Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

Пяро бегала, пакідаючы радкі:Чым угнявіла ты бога? I чым раззлавала, Што над табою, яшчэ не апетай і сотняю строф, Маятнік часу упаў, і касцельная цемра настала, Цемра прабітых далоняў і тысяч няправых галгоф? Што ты зрабіла зямлі – ад фіёрдаў да Рыма,Што залівалі пажары цябе, распраналі вятры,Што паміралі ў сібірах твае маладыя багрымы,Што дастаеўскія кідалі нівы твае і бары?Хто адабраў тваю памяць, мая дарагая,Што, на працягу вякоў, забываючы мукі свае,Лепшых паэтаў сваіх забыццём ты смяротным караеш,Лепшых прарокаў каменнем няведання б’еш?Веру ў адно. Калі злосць векавечную звяжуцьI над крыніцамі зорка-Палын узыдзе,Ты на судзе – пад архангелаў трубы – Марыі адкажаш.Скажаш адзінае слова за ўсіх на планеце людзей:“Ў бітвах скрываўлена, каб чалавецтва ўваскрэсла, Каб на палетках ягоных воля і мова ўзраслі. Маці сыноў чалавечых. Я столькі пакут перанесла. Можна зямлі дараваць, Калі я існую на зямлі”.Ён не верыў, а вобразы атрымаліся міфалагічныя.Ды і хіба ў гэтым справа, калі сапраўды гіне ўсё добрае, калі праўду кажуць булгарыны, а за волю ваююць мураўёвы, калі сапраўды над зямлёю ўзлёт прабітых рук?Ён глядзеў у акно, на зорку. I раптам убачыў......У небе стаялі светлыя слупы ад гарызонта да зеніту. Яны мяняліся месцамі, крайняя іхняя грань была зырка-барвяная, яна разгаралася і нагадвала пажар. А пасярэдзіне ўставалі белыя палосы і слупы.Рэдкае на такім поўдні і таму слабое, уставала над зямлёй паўночнае ззянне.