Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

- Ты ж мяне перавыхаваў, - засмяяўся Людвік.- Ды ўжо, - буркнуў нехлямяжы Грыма, - ты, Людвік, раскажы, што чуў у палацы.- Што ж, - Звяждоўскі думаў. - Прыемнага мала. Пойдуць на некаторыя ўступкі палякам і замажуць ім рот. Быў я ў вялікай княгіні Гелены Паўлаўны. Кола вузкае. Статс-сакратар Карніцкі, што прыехаў з Варшавы, міністр унутраных спраў Ланской, Валуеў, яшчэ некалькі чалавек. Уражанне: трохі спалоханыя людзі. Дый сапраўды, як не спалохацца. Не кажучы аб Польшчы, уся Літва і Беларусь служаць паніхіды па забітых. А ва ўладароў ніякага пачуцця маральнай сілы. Валуеў сказаў Карніцкаму, што тут адно войска не паможа. Далгарукаў кажа Валуеву: “On prend la chose trop legerement chez nous”. Той яму: “Je tiens pour certain que la chose est tres grave". Князь толькі азірнуўся: “Chut! il n’en faut pas parler”1. А той: “Але чаму?”... Карніцкі прывёз ад намесніка ліст аб тым, што бараніць далей такі рэжым немагчыма і што трэба або зрабіць уступкі, або правіць царствам з дня ў дзень багнетамі і карцеччу.- Цікава, - сказаў Кастусь.- Але. Карніцкі кажа, што калі патрабаванні не будуць выкананы...- Патрабаванні... - сказаў Біскуповіч. - Толькі агульная просьба звярнуць увагу на злашчасны стан Польшы.- Не перапыняй, - буркнуў Грыма.- ...то ніхто не астанецца працаваць у Польшчы, бо струну нацягнулі да немагчымага, і яна парвалася. Gouverner c’est prevoir2. Потым Валуеў гаварыў з вялікай княгіняй. Яна запытала ў яго: “Que faut il faire en Pologne?” Ён кажа: “Changer de systeme, Madame”. Тая самая ўсміхаецца, паказвае на Ланскога: “Je le pense aussi; mais voici le ministre de l’interieur qui est flamboyant et parle des mesures de severite”. Валуеў паціскае плячыма: “Mais on a ete trente ans severes, Madame, et ou en est - on arrive”3.Кастусь засмяяўся. Звяждоўскі ўсміхнуўся яму ў адказ:- Тады нехта невядомы мне кажа: “On ne tombe que du cote ou l’on penche. Si nous tombons en Pologne, c’est donc du cote de mesures de police substituees, a des idees de gouvernement”1. Словам, нават яны бачаць: без уступак не абыдзешся.- Гуляюць намі, - сказаў велікавокі Ясюкевіч. - Ах, лухта ўсё. Сваю рэвалюцыю нам трэба, чырвоную, вось што. Зямля, воля, паўстанне ўсюдых, братэрства ўсім народам.- Гм, - сказаў Ямант, - і маскалям? Чаму я павінен паміраць за маскаля?- Кінь, Юзя, - з дакорам сказаў Алесь. - Гэта адны з самых добрых людзей на свеце. Урад у іх толькі дрэнны, вось што. Зменім - усё будзе хораша.- Я ведаю, - сказаў Кастусь. - Каб людзі жылі, працавалі і елі хлеб - усё гэтае наша богам праклятае саслоўе - на шыбеніцу. І вялікадзяржаўных бюракратаў - да д’ябла.- Не ведаю, - змрочна сказаў Грыма. - Калі адзін чалавек не вычарпае ўсёй глыбіні натуры другога, які б ён ні быў геніяльны, калі ён не здолее замяніць яго, то і адзін народ не можа замяніць сабою другога, няхай нават больш слабага... Нашто ж тады кожнай нацыі крычаць аб сваёй перавазе? Гэта ж тое самае, што патрабаваць, заклікаць сцерці з зямлі суседні народ... Я так не магу... Я... не магу быць таму сябрам ні такім людзям, як Валуеў, ні табе, Ямант. І я пайду на бітву, каб ніколі, ніколі такога не было. Каб усе - браты, і кожны - вольны як птушка.Кастусь устаў:- Што ж, паны новапрызначаныя камісары будучага паўстання і камандзіры атрадаў, час разыходзіцца?- Час, - сказаў Біскуповіч.- Тады - па адным....Каліноўскі і Загорскі ішлі берагам Мойкі.- Віктара я разарваць гатоў, - сказаў Кастусь. - Ты ведаеш, як ён “лекаваўся” ў Італіі? Далучыўся да гарыбальдзійцаў. А вярнуўся - яму горш і горш.- Што ж, пэўна, яму якраз было патрэбна паветра свабоды. Можа, таму ён і задыхаўся. Нічога. Дачакаецца перамогі. А там - вылечым... Ты не хацеў бы схадзіць да Шаўчэнкі?