Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

- Сорамна неяк.- А ўсё ж сходзім. Заўтра, якраз перад ад’ездам.- Давай.Мойка пад парывамі ветру рабацінілася і моршчылася ля таго берага, адкуль ён прылятаў, і была спакойная ля другога.- Ну вось, - сказаў Кастусь, - кінулі жэрабя. Ты не пакрыўдзіўся, што кіраваць сіламі Магілёўшчыны будзе Людвік?- Звяждоўскі варты чалавек, - проста сказаў Алесь. - І ён вайсковы. Ды яшчэ з таленавітых. Я рэвалюцыянер, Кастусь. Хай будзе так, як лепей для справы. І потым, камісар атрадаў ніжняга Прыдняпроўя - таксама мне работы хопіць. І ў сваім куце.- Я гэта таму, што цябе мала ведаюць у цэнтры, і ты застрахаваны ад правалу.- Не верыш “белым”?- Не, - прызнаўся Кастусь.- І я не веру.- І потым, ты ездзіш па справах - табе лягчэй арганізаваць людзей.Яны ішлі. У прыцемку асабліва пяшчотныя і прыгожыя былі абліччы жанчын, асабліва гордыя - твары мужчын. Але яны не думалі цяпер аб жанчынах. Ім было не да таго.- Едзь, - сказаў Кастусь. - Стрымлівай, не давай, каб перадчасна расплюхалі гнеў.Маўчалі. І раптам Калінаўскі спытаў:- Ты не чуў, што Ясюкевіч вершы піша?- Не.- Піша, але хавае. Як кожны другі. Як ты і я.Усміхнуўся:- Як пошасць сярод нашых гэтыя вершы.- Што ж зробіш? Малады народ, ірвецца наперад.- Як думаеш, які шлях нашага верша? Сілабіка польская або тоніка? Або гекзаметр, які можа быць і тым і іншым?- Нешта асобнае.Алесь задумаўся.- Ты аб чым?- Я вось думаю, якімі вачыма глядзелі егіпцяне на першыя крокі грэкаў? Таксама з пагардай. І грэкам, сапраўды, яшчэ пяцьсот год трэба было ісці, каб зарабіць права на Фідыя і Эсхіла.Яны падняліся па сходах у Кастусёў пакой. Каліноўскі запаліў свечку.Але яны не паспелі нават скінуць паліто. Пачуўся грукат ног па сходах, і ў пакой уварваўся распатланы і страшны Віктар.- Хлопцы! - крыкнуў ён. - Хлопцы, Шаўчэнка памёр!- Ты што? - збялеў Кастусь. - Такі малады яшчэ?- Памёр, хлопцы, памёр, - ашалела паўтарыў Віктар.Твар ягоны быў белы. І раптам старэйшы Каліноўскі зайшоўся ў нясцерпным кашлі. Алесь кінуўся па ваду. Калі Віктара адпусціла і ён адняў хустку ад рота - на хустцы была кроў. Хворы вінавата зірнуў на Алеся.- Не дачакаўся, - разгублена сказаў Кастусь.- Многія не дачакаюцца, - сказаў Віктар. - Многія не дачакаюцца волі.

XVУ Мілым чыталі маніфест аб скасаванні прыгону.Царква была поўная як ніколі. Пахнула кажухамі і ботамі. Світкі, мужчынскія і жаночыя, кажухі, белыя мужыцкія галовы і снежныя намёткі жанчын.Заднім цягнула ў спіны холадам з адчыненых дзвярэй. Нельга было не адчыніць, так надыхалі.Стаялі змрочна і слухалі, мала разумеючы: напісана было блытана. З удаванай, але добра сыгранай радасцю чытаў поп. За спінамі вясна - пахмуры сакавік.Алесь глядзеў на народ, які густа набіў царкву, на скляпенні столі, на старажытныя, друзлыя твары анёлаў і святых на фрэсках. Пантакратар у купале пазіраў на зборышча сурова і гнеўна: старажытны, нелітасцівы бог.- “В силу означенных новых положений, - чытаў поп, - крепостные люди получат в свое время полные права свободных сельских обывателей”.- У які гэта “свой час”? - ціха спытаў Кандрат Кагут.На яго шыкнулі, каб не перашкаджаў слухаць, але ўсё ж многія з тых, хто чуў, усміхнуліся.- Бач ты, - ледзь не да аднаго Алеся далятала, як бурчаў Кандрат. - Не на масленіцу, а на вялікі пост агалошваюць. Замест гулянкі падцягвайце дзягу, добрыя людзі.Поп “спяваў”, закочваючы вочы:- “Помещики, сохраняя право собственности на все принадлежащие им земли, предоставляют крестьянам за установленные повинности в постоянное пользование усадебную их оседлость и сверх того, для обеспечения быта их и использования обязанностей их перед правительством, определенное в “Положениях” количество полевой земли и других угодий”.