1 2 3 4 5 6 7 8 9 10

Барвяны шчыт

Вясёлка, відаць, выпіла не адну азярыну, а яны ўсё яшчэ сядзелі на адхоне, пазіраючы на мокрыя зарэчныя паплавы, з якіх яна вырастала. Маўклівыя, нерухомыя, яны нібы не існавалі адзін для аднаго, хлопец гадоў дваццаці двух і дзяўчына, можа, на два леты маладзейшая за хлопца. Стаяла між імі нешта прыкрае, аб чым цяжка забыць і немагчыма не забыць – іначай хаця і не жыві.Вясёлка з кожнай хвілінай налівалася колерамі такой першапачатковай яснасці і чысціні – як сама радасць, такой празрыстасці, што праз іх відаць былі – ніжэй лугі, вышэй – лілавата-блакітнае неба.– Ну і смокча, – сказаў хлопец.– Як ты з жыцця, – сказала яна. – Усё для колераў, усё для чорт ведае чаго.– Для колераў, але ж не для сябе.– Ну канечне… у цябе на ўсё ёсць адказ.Хлопец не адказаў. Гэта былі першыя словы, якімі яны абмяняліся за тры гадзіны. І не варта было раскрываць рот, каб сказаць т а к і я словы.Перад імі была Ака, праўдзівей, адзін з яе рукавоў, далей – паплавы, з якіх піла вясёлка, яшчэ далей – ліловае ад хмар галоўнае рэчышча.Вясёлка разам з адбіткам у вадзе стварала ззяючае, радаснае кола, у якое ім не было і не магло быць дарогі.Лявей, вельмі далёка, на беразе галоўнага рэчышча, узвышаліся валы з нейкай руінай – і гэта былі валы старой Разані, якая так і не ўваскрэсла пасля нападу татар.А за іхнімі спінамі ўтульна ляжаў у садах маленькі гарадок Спаск. І гарадок гэты парыў кожным дахам, высыхаючы на сонцы, і зусім не думаў, чаму гэта ён завецца “Спаск”. І не хацеў ведаць.Было ж гэта таму, што сюды ратаваліся жыхары старой Разані, калі падступіў пад яе Батый. Тыя адзінкі, якім пашанцавала ўцячы з агню.Гэтыя два ў Спаск не ўцякалі. Іх проста паслалі сюды на практыку з Масквы, дзе яны вучыліся. Абое былі журналісты, абое канчалі курс. Абаіх сябры сустракалі добразычліва-дураслівым:– Бе-ла-русы, бхай, бхай!Яны сябравалі. Як землякі. Як добрыя сябры.…Пасля двух тыдняў працы ў Спаску ён паехаў па наваколлю. Па вельмі далёкаму наваколлю. Таму, што ён больш не мог быць з ёю. Таму, што ён, раней маўкліва закаханы ў гэтую дзяўчыну, цяпер не жадаў, не мог быць з ёю. Таму што ўсё ў ёй, раней такое роднае, стала цяпер чужым.Ён задумаў напісаць серыю нарысаў аб мясцовай лугавой гаспадарцы, параўнаць яе з гаспадаркай свайго роднага Падруцця і зрабіць некаторыя вывады, найбольш не вельмі суцяшальныя.Але на самай справе гэта былі ўцёкі. Ад сябе.Ён ездзіў. Пабываў у наваколлі Разані, пераправіўся на чоўне праз Аку – наплаўны мост сарвала нечаканай летняй паводкай, – тросся ў грузавіках, калаціўся ў брынклівых аўтобусах, плыў у чаўнах, выбіваў аб рог гасцініцы хмары пылу са змятага пінжака, гаварыў з людзьмі на паромах, са старымі вартаўнікамі сенажацяў, з бабамі, якія гаманілі на спявучай мове Ясеніна.Ён бачыў не толькі тое, што належала па справе. Ён быў надзіва прагны да жыцця, гэты чалавек з жоўтымі, як мёд, валасамі, сінімі, дабрэчымі або жорсткімі вачыма і не па гадах уладным прыкусам вуснаў.Пабываў на радзіме Ясеніна, бачыў у заснаваных туманком лугах рыжых коней, якія званілі балабонамі. Бачыў у Салотчы новую гасцініцу і шэдэўр старога манастыра, які якраз рэстаўрыравалі. Гэта былі мясціны, у якіх жылі калісь людзі з самымі роднымі для яго імёнамі, выключаючы, вядома, два.…Багдановіч… Купала…Наведаў ён у Салотчы і дом гравёра Пажаласціна, які Паўстоўскі апісаў у “Тэлеграме” і “Мяшчорскай старане”. Дом быў стары, з мезанінам, у якім пісьменнік уладкаваў “капітанскі мосцік” – свой кабінет, з садам, што раскошна ляжаў за ім. У доме жыў пісьменнік Фраерман, аўтар “Дзікага сабакі Дзінга”. Ён прыняў хлопца з ахвотай, тым больш што сам быў магілёўскі, і паказаў яму дом, увесь завешаны гравюрамі. Гравюры былі выкананы ў забытай, нямоднай цяпер тэхніцы: на медзі… Карычневыя, неатынкаваныя бярвенні сцен дома былі пакрыты празрыстым лакам: ад шашаля.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10