Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

Буланцоў нічога не разумеў з размовы, але сышчыцкай здагадлівасцю ўцяміў адно: шэф атрымаў страшны ўдар. I яшчэ адзначыў сабе: шэф цяпер ніколі не даруе гэтаму чалавеку. Алесь устаў.– Ну вось, – сказаў ён. – А цяпер...– Вядома, – сказаў Мусатаў. – Я спадзяюся, вы зразумелі, што гэта быў жарт?..– Я і не сумняваўся ў гэтым. Хіба такія рэчы гаворацца не ў жарт паміж цывілізаванымі людзьмі? Вядома, жарт.Капітан сядзеў бледны.Алесевы вочы смяяліся.– До, капітан. Я спадзяюся, вы адменіце гэты загад і знойдзеце сапраўдных злачынцаў? Бо калі кожны залп – гэта прыступка вашай кар’еры, я пакладу гэтаму мяжу.I ўпершыню за ўсю размову ўзвысіў голас:– I калі вы кранеце яшчэ аднаго з іх – вас павязуць адсюль пад рагожай у Магілёў ці пад лямцам у астрог. Зразумелі гэта вы, пан штуцэр, пан куля, пан свінец?!Мусатаў сядзеў, гледзячы на дошкі стала.– Добра, – сказаў ён урэшце. – Я адмяняю за¬гад, Буланцоў... Пагоню за Корчакам.Праз тры гадзіны прыбыў ад Ісленьева ледзь жывы ганец. Ён прывёз загад: “Тэрмінова адпусціць невінаватых, шукаць Корчака з бандай, на час разгляду справы князя Загорскага – пад хатні арышт”.Алесь усміхнуўся: Ісленьеў думаў, каб яму, Загорскаму, не зрабілі пад гарачую руку шкоды. Стары клапаціўся аб ім. Вось дык стары! I гэта нічога, што загад віцэ-губернатара нібы ўзвысіў трошкі ва ўласных вачах жандарскага капітана, ворага, ад якога з часам нельга будзе чакаць літасці, калі яго толькі не заб’юць Корчак ці Чорны Война.Хай сабе ўзвышаецца, хай думае, што калі хатні арышт, то апошняе слова астаецца за ім. Алесь ведае, для чаго так зрабіў Ісленьеў, і, значыцца, ён дасягнуў мэты, не даў праліцца крыві і ўратаваў невінаватых.Лекар Яраслаўскага палка Зайцаў падышоў нават падзякаваць яго за перавязкі, сказаў, што зроблена гэта досыць добра. Алесь пакасіўся на капітана, сказаў, што яму прыемна пахвала адукаванага і спрактыкаванага чалавека, і запрасіў Зайцава бываць у сябе.Стары пачырванеў. Пачырванеў і Мусатаў, толькі з другой прычыны. I не вытрымаў. Суправаджаючы Алеся да санак пад цікаўнымі і добразычлівымі позіркамі салдат, пачаў з удаванай спагадай ушчуваць яго.– Тут чорт ведае што робіцца. Папячэнне патрэбна, а то ўсе вакол нясытымі вачыма глядзяць. Іудзеяў адных на краіну колькі – і ўсе яны нямецкія шпіёны. А тут яшчэ свае нігілісты, папоўскае ды мужыцкае насенне. Народ нацкоўваюць! Эх, пане Загор¬скі, такое становішча, а вы ў гэтыя глупствы па ма¬ладосці год лезеце. – I лагодна заглядае яму ў во¬чы: – Вам што выпадае? Вы ў першых расійскіх памешчыках па багаццю, – гудзеў жандар. – Хіба ў вас не воля? Ды вам у сто разоў лепшая воля, чым у іхніх халуйскіх фаланстэрах1.“Нічога ў мяне няма, – думаў Алесь. – Нічога з таго, што мне трэба. А трэба мне ўсё. I перш за ўсё воля ўсім народам і маёй радзіме. Што ты ведаеш аб гэтым, брудная свіння? I разважанні твае толькі і можна назваць, што le delire du despotisme2, як сказаў бы стары Ісленьеў. I сам ты быдла, лёкай душою”.Ён сеў у сані і заплюшчыў вочы, каб не глядзець на вартавога салдата. 3 уздыхам і палёгкаю заплюш-чыў вочы і выцягнуў ногі. Два салдаты паскакалі за ім, каб правесці за сяло.За санямі бег на доўгім повадзе Урга. Ён не звык да такога – пырхаў і матляў галавою.Расталы сакавіцкі снег, вароны, прыціснутая чаканнем вёска, рэзкія галасы салдат.На хвіліну яму стала балюча. Ён успомніў словы Корчака і падумаў, што за пагарду продкаў да наро-да, за пагарду адукаваных да народа – каб не давялося плаціць дзецям, якія любяць гэты народ. Але тут жа падумаў, што пастараецца, каб Корчак, калі звядзе іх лёс, змяніў аб ім думку. Ён бачыў у гэтым мужыку вялікую чысціню нянавісці. Як патрэбныя ім людзі, якія ўмеюць ненавідзець! Харошы мужык! I як шкада, што нельга ўсяго раздаць, каб паверылі табе. Грошы патрэбны справе. Нічога, з Корчакам яны яшчэ сустрэнуцца. Ён, Алесь, зробіць ўсё, каб той быў таварышам яму. У іх адна справа.