Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

Поп ухмыляўся, нібы паведамляў чорт ведае якія прыемныя рэчы. А Алесь думаў, што ягоных, вызваленых ужо ім, людзей гэта не датычыцца. Але сюды яны з’явіліся ўсе. Хочуць паслухаць “царскую” волю і ўпэўніцца, ці не паддурыў іх былы пан.- “Пользуясь сим поземельным наделом, крестьяне за сие обязаны исполнять в пользу помещиков определенные в “Положениях” повинности. В сем состоянии, которое есть переходное, крестьяне именуются временнообязанными”.Твары ва ўсіх былі, аднак, занадта сур’ёзныя. Зразумеюць. І сапраўды, каб не давялося ўтрымліваць людзей, як прасіў Кастусь. Магчыма, будзе бунт. І не адзін.- “Вместе с тем им дается право выкупать усадебную их оседлость, а с согласия помещиков они могут приобретать в собственность полевые земли и другие угодья, отведенные им в постоянное пользование. С таковым приобретением в собственность определенного количества земли крестьяне освобождаются от обязанностей к помещикам по выкупленной земле и вступят в решительное состояние свободных крестьян-собственников”.Алесь убачыў твар Ісленьева. Стары глядзеў на яго. Потым паківаў галавою. Графу відочна было сорамна.- Не хочам мы такой волі, - нехта ціха сказаў, відаць, з браніборскіх мужыкоў.На большасці твараў было расчараванне. Стары Даніла Кагут моршчыўся. Усе сваякі нявесткі Марылі належалі Хаданскім. Марылю некалі выкупіў стары Вежа, калі яго папрасіў аб гэтым Кагут. Людзі разумелі: самае малое яшчэ два гады трэба было пакутаваць.- “Когда мысль правительства об упразднении крепостного права распространилась между не приготовленными к ней крестьянами, возникали было частные недоразумения. Некоторые думали о свободе и забывали об обязанностях.Но общий здравый смысл не поколебался в том убеждении, что и по естественному рассуждению, свободно пользующийся благами общества взаимно должен служить благу общества исполнением некоторых обязанностей; и по закону христианскому, всякая душа должна повиноваться властям предержащим (Римлянам, XIII, I1), воздавать всем должное и в особенности кому должно, урок, дань, страх, честь; что законно приобретенные помещиками права не могут быть взяты от них без приличного вознаграждения или добровольной уступки; что было бы противно всякой справедливости пользоваться от помещиков землею и не нести за сие соответственной повинности”.“І яны яшчэ гавораць аб хрысціянстве, - думаў Алесь, - спасылаюцца на пасланне Паўлы. Ці не сказаў той самы Паўла, што брань нашая не супраць крыві і цела, а супраць начальстваў, супраць духаў злосці паднябеснай. Абдзерлі як ліпку і крычаць аб хрысціянстве”.Ён бачыў твары людзей, асабліва з іншых вёсак, бачыў усё гэтае беднае чалавечае мора, на якое глядзеў з купала пантакратар. Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як травы пад сярпом тваім, грубая сіла. Ну што ж, калі твая “неабходнасць” не можа даць ім палёгкі, і волі, і шчасця - тым лепей. Тады па сваёй “неабходнасці” яны стануць каласамі пад сярпом волі, радзімы, паўстання, бітвы, каласамі, якія памруць, магчыма, але памруць, каб вырасла новая рунь. Гэта будзе скора. Нядоўга чакаць.Цікава, што робіць цяпер Кастусь? Дыплом ён атрымаў яшчэ тады. Цяпер, відаць, выехаў у Вільню, а адтуль у Якушоўку. Збіраўся падаваць генерал-губернатару Назімаву прашэнне аб службе. Ці дадуць? Што ж, калі не дадуць, ён возьмецца проста за справу.