Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

Здзіўляла іншае: бурчанне мужыкоў. Паўсюль яшчэ было прыхаванае, але ў Татарскай Грэблі і Сцюдзеным Яры вылілася ледзь не ў мяцеж. Сяляне адмовіліся браць волю.Доўга ніхто нічога не разумеў. I толькі потым па наваколлі, невядома кім пушчаная, папаўзла цёмная чутка:– Не бярыце, хлопцы, ашукаюць. Царская воля выгаднейшая. Ніякага выкупу, зямля – уся. Падман задумалі. I на цукроўні не ідзіце. Зноў заняволяць...Алесь напісаў Кастусю і атрымаў параду: абумовіць у водпусках, што, калі надзел і выкуп у “царскай волі” будуць больш выгадныя для мужыка – ён, Загорскі, адпаведна павялічвае надзел і адмяняе выкуп....I тут, у ясны лютаўскі дзень, запалала нядаўна застрахаваная цукроўня. Тая самая, з двума верхнімі драўлянымі паверхамі, якія Алесь усё збіраўся перабудаваць на мураваныя. Падпалілі невядомыя людзі. Наўрад ці “Ку-га". Пра яе з дня размовы Вежы з Таркайлам ніхто не чуў. Хутчэй за ўсё нехта з Грэблі.Згарэла ўшчэнт. Успомнілі аб страхоўцы. Пагражаў суд. Уратавала толькі тое, што ў “водпусках” было агаворана аб цукроўнях. Хіба вар’ят будзе, адпускаючы людзей, нішчыць свой жа набытак.Алесь валасы на сабе рваў. Людзі не хацелі даброт. Людзі помсцілі невядома за што, аддавалі жорава ў руках на сініцу ў небе. Трэба ехаць на радзіму.Вось толькі трэці дзень, як у Маскве Кастусь. I сёння нарада аб далейшай арганізацыі. Адседзець і паехаць. Бліжэй да спраў....Да “Вярбы”1 было яшчэ далёка, але на развале, ля муроў, некалькі чалавек гандлявалі кнігамі. Кнігі ляжалі на подсціле з лапніку і на сталах.Тут і павінны былі сустрэцца Загорскі і Кастусь. Алесь стаў ля аднаго з гандляроў, няголенага чалавечка з абыякавымі вачыма, і пачаў так, ад няма чаго рабіць, перакладаць кнігі. Чалавечак глядзеў на яго звысоку, нібы гэта ён, Алесь, гандляваў усімі гэтымі пісьмоўнікамі, старымі календарамі і разрозненымі падшыўкамі “Северной пчелы”.А вось гэта што?“И что собрала посохомъ вымлатила и знашла ячменю... три меры”.Што такое? Пальцы гарталі старонкі.“Ту справа всякого собрани людского и всякого града еже верою соединеннемъ ласки и згодою посполитое доброе помножено бываець”.Алесь гартаў яшчэ.“ Предъсловие доктора Франъциска Скорины з Полоцька во всю бивлию...”Алесь прымусіў твар быць спакойным.– Прадаяце?– Бярыце, гаспадзін.– Ну, і, скажам, колькі? – абыякава спытаў ён.– Калі тры рублі дасцё...Алесь пакруціў кнігу ў руках.

– Добра ўжо... Наце...Алесь адышоў ад гандляра, не адчуваючы пад сабою ног. Усё, здаецца, было вакол як раней. Тыя ж муры, плошча, аблокі над ёй. Тое і не тое.Вызваленая ад селядцовага лёсу, ляжала ў яго на далонях кніга. Ляжала і маўчала. Ён адчуваў, што задыхаецца.Гандлявалі Скарынай. Гандлявалі даўнінай. Гандлявалі ўсім: розумам, праўдай, сумленнем.– Здароў, Алесь, – сказаў за спіною Кастусёў голас.– Здароў. Хадзем? Нам далёка?– Больш за гадзіну добрай хады, – сказаў Каліноўскі. – Ля Дзмітраўскага гасцінца. Сажалкі хутарскія.– То, можа, рамізніка?– Возьмем на Цвярской. Ля Страснога манастыра. Пройдземся давай крыху. Спусціліся да Ахотнага рада.– Ведаеш, што ў мяне ёсць? – спытаў Кастусь.Трохі асіметрычныя вочы Каліноўскага смяяліся. Ён засунуў руку за пазуху і трохі выцягнуў адтуль нумар газеты, якую па адным выглядзе Алесь адрозніў бы ад тысячы іншых.– “Колокол” за васемнаццатага лютага. Свежанькі, лічы. I ў ім – першы такі за ўвесь час заклік да паўстання.