Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

Мужыкі, урэшце, паверылі. Справа была не ў ляманце Марты. Проста жыць стала нельга, а лямант надаваў становішчу неабходнае адценне жуды і велічы. Хай галосіць.– Крывёю рака паплыве, калі не заступіцеся!!!– Глядзіце, хлопцы, – сказаў Корчак. – Не пойдзеце з намі – адзін пайду. Вам потым сорамна будзе.У гэты час прыйшлі вязыніцкія. Іх прывёу той самы Брона, што калісьці разрэзаў вяроўкі на руках Раўбіча. Вялізны, з англійскім штуцэрам у руках, ён прыйшоў пад абшчынны дуб і кінуў толькі некалькі слоў:– Вандроўнік дарогаю казаў: паны папоў падкупілі. Папы сапраўдную царскую волю ў царквах схавалі. На прастоле пад сукном.Натоўп маўчаў. Падобна было на тое. Папы чыталі волю, але папоў на Прыдняпроўі, якіх вера (то адна, то другая) біла і трэсла столькі стагоддзяў, ніколі не любілі.– Схавалі, – сказаў Брона. – І ці не памацаць нам цэрквы?Вырашылі: мацаць.Бліжэй за ўсё было да гарыпяціцкай бажніцы. Людзі пайшлі туды і дарогаю ўзнялі яшчэ вёску Крутое. Гледзячы, як многа мужыкоў ужо ідзе, люд уздымаўся лёгка.Потым прысталі сяляне дзвюх хаданскіх вёсак. Гэтыя прыйшлі з мяламі, граблямі, сякерамі і косамі.Абрастаючы, як снежны камяк, натоўп рухаўся да Гарыпяцічаў. Палілі дарогаю панскія дворныя пабудовы. У чырвоным зарыве, вялікія ад яго, рухаліся праз ноч людзі, і страшна, востра блішчалі над іхнімі галовамі адпаліраваныя штодзённай працай вілы і карычневыя бічы на арэхавых цапільнах.Ужо некалькі сотняў ног тапталі падмёрзлы нанач снег. Ішлі плеценыя скураныя поршні, вайлакі, лап-ці. Пазіраючы на іхнія сляды, пасуравелы пасля забойства Кандрат Кагут жартаваў:– Глядзі, рашоты сваёй хадой гналі. Ай, мужыкі, ай, галовы!Рогат каціўся над галовамі бліжэйшых. Гігатаў, як конь, Брона, абкружаны падлеткамі. У хлопцаў былі ў руках сякеры на доўгіх дрэўках, і нават па гэтым можна было пазнаць: з Вязынічаў. Толькі ў вязыніцкіх, прыроджаных лесарубаў, сякеры былі на такіх, удвая даўжэйшых за звычайныя, тапарышчах.Корчак ішоў перад сваімі, як на свята, п’яны ад думкі, што вось, урэшце, настаў час. Ён не ведаў, што ўся гэтая спроба з самага пачатку асуджана на правал, што большасць думае пра толькі што атрыманую, няхай нават куртатую, свабоду, што ніхто, акрамя ягоных хлопцаў, не назапасіў злосці, што людзі ішлі, як на вясёлую гулянку, і маглі разысціся пры першай перашкодзе.Не ведаў, што сапраўдны час гэтых людзей прыйдзе не зараз і нават не праз год, але як прыйдзе – пажар будзе палаць зырка.Корчак не ведаў, што і Кагуты ідуць з ім не ад усяго сэрца. Пайшоў Кандрат, адзіны, хто ведаў праўду пра смерць Стафана і яшчэ гневаўся на ўсіх. Андрэй рушыў за ім: нельга ж было кінуць блізнюка. Але гэты выправіуся без ахвоты і разы са два стрымліваў брата. Пакуль што гэта не ўдавалася, але на трэці раз магло мець поспех.Ды і што было Кагутам? Яны былі людзі вольныя і, як большасць такіх, хацелі, ды і то не вельмі пільна, паглядзець: а ці не задумалі вялікія людзі падмены маніфеста.Павінна было мінуць шмат часу. Беларусь павінна была зазнаць яшчэ шмат крыўды, рабунку, галечы і пагарды, каб нарадзіць навальніцу. I таму меў рацыю ў сваіх учынках Загорскі, а не Корчак.Але Корчак не ведаў, баяўся самому сабе прызнацца ў гэтым, і таму ішоў, нібы яго чакала галоўная справа жыцця. Ён занадта доўга чакаў і зашмат пакутаваў, каб адмовіцца ад “паходу на Гарыпяцічы” (як гэта потым назвалі), выходкі гераічнай, але бессэнсоўнай і таму трагічнай.