Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

Коні рушылі.Алесь з вышыні ўзгорка бачыў, як брылі па шэрым снезе белыя сялянскія постаці. Нехта крануў яго за руку. Ага, бацька Кагут.- Дзякуй табе, сынок, ад загоршчынскіх.- За што?- Праз цябе не нацярпеліся былыя вашы мужыкі сораму. Вось табе і воля.Пайшоў і Кагут. Алесь пачаў быў спускацца з узгорка да сваіх коней, калі пачуў раптам пошчак капытоў. Распырскваючы хлапякамі мокры снег, ляцелі да царквы Вацлаў і Стась Раўбіч. Алесь здзівіўся, убачыўшы іх разам. Ён не ведаў, што ўсе гэтыя гады хлопцы ўпотай сустракаліся.Але яму было прыемна.- Вы што гэта, - удавана напусціўся ён на іх. - Галовы скруціць хочаце?І асекся, убачыўшы твар Стася і светлае аблічча Вацлава. Дзіўна было ў такі дзень бачыць радасць на нечых абліччах.- Алеська, братка... - захлынаўся Вацлаў.- Што?! Хіба вы памірыліся?- Мы і не сварыліся, - пачырванеўшы, сказаў Стах. - Ніколі-ніколі. Праўда, Вацлаў?- Што такое? - спытаў Алесь.- Раўбіч пасварыўся з Хаданскімі, - выпаліў брат. - Назаўсёды.Вочы ў Раўбіча наймалодшага былі вільготныя. Вось-вось заплача з радасці.- Праўда, - сказаў ён. - Праз цябе.- Як?- Прачыталі маніфест. Хаданскія крыўдавалі на цара страшэнна. І тады бацька раптам разгневаўся і сказаў: “А Загорскі меў рацыю, што вызваліў сваіх, не чакаючы вынікаў гэтага рабунку. Малайчына хлопец. Малайчына”. Тыя патрабавалі тлумачэнняў. А бацька ім сказаў: “Франс увесь час казаў мне праўду аб ім. Прасвяціў, відаць, яго бог. А я моцна вінаваты перад маладым князем”.Алесь пацалаваў іхнія свежыя ад язды і ветру, яшчэ дзіцячыя абліччы.- Я страшэнна ўзрадаваны, Алесь, - сказаў Стах. - І Майка, і Франс. А Наталя аж скача і ў далонькі б’е.- І я ўзрадаваны, - сказаў Алесь. - Калі можаш, скажы бацьку, што я прыйду пагаварыць.- Паскакалі, - сказаў Вацлаў Стаху. - Да вас.І яны з месца, кінуўшы з-пад капытоў цэлыя фантаны мокрага снегу, узялі наўскач. Алесь паглядзеў і ўсміхнуўся. Франс не падвёў. Мілы Франс. Значыцца, як толькі скончыцца пост, ён і Майка будуць жыць разам.На хвіліну ён падумаў, што вось-вось настане сеча, і засмяяўся. Яго не маглі забіць у бітве. Для гэтага ён занадта быў поўны жыццём. Паўстанне было радасцю. Яны перамогуць, і тады ўсе людзі зробяцца шчаслівыя. Хоць бы толькі хутчэй. Хоць бы хутчэй Майка, бунт, перамога, свабода, вольная бацькаўшчына на вольнай зямлі.Ён з асалодаю ўдыхнуў гаркаваты сакавіцкі вецер.Усё ж такі ішла вясна.

XVIПраз колькі дзён пасля чытання маніфеста ў Мілым памёр стары Даніла Кагут. Ніяк не мог апамятацца і пакінуць думаць аб сваяках Марылі. Паўтараў: “Два гады паншчыны для мужыкоў. Яшчэ два. А плаціць усё жыццё”.І вось у першы сонечны дзень узяў Юрася і, абапіраючыся на яго (а раней і кіем не карыстаўся), пайшоў з унукам пад запаветны дуб на канцы пасады.Ішоў высокі, увесь белы як снег, ад валасоў і вусоў да світкі, да белых скураных поршняў.- Памятаеш? - паказваў не прызбу Юрась. - Тут ты Алесю песню тады спяваў.- Але... Даўно было.- Дзеду, - спытаў Юрась. - А дзе тое белае жарабятка?Вочы ў старога былі светлыя і пустыя:- Хто ж яго ведае. Расце недзе, пэўна.- Доўга нешта для каня.- Гэта не просты конь.Ішоў моўчкі і толькі потым дадаў:- Вырасце, вырасце жарабя. Ты-то дачакаешся, а я - не. Не дачакаюся я, унук. Не дачакаюся светлага дня.Ён ішоў дваром і аглядаў хату і дворныя будовы, ішоў садам і аглядаў дрэвы вялікага ўжо саду, які сам пасадзіў.- Шкада, зямля яшчэ мёртвая. Пачуць бы, як мяккай зямлёй запахне.