Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

– Ён з намі, хлопцы! Хлопцы, ён з’явіуся! Рушай!Крык п’яніў. Узняліся ўгору доўбні і вілы, косы і доўгія сякеры вязыніцкіх. Поршні пачалі таптаць снег.Коннік ужо знікаў, правальваючыся ў яр, але цяпер мужыкам у ім не было патрэбы.Разяўленыя рыкам раты, вусы, расхінутыя на грудзях сарочкі, белыя світкі, бляск сталі, агонь паходняў, крык – усё злілося ў адно, у лаву, якая кацілася на салдат.Паківач вырваўся ад салдат, кінуўся да Марты, падымаючы яе. Потым узняў угору рукі:– Хлопцы! Бі іх!Лава набліжалася да схопленых і салдат з неверагоднай імклівай хуткасцю.Якраз у гэты момант ірвануў паветра бязладны рэдкі залп. Паківач хіснуўся і, нібы пераламаўшыся, упаў дагары ў снег. Упаў яшчэ нехта, яшчэ, яшчэ.Але было позна. Раты, доўбні, вострыя джалы кос, рэдкія хлапякі мужычых стрэлаў, світкі, сталь, хадакі, жоўтыя, як мёд і лён, распатланыя валасы – уся страшная лава насунулася, змяла, пагнала салдацкі ланцуг.Яна была жахлівая. I не хапала ўжо часу перазарадзіць стрэльбы, і аставалася толькі адно: ратавацца, скакаць цераз агарожу, бегчы цвінтаром, хаваючыся за царкоўныя муры, адчуваць спіною гарачае дыханне натоўпу і храбусценне кос, калі яны улазілі ў жывую плоць, кідаць стрэльбы, бегчы да рачулкі, правальвацца на сінім лёдзе, плысці, знікаць у пушчы.Алесь стаяў на апусцелым полі бою. Ён азіраўся: ага... унь чалавечы твар у дзвярах... і яшчэ... і яшчэ адзін.– Хадзіце сюды, – уладна сказаў ён. Божкаючы, наблізіўся стары:– Божа! Божа! Што гэта цяпер будзе?– Нічога не будзе. Кліч людзей. Якая тут самая чыстая хата?– Не ведаю, – схітрыў дзед.– Баішся? – сумна сказаў Алесь. – Нічога. Ану, хадзіце сюды.Падышло яшчэ некалькі чалавек гарыпяціцкіх.– Вось што, – сказаў Алесь. – Нікому нічога не будзе. Толькі дапамажыце мне. Падбярыце ўсіх па-раненых: і салдат на могілках, і мужыкоў на вуліцы. Нясіце іх у тую хату... Не хітруй, дзед, твая хата.Толькі тут ён зразумеў, якім глупствам было скакаць сюды. Ён так нічога і не прыдумаў за дарогу. Спадзяваўся, што на месцы ўсё вырашыцца.Вырашылася, на жаль, без яго. Разумней за ўсё было б яму кінуць гэтую вёску і непазнаным паехаць назад. Людзі не затрымаюцца тут, ён ведаў. Але За¬горскі напісаў Ісленьеву. Ён ведаў, што недзе тут Кагуты, што зараз ён, Алесь, астаецца адзінай абаронай гэтых людзей ад раз’юшанай салдатні, бо пры ім пасаромеюцца катаваць і не пакінуць усяго без судовага разбору. I яшчэ: параненыя стагналі вакол на снезе, і гэта было жахліва, і тут ніхто, акрамя знахарак, не мог ім дапамагчы.– Зносьце, зносьце, – падганяў Алесь. Трэба было спяшацца. Раз’юшаныя пагоняй людзі маглі вярнуцца і – хто ведае – маглі паспрабаваць сарваць свой гнеў на недабітых. Сумна, калі заб’юць і цябе, але хто дапаможа параненым. А ён усё ж слухаў лекцыі і на медыцынскім факультэце.– Завядзі каня куды ў гумно, – сказаў старому Алесь. – Калі выйду жывы – я табе за яго адплачу.Калі ўзброеныя людзі, усхваляваныя і пачырванелыя, зноў затапілі вуліцы, параненых там ужо не было.Корчак, дрыжучы ноздрамі ад узрушэння, хадзіў усюды і пытаў толькі адно: “Дзе Паківач?” Нехта паказаў яму на хату, у якую знеслі людзей.У вялізнай пяцісценнай хаце параненыя ляжалі на лавах, на стале, проста на доле.Загорскі з закасанымі рукавамі і акрываўленымі вышэй запясцяў рукамі накладаў гіпакратаву шапку на галаву аднаго з гарыпяціцкіх. Той жаласна стагнаў, і яму з усіх кутоў адказвалі па-дзіцячы слабыя ці басавітыя стогны.