Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

І раптам зверху даляцеў дзіўны тупы грукат, нібы нешта звалілася. За ім, дзвюма секундамі пазней, яшчэ. Трэск быў такі, нібы нехта клінамі расколваў дрэва. Скаланулася столь. Устрывожаны Валуеў пайшоў да сходаў і пачаў падымацца ўгору. Знізу, абганяючы, спяшаліся дзяжурны афіцэр, прыгажун з белымі валасамі, і два каравульныя.Тое, што ўпала, упала ў гербавай зале. Валуеў падышоў да дзвярэй і спыніўся, уражаны. Праз паркет бегла расколіна, выбітыя дубовыя планкі разляцеліся далёка па падлозе.- Што такое? - спытаў Валуеў.Афіцэр глядзеў з жахам. На падлозе ля ягоных ног, туга абцягнутых бліскучымі ботамі, ляжаў разбіты ўшчэнт мінскі герб.Але дзяжурны глядзеў не на герб. Валуеў прасачыў, куды глядзяць ягоныя вочы, і адчуў, як і ў яго пабеглі па спіне мурашкі.Мінскі герб ударыўся аб падлогу так моцна, што ўпала карона з другога герба, які вісеў насупраць, на сцяне, дзе не было вокнаў.Упала карона з дзяржаўнага герба.Афіцэр умольна склаў рукі:- Калі ласка... Калі ласка, нікому не кажыце. Божа, што ж рабіць? Такое злавеснае здарэнне! Давядзецца распусціць чутку, што ўпала толькі карона з мінскага.- І я вам так раю, - з усмешкай сказаў Валуеў.Яны глядзелі не пашчапаны паркет.- А сёння яшчэ і гадавіна з дня смерці Пятра Вялікага, - сказаў афіцэр. - Божа мой, божа!

XIV- Так, - сказаў Кастусь. - Розныя плёткі ходзяць аб гэтым падзенні. Вось яно, хлопчыкі, якая справа. А паколькі вызваленне, як кажуць, на носе, то нам трэба быць на месцах. Усім, акрамя мяне.Хлопцы, чалавек пятнаццаць, і сярод іх Алесь, Мсціслаў, Ямант, Звяждоўскі, сядзелі ў пакойчыку непрытульнай пецярбургскай кватэры. За вокнамі была цёплая зіма, ішоў дождж са снегам.- Кажуць, вось-вось накіруюцца па Маскоўскім гасцінцы да сарака генералаў світы і флігель- ад’ютантаў, - спакойна сказаў Звяждоўскі. - Для назірання за ходам сялянскай справы. Буткоў надзяліў кожнага афіцыйным чамаданам з афіцыйным ключом і за пячацямі. У чамаданах павязуць новыя сялянскія палажэнні і здадуць губернатарам.Звяждоўскі выглядаў у бліскучым штабным мундзіры вельмі эфектна.- Што мы павінны рабіць? - спытаў Мсціслаў.- З усіх сіл стрымліваць сялянскія выступленні, калі яны будуць, - змрочна сказаў Кастусь. - Не час для крыві. Дый потым, якая з іх карысць, з разрозненых? Вось калі ўжо зальюць мужыкам сала за шкуру, як пачуюць на сваёй спіне, што яно такое, царская воля, - тады будзем біць у набат.- І ўсё ж шкада, што не пачалі раней рыхтавацца, - сказаў Алесь. - Зручны момант. І ў Варшаве закалат.- Змялі яны варшаўскі закалат, - сказаў Ямант, - падманулі... Ну што ж, паедзем. Кіну універсітэт. Спашлюся на хворыя вочы.- І ўсё ж пацерпім, хлопцы, - сказаў Кастусь.- А то атрымаецца няшчасце, як у бедных хлопцаў з гуртка Віткоўскага. Разагналі, арыштавалі. А праз гэта правалілася арганізацыя Віленскай гімназіі. Першы правал. Пяць месяцаў мінула, а ўспомню - сэрца баліць. Хоць там астаўся, Алесь?- Мала. Далеўскі Цітус, Багушэвіч Францішак, яшчэ некалькі чалавек ды мой брат. У глыбокае падполле пайшлі хлопцы. Бачыў я старэйшага Цітусавага брата, Францішка. Бядуе страшэнна. Ёсць і ў іх нелегальная арганізацыя, узначальваюць яе ён ды Гейштар Якуб, то Францішак кажа: як асірацелі яны без маладых.- Ану іх да д’ябла! - сказаў Мсціслаў. - Смаркулі панскія, белая костка.- Правільна, - нечакана сказаў Звяждоўскі.- Но-но, - сказаў Мсціслаў, - сам ці даўно белы быў.