Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

У карчме, дзе быў сядзельцам стары Ушар, разбілі дзверы пуні і выкацілі на снег дзве бочкі са смалой. Усе, хто хацеў, рабілі сабе паходні. Гарэлкі дый іншай маёмасці не кранулі: нашто чалавеку потым адказваць перад гаспадаром? Дый ішлі ж не рабаваць, ішлі мацаць царкву, каб самім упэўніцца ў нізкім падмане.Натоўп ішоў да бочак і адыходзіў з паходнямі. Нібы чорная рака падпаўзала да нейкага месца, тут успыхвала і далей паўзла ўжо вогненная.Падышлі да Гарыпяцічаў. Сяло маўчала. Ні агеньчыка, ні гуку. Толькі сабакі брахалі ў дварах. Белая, з дзвюма званіцамі, царква на ўзгорку драмала сярод мокрых голых ліп. I вышэй за іх узносіўся васемсотгадовы, чорны і каржакаваты царкоўны дуб, равеснік першай царквы, закладзенай на гэтым месцы.Людзі здзіўляліся, чаму сяло маўчыць. Яны не ведалі, што, пакуль яны ішлі, затрымліваючыся падоўгу ля кожнай вёскі, і не хавалі мэты паходу, аконам з Вязынічаў паспеў папярэдзіць Сухадол. Палкоўнік Яраслаўскага палка, раскватараванага там, быў хворы, і на Гарыпяцічы з дзвюма ротамі выйшаў Апалон Мусатаў. Яны рэквізавалі ў адным з сёл мужыцкія сані і прыбылі на месца значна раней, чым мужыкі.I яшчэ ніхто не ведаў, што сюды фарсіраваным маршам падыходзяць яшчэ дзве роты і будуць не пазней поўдня.Мужыкі валілі вуліцай, гародамі і садамі. Усім хацелася хутчэй дайсці да мэты. Лілася зыркая вогненная рака.Потым пярэднія пачалі суцішваць крок.Ля царквы цямнеў салдацкі ланцуг. Спадзістым частаколам ружавелі ўздзетыя ўгору багнеты, і ў іх адбіваўся агонь шматлікіх паходняў.Натоўп глуха загуў і стаў. Людзі баяліся пераступіць нябачную мяжу, якая аддзяляла іх ад салдат у канцы вулачкі.Але маўчалі і салдаты. Нават Мусатава прабіралі непрыемныя мурашкі, так многа было перад ім лю-дзей і агнёў.Рысіныя вочы капітана мацалі натоўп і ўрэшце сустрэліся спачатку з ястрабінымі вачыма Паківача, а потым з чорнымі і дрымучымі вачыма Корчака.I тут Мусатаў упершыню адчуў няўпэўненасць і жах. Ён не ведаў людзей з гэтай белай масы, але аблічча Корчака ён ведаў. I Мусатаў падумаў, што тут, відаць, не проста мужыкі, а лясныя браты, а паколькі гэта так, справа будзе гарачая. Ён памыляўся, але не мог ведаць, што памыляецца.– Разыдзіцеся, – сказаў Мусатаў. Гэта было нечакана, але наперад выйшаў не Корчак.– Мы не хочам крыві, – сказаў Паківач.– Чаго вы хочаце?– Мы хочам бачыць сапраўдны маніфест, схаваны ў царкве.– Які маніфест?– Сапраўдны... царскі.– Ёсць адзін маніфест.Паківач з дакорам пахітаў галавою.– Нашто брахаць, пане?.. Служывы, а сам з гэтымі падманшчыкамі. Ці пахваліць цябе бацька-імператар?.. Прапусці нас у царкву, і мы пойдзем адсюль.Мусатаў падумаў, што гэта дае магчымасць выйграць час і ўзяць завадатараў.– Ідзіце, – сказаў ён.Мужыкі пачалі раіцца. Урэшце першы пайшоў да царкоўнай брамы Паківач.– Чый? – мераючы яго вачыма, спытаў Мусатаў.– Лясны.– Стой тут. Яшчэ хто?Другою выйшла з натоўпу Марта.– Ты чыя?– Божая.Мусатаў падумаў, што ўсё гэта дрэнна і сапраўды тут не мужыцкі бунт, а паход “лясных братоў”. Іх развялося шмат, каму, як не яму, было ведаць пра гэта.Два цені, чорны і белы, стаялі асобна ад натоўпу і сачылі, хто выйдзе яшчэ. Кандрат паспрабаваў быў зрабіць крок, але яго раптам моцна сціснулі з бакоў. Ён пакасіўся: цяжка сапучы ад бегу, стаялі побач з ім бацька і Юрась.– Галава яловая, – сказаў змрочны бацька. Кандрат ірвануўся быў – сціснулі. Андрэй раптам пачаў пхаць яго назад, у натоўп.