Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

- Ну?- Ну і вось. Я не хачу, каб расстрэльвалі і хвасталі. Не хачу расправы. Паспрабую спыніць бойку. А Ісленьеў зробіць так, што расправа не будзе жорсткая.- І гэта вас клікалі чырвоным?- Я і ёсць чырвоны. Але я не хачу, каб чырвоныя перадчасна пралілі чырвоную кроў. Пе-рад-час-на.Выбіцкі пачырванеў.- Я завязу ліст, - сказаў ён. - Даруйце мне.- Вельмі буду абавязаны, - сказаў Алесь. - Гэта вызваліць, магчыма, і маю шкуру.Аконам хаваў у кішэнь пулярэс:- А можа, не рызыкаваць?- Не, - сказаў Алесь. - Спяшайцеся, Выбіцкі. Я паеду без зброі. І тыя і іншыя могуць зрабіць са мною, што хочуць.Ён паспешліва збіраўся. Загадаў Логвіну асядлаць Ургу. Накінуў плашч. У саквы загадаў пакласці бінты, корпію і ёд.Хвілін праз трыццаць пасля таго, як аконам вылецеў з двара, Алесь сышоў па сходах.- Можа, трэба па дапамогу? - спытаў Халімон Кірдун.- Не трэба. Бывай, Кірдун.Ён крануў каня з двара, адчуваючы дзіўную звонкую пустату, якая поўніла ўсё цела. Так заўсёды бывала перад небяспекай: стан, падобны на захапленне ці на лёгкі хмель.“Ах, коннічак ты мой на белым кані, - іранізаваў ён з сябе. - Ах, галава ты дурная. Бачыце, збавіцель”.Але не скакаць у Гарыпяцічы ён не мог.

XVIIЛюдзі ішлі ўжо вечар і ноч. Уначы – чырвона-чорныя, асветленыя зарывамі, удзень – нібыта звычайныя, толькі ў вачах як быццам аставаліся агонь і ноч.Пачалося з таго, што ўстаўныя граматы прывезлі ў Браніборшчыну. Перавялі ў грошы аброк, расклалі ўстаўную суму на ўсе двары, палічылі, колькі пойдзе на кожную наступную дзесяціну зямлі. Паколькі кожная наступная каштавала танней – горш за ўсе давялося бедным, якія не маглі многа купіць.Шасціпрацэнтавы гадавы ўзнос у выкуп быў такі – не асіліць.Браніборцы падумалі крыху і самі сабе сказалі: канец. Лепей паншчына, лепей нясцерпнае рабства.Здзіўляла жорсткасць царскай волі. Загорскі і Раўбіч, паны, вызвалілі сваіх больш выгадна. Спачатку думалі – падман, і вось табе на. Атрымалі! Алесь і пан Яраш адразу выйгралі ў вачах людзей.А потым нехта пусціў чутку, што Раўбіч і Загорскі проста ведалі аб сапраўдным маніфесце і не палічылі за магчымае ісці супраць царскай волі. Нездарма князь у Мілым падчас чытання вачэй не мог узняць з сораму. Але супраць астатніх ісці, відаць, не рызыкнуў. Толькі што сам вырашыў не браць граху на душу, вызваліць “па-царску”.Мужыкі адмовіліся ад устаўных грамат. Аконам Браніборскага пачаў пагражаць. Людзі крычалі і стукалі кулакамі ў грудзі.I тут з’явіўся Корчак з людзьмі. Глядзеў у натоўп шалёнымі чорнымі вачыма, гаварыў незразумелае:– Не мог цар даць такую волю. Сапраўдная воля за сямю пячацямі. У ёй для ўсіх сыраядцаў смерць. Цар загадаў волю віламі браць. Ён за сваё жыццё баіцца. Але як пойдзеце паноў біць – узрадуецца ягоная душа.Марта з Паківачовага млына (многія ведалі яе па патаемных маленнях) глядзела вялізнымі вачыма. Вочы напалову твару, і ў іх – апантанасць і ўтрапенне:– Праўду гаворыць Корчак! Сама ад лёзных людзей чула! Расце белабожы конь! Як не падтрымаеце яго – у пекле вам быць! Божае жарабя прадасцё – не бачыць вам шчасця!Плач баб рэзаў па сэрцы. Усё адно было прападаць з такім выкупам. I таму людзі слухалі. А Марта крычала:– Маці божая з былой Алейнай брамы плача. Валасы ў яе пасівелі і дыбарам усталі. Мёртвых дзетачак бачыць. Прадалі іх бацькі.Зрэнкі Марты пашырыліся на ўвесь раёк і трапяталі:– Бог, бог сказаў! Выдавацьме брат брата і бацька сына на смерць; і паўстануць дзеці на бацькоў і пазабіваюць іх; і будуць вас ненавідзець за імя маё, але хто выцерпіць да канца, спасён будзе.