Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

Гулка тупаталі па плітах боты, мякка пляскалі поршні.Корчак нагою адчыніў царскую браму. Рука ягоная слізганула пад аксаміт, што ўкрываў прастол. Потым ён выпрастаўся, бледны.– Няма, – сказаў ён.– Няма... Няма... Няма, – пачало перадавацца па ланцугу да выбітых дзвярэй....Першыя рушылі з месца людзі Хаданскіх. Некаторыя зайшлі ў хату, дзе корпаўся Алесь, узялі сваіх параненых, пайшлі. Корчак глядзеў, як адставалі ад натоўпу людзі.– Хлопцы... – сказаў ён, і голас ягоны здрыгануўся. – Хлопцы, перахавалі яны яе. Не можа быць, каб цар...Усе маўчалі. Толькі нехта ўзняў на яго вочы.– Няхай так. Але цяперака што ўжо? Каб адшукалі – паклалі б косткі, а так...Корчак сеў на ганак. Меншаў і меншаў натоўп. Белагаловы чалавек сядзеў на ганку, і валасы звісалі на схілены твар.Потым ён узняў галаву, і ўсе здзіўлена ўбачылі, што Корчакавы вочы засцілае нешта празрыстае і яснае. Яно паступова, дарожкамі, сплывала па шчоках.– Волю нашу... – Корчака нешта душыла. – Дарагую нашу... Прадалі, псы... Прадалі... Прадалі.Меншалі і меншалі белыя постаці на белым снезе. I сонца вясёлкава драбілася ў вачніцах чалавека на ганку.Потым ён устаў і ўздыхнуў.– Што там... Будзем чакаць... Мы – цярплівыя. Маленькая купка людзей стаяла перад ім, і ён сказаў:– Забярыце параненых. Адыходзім, хлопцы. ...Астатнія цягнуліся па снезе, несучы на самаробных насілках параненых і забітых, а Корчак усё яшчэ стаяў у дзвярах.– Маеш смеласць, князь, – урэшце сказаў ён.– Але ненавіджу я цябе. Не за тое, што ты гэта ты. За іншых я цябе ненавіджу. За Кроера. За ўсіх братоў тваіх. За ўсё.– Я ведаю, – сказаў Алесь.– Так і астанешся з салдатамі ды гэтымі гарыпяціцкімі мямлямі?– Так і астануся.– Смелы, але ўсё адно ненавіджу, – жылы ўзбухалі на Корчакавым ілбе.– Не магу я цябе крануць, але... Хай бы цябе забілі салдаты, князь.Алесь збялеў.– Па-мужыцку ты цвэнькаеш – хай бы цябе забілі, сваіх адпусціў – хай бы цябе забілі, наваколле за цябе гарою – хай бы цябе забілі, пад салдацкімі кулямі астанешся – хай-бы-ця-бе-за-бі-лі.– Бачыш, – сказаў Алесь.– А я хачу, каб ты жыў.– Дэеля чаго?– Дзеля сапраўднай волі.– Не будзе яе!– Яна будзе, – у Алеся дрыжалі бровы. – Падумай, Корчак. Мы іншыя, Корчак.– Дзеці такіх бацькоў, гэ!– Маіх бацькоў не чапай.– Сваякі такіх, як Кроер.

Алесь ускінуў галаву:– Я падставіў руку, калі цябе збівалі, выдраў цябе з ягоных рук.– Не веру, – нібы чапляючыся за самае дарагое ў жыццці, сказаў Корчак.– Вось шнар ад карбача.– Не веру!– 3 часам паверыш.Дзверы зноў ляснулі. Алесь паківаў галавою.Апоўдні ў Гарыпяцічы зноў увайшлі салдаты: рэшткі дзвюх рассеяных рот і дзве свежыя роты пры адной лёгкай гармаце.Нехта паказаў Мусатаву хату, дзе ляжалі параненыя.Ён торгнуў дзверы і спыніўся, уражаны. Седзячы на ўслоне, спусціўшы сашчэпленыя рукі між каленяў, спадылба глядзеў на яго стары знаёмы. Радасць варухнулася ў капітанавым сэрцы, але ён стрымаўся. Ён толькі клікнуў Буланцова, падручнага, з якім некалі разам лавіў Войну.– Вось, Буланцоў, – сказаў жандар. – Рэкамендую, князь Аляксандр Загорскі. Якім чынам тут? – спытаў Мусатаў.Алесь паціснуў плячыма:– А можа, каму-небудзь памагу.– Каму “каму-небудзь”? Мяцежнікам або нам?– Не крычыце, – сказаў Алесь. – Добрыя мане¬ры не зашкодзяць і людзям вашай прафесіі... Бачыце, вось салдаты...– Яны не дабілі іх?– Я не даў... А там мужыкі. Буланцоў рушыў туды.