1 2 3 4 5 6 7 8 9 10

Барвяны шчыт

– Ты дзе? – спытала Ніка.– Там, – сказаў ён.Над полем уставаў спакойны барвяны шчыт.- Разумееш, – сказаў Івар, – я сярэдні просты чалавек. Ад мяне не застанецца памяці. Я не веру ў бога. І таму я не магу жыць іначай, не адчуваючы сябе… часткай усяго, што было, ёсць і будзе. Іначай я памру, знікну… без слядоў. Як для цябе тыя… у кратэры. А каб не яны, каб не нашы беларускія хлопцы ў Крычаве і пад Крутагор’ем – уся зямля стала б вось такой.Ён хітнуў галавою ў бок папялішча, налітага чарнілам густой цемры.– А я? – спытала яна.– Я кахаю цябе, – сказаў ён. – Але што мне ў адным дні? Ты мне… назаўжды, як гэты свет, і паплавы, і валы, і… Беларусь.І, памаўчаўшы, дадаў:– Нават калі мяне не будзе… А ты думаеш іначай… Таму – ідзі…Выліўшы ўсё, што было на душы, ён неяк холадна і прасветлена паспакайнеў.– Я пастараюся забыць, – сказаў ён.Яна сядзела, схаваўшы пад сукенкай ногі і абхапіўшы іх рукамі. Сядзела, паклаўшы падбароддзе на калені. І ўсю яе, разам з курткай, накінутай на плечы, разам з удумнымі вялікімі вачыма і ссунутымі бровамі, заліваў зарывам барвяны шчыт, які ўставаў над зямлёй, вялізны крывавы шчыт.– Налі, – ціха сказала яна.– За што вып’ем? – спытаў ён.– За княгіню з сынам, – сказала яна.Яны выпілі тое, што заставалася. Потым Івар устаў, перахапіўшы бутэльку за рыльца, як гранату. Устаў і падышоў да краю яра, і яна ўбачыла на фоне барвянага шчыта яго вялізную постаць.– Ты што? – спытала яна.– У бок татар, – з нейкай адчайнай весялосцю адказаў ён. – Трымайце, д’яблы копчаныя!І, выгнуўшыся, мятнуў… Асветленая зарывам, бутэлька праляцела над ярам, і палёт яе быў доўгі – здавалася, канца не будзе. Яна праляцела яр і процілеглы схіл ля яго і ўпала недзе далёка, вельмі далёка ад іх, у крывавым полі.– Збірайся, – сказаў ён. – Дай руку.Яна глядзела на яго знізу дапытлівымі, дзіўнымі, трохі нават страшнымі ў гэтым зарыве вачыма.– Сядай, – сказала яна.Голас быў такі, што ён сеў, хаця і ведаў: дарэмна.– Яны прайшлі, праўда ж? – спытала яна.– Ну.– І мы?.. І я прайду, і ўсё?.. Такое кароткае ўсё?.. Прайшлі – і косткі ў бульбе?Ён маўчаў.– Івар…Ён маўчаў.– Я яшчэ многага не разумею. І я… не магу без цябе ў гэты кароткі час… Што ёсць я без цябе?.. А ты… Я, разумееш… я слабая, відаць… А ты, я не ведаю, што такое ў табе?.. Але нешта трывалае, магутнае… Я не ведаю, што яно, але яно перажыве.Голас яе задрыжаў.– Ты сказаў мне аб ім, а я не зразумела… Я, відаць, вельмі абразіла цябе… Ты павер мне: я зразумею, зразумею цябе. Ты для мяне… як першы крок да тваёй праўды. Мне страшна без яе…Ён маўчаў. Ён не верыў пасля ўсяго, што было.– Ты паехаў, і я зразумела… Калі ласка, не адмаўляй мне…Івар працягнуў руку, яшчэ не разумеючы, што здарылася.– Я раптам адчула: ні хвіліны не магу без цябе.Рыданні аддаліся так раптоўна над гэтым ярам, над гэтым пустым кратэрам, над полем, паўзверх якога плыў расплаўлены і грозны барвяны шчыт. Яны аддаліся так раптоўна, што ён спалохана схапіў яе за плечы.– Што з табою?– Я была дурная… Я нічога не разумела… Калі можаш… даруй мне, Івар.Барвяны шчыт плыў над імі.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10