Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

- “И теперь с надеждою ожидаем, что крепостные люди при открывающейся для них новой будущности поймут и с благодарностью примут важное пожертвование, сделанное благородным дворянством для улучшения их быта”.Які змрочны твар у млынара Паківача. Як глядзяць на папа ягоныя ястрабіныя вочы. Стаіць Звончыкава старая з Азярышча, тая самая, што “пхалася ад хмызоў” у разліў. Гэтая здаволена, нібы загоршчынскія сваім перадчасным вызваленнем падманулі не толькі суседскіх, а і свайго пана... Андрэй Кагут глядзіць на людзей, на плямы святла і ценю.- “Осени себя крестным знамением, провославный русский народ...”“А як быць католікам?”- “...и призови с нами божие благословение на твой свободный труд, залог своего домашнего благополучия и блага общественного”.Поп скончыў. Людзі пачалі рухацца, кашляць.- Яшчэ “Палажэнні”, міране, - сказаў поп.“Можа, у “Палажэннях” нешта?” - спытаў сябе, відаць, кожны. Людзі зноў замерлі.Загорскі ведаў: нічога не будзе і ў “Палажэннях”, хай не спадзяюцца.Поп чытаў ужо трохі асіплым ад стомы і хвалявання голасам. Алесь амаль не слухаў яго.Поп чытаў аб тым, што памешчыкі не абавязаны надзяляць сялян зямлёю вышэй належнага.- Калі не абавязаны, значыць і не будуць, - сказаў нехта.Алесь не зірнуў у той бок. Яму было так, нібы гэта яго, невінаватага, злавілі на крадзяжы.- “Снимается с помещиков обязанность по продовольствованию крестьян, ответственность за взносы податей, ответственных в казенных взысканиях”.Дакумент гэты быў, акрамя ўсяго, напісаны дрэннай рускай моваю. Нібы бараною карэнні рве на лясной сцежцы. Хто гэта казаў, - Спяранскі, здаецца? - што законы знарок трэба пісаць незразумела, каб народ звяртаўся па тлумачэнні да начальства.“М-м-м, як-кі сорам. Багатыя людзі. Абрабавалі, абдзерлі, кінулі. У старца кій адабралі”.Поп кажа аб паншчыне ў Магілёўскай губерні.Сорак мужчынскіх і трыццаць жаночых рабочых дзён у год. Калі ўлічыць, што раней адзін чалавек з двара адрабляў тры дні ў тыдзень нават у Кроера, то палёгка, значыцца, толькі крышку больш, як у два разы.Якія ў людзей вочы! Пэўна, цяпер і яны зрарумелі. А вось і нормы надзелаў. Для іхняга наваколля - шэсць дзесяцін (нічога, ёсць месцы па тры дзесяціны без чвэрці), а астатняе можна адрэзаць у карысць пана. Як жа так? Да рэформы надзел быў пятнаццаць-дваццаць дзесяцін.І пакуль не выкупіш, зямля не мужычая, а юрыдычна панская, і за яе трэба несці павіннасць. Але ж на выкуп тэрміну няма, значыцца, і павіннасць не мае тэрміну.І яшчэ мала таго. Калі будзе нядоімка пану або грамадзе - можна пусціць з малатка ўсё, аж да мужычай сялібы.Пад скляпеннямі царквы гучалі словы аб капіталізацыі аброку, аб выкупных сумах, аб шасці працэнтах выплаты ў год. У храме божым гандлявалі чалавечым целам. І не знайшлося чалавека з вервіем, які выгнаў бы гандляроў з храма. Чалавека гэтага даўно і намёртва прымацавалі фарбай да купала няправеднага храма.Немагчыма было....Калі народ пачаў пакідаць царкву, Алесь павітаўся з Ісленьевым.- Да мяне?- Не, трэба яшчэ на чытанне ў Сухадол, - сказаў стары.- У Раўбіча чыталі?- Чытаў. Гэх, Аляксандр Георгіевіч, дачакаліся мы канца святой масленіцы.Граф быў ашаломлены, і Алесь падтрымаў яго жартам:- Нічога, будзе яшчэ і вялікдзень. Невядома толькі, хто каму чырвонае яечка паднясе.- Пэўна, мужыкі нам, - сумна сказаў Ісленьеў. - І варта.Граф, згорбіўшыся, сеў у вазок.