Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

– Хлопцы, дабіце, хлопцы, дабіце мяне, – амаль плакаў з перапуду і болю малады бялявы салдацік у куце.– Маўчы,– са злосцю кінуў яму Алесь. – Рана ў руку, то рассіропіўся, ваяка. Праз тыдзень жэрці той рукою сам будзеш.Грубасць зрабіла сваё. Салдацік перастаў маліць і толькі калаціўся.– А ты цярпі, цярпі, – казаў Алесь гарыпяціцкаму. – Прынамсі, цяпер ведаеш, як порах пахне.Ён адчуў на сабе нечы позірк, узняў галаву і сустрэўся з дрымучымі вачыма Корчака.– Гэта ты скакаў? – сказаў Корчак.– Я. А што, не ў часе? – Алесевы вочы глядзелі спакойна.– Навошта?– Хацеў неяк спыніць усё гэта.– Навошта? Алесь усміхнуўся.– Час не той. Маніфеста ў царквах няма. Можаш паверыць мне. Таму я і вызваліў сваіх не так, як ён. Корчакавы вочы сачылі за Алесем пільна і гнеўна.– 3 часам ты гэта зразумееш, Корчак, – сказаў Алесь.Лютая іронія была ў складцы Корчакавых вуснаў:– I не баішся, што заб’ём?Алесь паказаў белыя зубы і не адвёў вачэй:– Нават апошнія забойцы не забіваюць папа з дарамі і лекара.– А калі ўсё ж?– Ну і рабіся ніжэй за апошняга бандзюгу, – і Алесь перайшоў да наступнага параненага.Корчак не ведаў, якое напружанне валодае зараз гэтым маладым чалавекам. Корчака душыў гнеў. Гэ-ты, з прыгожымі шэрымі вачыма, не звяртаў увагі на смерць, што стаяла перад ім. Корчак раз’юшана зрабіў крок і стаў між Алесем і акном, зацяніўшы Загорскаму.– Ану, адступіся! – рыкнуў Алесь. Корчак міжвольна адступіў, а калі потым спахапіўся, было позна.– Паперкі захацелася? – жорстка сказаў Алесь. – Ведаеш, дзе б ты апынуўся са сваёй папяровай воляй? Глядзі, – ягоная рука павяла па ляжачых. – Унь... унь... унь... Траіх забітых мужыкоў, шэсць забітых салдат, дванаццаць параненых праз г... паперку... Ідзі, ідзі, шукай сваю паперку, бутэлька цёмная.Корчак абвёў вачыма тых, што стагналі. Забітыя – вунь, ля дзвярэй. Трое гарыпяціцкіх, бо не бачыў іх сярод сваіх. А ото салдаты. Параненыя таксама салдаты. Але вунь адзін лёгка паранены з вёскі Хаданскага. Моршчыцца, устае на ногі. А там трое параненых з яго лясных хлопцаў.– Дзе Паківач? – спытаў Корчак.– Шукай.Корчак пайшоў, схіляючыся над тымі, што ляжалі. Паківач прыткнуўся ля сценкі, на баку. Жоўтыя ястрабіныя вочы глядзелі непрытомна.– Давай раней за ўсё гэтага, – сказаў Алесю Корчак.– Не трэба, – сказаў Алесь.– Як гэта не трэба?– Не трэба яму нічога больш.– Мой чалавек.– Нават тваім людзям, нават табе з часам нічога не трэба будзе.I тут Корчак зразумеў. Зрабіў крок да Алеся:– Ты што, дзве галавы маеш? Ты хто такі? Але Корчак стрымаўся. Ён успомніў словы Кандрата Кагута аб ворагах.– Га-а, – сказаў ён.– Той князь, што за волю.– За волю, – проста сказаў Алесь. – Толькі за сапраўдную. Не за папяровую.Цяжка дыхаючы, Корчак спытаў:– Ты што ж гэта яго, Паківача, не збярог, га?– Гэта ты яго не збярог. Яму ўжо ніхто не мог памагчы.Загаварыў раптам амаль умольна:– Слухай, Корчак. Ідзі ты пашукай у царкве сваю паперку ды потым знікай адсюль. Нарабіў свайго – досыць. Ды яшчэ я б табе раіў усіх сваіх забітых ды параненых з сабою ўзяць: салдаты зараз прыйдуць. Часоваабавязаныя Хаданскіх – на шчасце, лёгка параненыя – пойдуць дахаты. А гарыпяціцкіх ужо неяк я сам засцерагу. Пайшоў бы, га?Корчак пайшоў да дзвярэй, спыніўся:– Не веру я табе, – сказаў ён. – Усёй пародзе вашай праклятай не веру.– Добра, – сказаў Алесь. – Зачыні дзверы ў сенцы.Дзверы ляснулі. Корчак, сцяўшы сківіцы, бег да царквы, ля якой мужыкі цяжкім бервяном канчалі выбіваць дзверы. Урэшце дзверы абваліліся.