. Ва ўсякім разе, больш жоўчны. Я яму сказаў, што нельга аб’яўляць вызвалення на масленіцу, калі ўсе п’яныя. Ведаеце, які адказ?- Але?- “Дык што ж, скарбу і адкупшчыкам будзе больш даходу”....Цяпер яны ехалі ў адной карэце. Карэта падначаленага кацілася пустая за карэтай шэфа.

Валуеў глядзеў у акно. На скрыжаванні вуліц давялося на хвіліну спыніцца. Паўз карэты ішлі прахожыя. Два з іх прыцягнулі да сябе ягоную ўвагу. Адзін - мужнай і ўзнёслай прыгажосцю. Другі, ніжэйшы, - асіметрычнымі вачыма на цяжкаватым абліччы.Вочы сустрэліся. І прахожыя не адвялі іх, пакуль карэта не кранулася.“Зусім юныя, - з нечаканым неспакоем падумаў Валуеў. - Але якія вочы. Якая мужная і неспакойная прыгажосць у аднаго. І які страшны ў сваёй суцэльнасці, здатны на ўсё твар у другога”.Ён быў фізіягнаміст і часта раздумваў над абліччамі сустрэчных:- У-у, якія вочы!- Хто такі? - спытаў у Кастуся Загорскі.- Не ведаю. Нейкая брыда. А вось у спадарожніка ягонага - вось гэта аблічча. Як гіена. Хацеў бы я ведаць, хто гэта такі.- Хадзем, браце. Нас чакаюць.Яны паскорылі крокі.Валуеў хадзіў па перадпакоі, чакаючы, пакуль яго выклічуць даваць звесткі па сельскай гаспадарцы. Ён ведаў, што гасудар зараз пачынае пасяджэнне кароткай прамовай, у якой нагадвае аб папярэдніх фазах сялянскай справы і паўтарае патрабаванні, каб справу разгледзелі без зацяжак.І хоць ён ведаў, што потым прачытае чарнавік прамовы, яму было непрыемна і суцяшала яго толькі тое, што хутка і ён, Валуеў, будзе сядзець сярод членаў савета, а для некаторых гэтая магчымасць днямі скончыцца, і таму яму, Валуеву, лепей, бо для яго яшчэ ўсё наперадзе. Валуеў ведаў: чакаць доўга, не менш як да пяці-шасці гадзін, і нудзіўся. Часам, праходзячы паўз дзверы, чуў галасы.Ага, Гарчакоў паўстае супраць парушэння дваранскіх правоў. Строганаў і Гагарын падтрымліваюць яго. Паважаныя старыя ў сівізне. Пляшывыя малпы.Мураўёў трымаецца за сваё. Не навучыўся нічому. Як, напэўна, халодна глядзіць на яго імператар. Валуеў усміхнуўся....Вось бледны фантан слоў Аненкава. Нібы скардзіцца. Расказвае нешта аб саратаўскім памешчыку з севастопальскіх герояў.

- Севастопальскі герой, ваша вялікасць. Яму належыць выдаць дачку, а праект рэдакцыйных камісій зробіць з яго жабрака.Каму цяпер справа да саратаўскіх памешчыкаў. Ёлуп! А сорак пяць чалавек, акрамя гасудара, у тым ліку тры вялікія князі і прынц Альдэнбургскі слухаюць.Вось зараз выступае граф Блудаў. Дзіўна, як ён не заснуў. На дакладах заўсёды спіць. Старшыня савета, прэзідэнт акадэміі, былы член “Арзамаса”.- А propos de1 вотчыннай паліцыі, ваша вялікасць, гэта дваранства падносіць вам бізун і пугу для хвастання мужыкоў. Глядзіце самі...Абмяркоўваюць, абмяркоўваюць, абмяркоўваюць. Вось пытанне аб норме надзелаў і аб тым, што трэба іх прызначыць заканадаўча. Гавораць, гавораць, - божа, якая нудота! Урэшце асілілі: трыццаць галасоў pro, пятнаццаць contra.