Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

– Хто?– Невядомы. Подпіс “Рускі чалавек”.– 3 Лондана?– Не, адсюль. Ліст з рускай правінцыі. Магчыма, нейкі хлопец накшталт Волгіна.– Як піша?– “Наша становішча жахлівае, нясцерпнае, – сурова і ціха, на памяць, шапацеў Кастусь, – і толькі сякера можа нас уратаваць, і нішто, акрамя сякеры, не дапаможа! Да сякеры клічце Русь!..” Во так, грамадзянін нігіліст Загорскі. Зразумела?– Становішча сапраўды нясцерпнае, – сказаў Алесь. – Ён мае рацыю. Як думаеш, будзе рэформа падманам?– Яна нічым іншым быць не можа, Алеська. Лаялі Растоўцава, а як здох, то выяўляецца, ён яшчэ нічога быў. Гэта ў нас заўсёды так: “Явился Бирюков, за ним вослед Красовский. Ну, право, их умней покойный был Тимковский”. Чуеш, што Панін на пасадзе Растоўцава выкідвае? Конікі якія?– Ну вось. Тады і пачнем, калі зразумеюць падман. Раней мужыка на бунт не ўзняць. А без яго мы пералёты, на корані адсохлыя.Ішлі моўчкі.– А ў цябе што? – заўважыў Кастусь. Загорскі моўчкі працягнуў яму кнігу. Кастусь зірнуў. На хвіліну ў яго задрыжалі вусны.– Першая наша ластаўка, – сказаў Алесь. – Бедная.– Не, – сказаў Каліноўскі. – Не бедная.Ён асцярожна, азірнуўшыся, выцягнуў газету і, расхінуўшы кнігу, паклаў танюткія аркушы ў сярэдзіну тома. Загарнуў.– Хай ляжыць. Тут ёй і месца.– А што, – сказаў Алесь. – Ад першага славянскага водціску і аж да гэтага. Братка ты мой, які доўгі шлях!– Пэўна, яшчэ не канец яму, – Кастусь засунуў кнігу за пазуху Загорскаму. – Пэўна ж, не канец.Яны ішлі якраз паўз Камергерскі завулак. I тут Алесь, узяўшы сябра за руку, моцна завярнуў яго.– Давай, братка, на хвіліну сюды. Кастусь ускінуў вочы.– Невядома, калі сустрэнемся. Над дзвярыма была шыльда:Дагератыпная майстэрняМ. М. Г Р Ы Н Ч Ы К А...У вялікім пакоі іх пасадзілі ў крэслы на фоне ўяўнага туманнага пейзажу. Заціскачкамі прымацавалі рукі да падлакотнікаў, нябачным клямрам паставілі галовы так, што імі нельга было варухнуць.– Вось так нас катаваць будуць, – сказаў шэптам Кастусь.– Цьфу на цябе... Цьфу, – засмяяўся Загорскі. Грынчык, вельмі падобны на сумнага жорава, пасварыўся пальцам:– Маладыя людзі, гэта не ёсць жарт. Не ва ўсіх хапае духу, нават не смеючыся, праседзець перад камерай абскурай пяць хвілін. Вам адзін здымак?– Два.– То дзесяць хвілін, – з выглядам абыякавага інквізітара сказаў сумны жораў. – I не варушыцца, калі не хочаце атрымаць замест абліччаў фату-маргану. – А калі не будзем – яна не атрымаецца? – спытаў Алесь. – Я маю парыжскі медаль. Я прывёз дзівосную навіну сюды. Крыўд на мяне няма. Я раблю выключна на срэбры. Не тое што некаторыя “наватары” – на медных пласцінках. Яны б яшчэ паперу прыдумалі ці палатніну, як мастакі. Гэта ж дзіка! Чалавек робіць добры дагератып раз, многа – два ў жыцці. Ён павінен быць вечны, дагератып. I для ўнукаў, якіх у вас, відаць, пакуль няма. Іх замацавалі так, што варухнуцца было нельга. Грынчык паклаў Біблію на Алесевы калені.– Вось так. Вы цікавіцеся старой кнігай, паны студэнты. Вы нібы задумаліся на хвіліну. Меланхоліі ў вочы. Уявіце сабе: вы задумаліся над лёсам гэтай кнігі. Вас ён цікавіць.– Уявіце сабе – ён нас сапраўды цікавіць, – сказаў Кастусь. – Тым лепш. Не міргайце. Засычэў калільны ліхтар. Срэбная сетачка пачала ліць проста ў вочы нясцерпнае святло. ...Калі яны, урэшце, выйшлі на вуліцу, рэзала ў вачах. Расціраючы здранцвелыя мускулы шыі, Кастусь зарагатаў.