Каласы пад сярпом тваім, ч. 6

– Як, ты скажы, з шыбеніцы знялі. Вось, пэўна, боўдзілы атрымаюцца? Жах! Вочы спыніліся, твары ненатуральныя.– Нічога, “для ўнукаў” сойдзе. Мяркую, аднак, нічога атрымаецца. Бачыў я дагератыпы. Даволі натуральна. Вядома, не партрэт, але нам будзе нічога. Памяць.Клікнулі рамізніка. “Ванька” паспрачаўся за цану і павёз.– Як Віктар? – спытаў Алесь.– Зноў пагоршала. Вельмі хоча ўбачыцца з табою.– Хай бярэ ў мяне грошы і едзе, – злосна ад няёмкасці сказаў Алесь. – Ці на Мадэйру, ці ў Італію.– Бадай, твая праўда.– Грошы заўтра ж пашлем.Алесь засмуціўся і не хацеў, каб гэта заўважылі. Перавёў размову на другое.– Людвік Звяждоўскі дзе?– У Вільні. Распачаў работу там.– Трэба яму звязацца з маім Вацлавам. У яго шмат сяброў сярод моладзі.“Ванька” цікнуў быў на іх, пачуўшы незнаёмую мову, і зноў звяў, нібы заснуў на козлах.– А Валеры?– Інспектар егерскага вучылішча ў Саколцы.– Гэта што, назнарок Гродзеншчына?– Трэба і там камусьці быць.– Дамброўскі як?– Па-ранейшаму, у Акадэміі. Ён жа малодшы....Праз акно былі відаць голыя дрэвы, рэдкія домікі далёкай ускраіны, люстра двух невялікіх авальных ставоў. За сталамі сядзелі хлопцы з маскоўскага зямляцтва. Чацвёра. Ні з кім з іх Каліноўскі Алеся не пазнаёміў, і па адным гэтым было відаць, якая сур’ёзная пачыналася справа...Нехта сціснуў далонямі Алесевы скроні, не даючы павярнуць галавы. Загорскі ўсё ж выкруціўся:– Сашка, Сашка, дружа!

Сашка Волгін стаяў за ягоным крэслам і ўсміхаўся на поўны рот.– Ну, брат, суцешыў!– Даўно гэта пачалося? – шэптам спытаў Сашка.– Даўно. Цяпер мяркуюць аб метадах.– Метады звычайныя, – сказаў Сашка. – Узяць гэтых vieilles ganaches1 за гардзёлку ды аб брук галавой. Дакіраваліся. Горшыя ўладары, чым паўcюль на свеце. Паскудзяць рускае імя.Алесь ціха засмяяўся:– Гэ, брат, наконт нас з вамі ў майго дзеда добрая прыказка-байка.Яны гаварылі шэптам, баяліся перашкодзіць іншым.– Бог дзяліў між народамі землі. Адным тое, другім – тое. Прыйшлі беларусы... Вельмі ж пану богу спадабаліся. Ён і пачаў нас надзяляць: “Рэкі вам даю поўныя, пушчы – нямераныя, азёры – нялічаныя. Спёкі ў вас ніколі не будзе, але і холаду – пагатоў. Зажэрціся на багатай зямлі не дам, каб былі ўвішныя, кемлівыя, працавітыя, але і голаду ў вас ніколі не будзе. Наадварот, у голад шмат багацейшыя людзі будуць да вас прыходзіць. Не ўродзіць хлеб, то ўродзіць бульба. А яшчэ звяры і дзічына ў пушчах чародамі, рыбы ў рэках касякамі, пчолы ў борцэх мільёнамі. А трaвы – як чай. Не будзе голаду. Жанчыны ў вас будуць прыгожыя, дзеці – дужыя, сады – багатыя, грыбоў ды ягад – заваліся. Людзі вы будзеце таленавітыя, на музыку, песні, вершы – здатныя. На дойлідства – таксама. I будзеце вы жыць ды жыць, ну як...” Тут яго Мікола ў бок штурхае: “Пане божа, да вы падумайце. Гэта ж вы ім рай аддаяцё! Гэта ж вы бо-жа мой!.. Ды яны пры іхняй языкатасці туды з сапраўднага раю ўсіх перавабяць! Яны ж языком менцяць – дай бог нам за вамі”. Бог падумаў, крэкнуў, але назад адбіраць не будзеш. Сапраўды, ёсць ужо яна, зямля. Лані бягуць – лес варушыцца. Рыба чаўны з вады выціскае. Дрэвы – да сонца. “Добра, – кажа, – зямля будзе – рай. А каб не занадта вы перад маім раем ганарыліся – дам я вам найгоршае ўва ўсім свеце начальства. Яно вам таго раю трохі збавіць дый пыхі трохі-трохі вам саб’е. Гэта вам для раўнавагі”. Вось яно як!Сашка Волгін нявесела засмяяўся: