Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

Алесь якраз расшыфроўваў тайнапісны ліст ад Кастуся. Пад гарачым прасам літары сталі зеленаватыя. Пісалі, відаць, лімонам.“Звяждоўскі ў Вільні складае арганізацыю па кіраўніцтву групамі ўсёй Беларусі і Літвы. Будзем збіраць сілы на будучае. Сваіх пакуль што стрымлівай ад непажаданай гарачкавасці. Пашырай арганізацыю і думай аб зброі. Я таксама не марную часу. Аб’ездзіў частку Слонімшчыны, быў у Зэльве і Лідзе, у Гродні, у Саколцы. Стварылі цэнтр па кіраўніцтву Гродзенскай губерняй. У ім Валеры, каморнік Ільдэфонс Мілевіч, Стах Сангін, і Эразм Заблоцкі, ды яшчэ Хвэлька Ражанскі, хлопец трохі з кашай у галаве, але рашучы. Піша вершы. І па-беларуску. Але гэта - справа дзесятая. Арганізацыя ёсць, вось што галоўнае. Тэрмінова напішы, ці можаш паслаць дзве тысячы рублёў. Ёсць магчымасць танна купіць партыю зброі. Крадзеная інтэндантамі яшчэ ў вайну, і таму танная. Праўда, дубальтоўкі, а штуцэраў няшмат, але і тое добра. Жадаю поспеху, браце”.Алесь спаліў ліст у каміне. У гэты момант усхваляваны пан Адам зайшоў у пакой. Загорскі, нібы не заўважаючы, клаў грошы ў пулярэс.- Паедзеш у Магілёў, - сказаў ён Выбіцкаму. - Адправіш грошы вось на гэты адрас пану Каліноўскаму. Майго імя не называй.Выбіцкі муляўся.- Княжа...- Здарылася нешта?Адам асеў, нібы з яго выпусцілі паветра:- Бунт, пане княжа.- Які я табе пане княжа?- Бунт, Алесь. Паўсталі Браніборшчына, Крутое і Вязынічы, - ледзь варушыў вуснамі паляк. - Дарогаю ўзнялі дзве вёскі Хаданскага. Ідуць у Гарыпяцічы біць з тамтэйшай званіцы набат. Крычаць многа. Адмаўляюцца ад устаўных грамат і выкупу, не хочуць быць часоваабавязанымі.Выбіцкі яшчэ больш збялеў і, зірнуўшы на Алеся, раптам сказаў глуха:- Далучымся?- Іх колькі?- Пакуль пяць вёсак.- А наваколле?- А наваколле - вашы вёскі. Бунту ў іх няма і, пэўна, не будзе, - прызнаўся Выбіцкі.- Ну, вось і далучайся на злом галавы. Ах, не да часу! Ах, д’ябал! Хто там у іх ядро? - кінуў Алесь.- Корчакавы хлопцы. Усе ўзброеныя. А за імі - натоўп.- Ёлуп хвашчоўскі твой Корчак, - раззлаваўся Алесь. - Ён нападзе ды ў пушчу пойдзе, а людзям потым што рабіць? Узрадаваўся, пачаў.- З Корчакам ідуць блізнюкі Кандрат і Андрэй. Бацька Кагут, як дачуўся, кінуўся за імі, каб затрымаць.- Разумнейшы, значыцца.Нешта трэба рабіць. Неяк трэба ўтрымаць людзей ад крыві, абараніць ад бізуноў, знявагі, смерці. Пяць вёсак супраць імперыі! Лухта якая. То асцярожныя занадта, а то... Не, гэта трэба спыніць. Хай устаюць потым, калі ўстануць усе, калі возьмуцца за зброю сябры.- У Магілёў паедзеш, - сказаў Алесь. - Дашлеш грошы, а Ісленьеву перадасі вось гэта.Ён хутка напісаў некалькі слоў.- “Граф, - прачытаў Выбіцкі. - Корчак з людзьмі ідзе на Гарыпяцічы. Усімі сіламі паспрабую зрабіць так, каб не палілася кроў. Не хачу гэтага. Абяцайце мне словам двараніна, што даб’ецеся ў губернатара, каб не каралі нявінных вясковых жыхароў. Яны, напэўна, прыйдуць глядзець, але яны не вінаватыя. Ведаю з надзейных крыніц. Малю вас і сам зраблю ўсё”.Выбіцкі паківаў галавою і паклаў паперку на стол.- Я не павязу ў Магілёў даносу, князь. Прыйдзе войска.- Я не пасылаю даносаў, пан Адам, - жорстка сказаў Алесь. – Адпраўляю гэты ліст менавіта таму, што прыйдзе войска.- Н-не разумею.- Войска прыйдзе з Сухадола, а не з Магілёва. І з войскам - Мусатаў. Людзей раздушаць яшчэ да таго, як з губерні прыйдзе адказ. І таму гэта не данос. Я не хачу, каб лютавалі над народам, і раблю спробу рэабілітаваць яго. Корчак пойдзе ў лес, а людзі, Выбіцкі? Няўжо вы думаеце, што слова найбагацейшага гаспадара ў абарону мужыкоў нічога не азначае?