1 2 3 4 5 6 7 8 9 10

Барвяны шчыт

Гаспадыня – гаспадару было цяжка хадзіць – паказала хлопцу сад, густы, цяністы, зарослы да таго, што трыпутнікі ад ценю былі вузкія, як лязо. У садзе былі дрыготкія лаўкі, якія ладзіў з дошчачак яшчэ Гайдар, чалавек, якога язык не павернецца назваць нябожчыкам.Тут жылі калісь тры вясёлыя маладыя чалавекі. Пісалі таленавітыя кнігі, лавілі рыбу, разыгрывалі адзін аднаго. Паўстоўскі пісаў у лазні, а калі гулялі ў індзейцаў, абклейваў усё цела рознакаляровымі маркамі са старых канвертаў: накшталт татуіроўкі. Ён не хацеў змываць марак, надта ўжо прыгожымі разводамі яны ішлі. Гайдар аднойчы прыклеіў на варотах аб’яву “Скупка чарвякоў ад насельніцтва” (у Салотчы мала чарвякоў), і вясковыя дзеці, паціраючы нагу нагой, прасілі, каб па чарвякі да іх выйшаў “самы галоўны”, Гайдар. Яны лічылі яго “галоўным” па габарытах. Потым міліцыянер запатрабаваў зняць аб’яву “як дыскрэдытуючую”. Атрымаўся скандал.Хлопец бачыў старое фота, на якім сусветна вядомы цяпер кот, той самы апеты ў цудоўным апавяданні “Кот-зладзюга”, жэр рыбу, а Паўстоўскі стаяў за рогам лазні “ў засадзе”. Гэта былі добрыя людзі, і хлопец ведаў: ён, сярэдні чалавек, блізкі ім па празе жыцця і весялосці, па запалу працы і любіць іх за ўсё гэта чалавечай адданай любоўю.І ўвесь гэты час у яго сэрцы разам з радасцю нарастала туга, у якой ён не прызнаваўся, туга па ёй. Туга ад таго, што яна не бачыла мачтавых бароў Салотчы, не захаплялася разам з ім дзяўчынкай у аўтобусе, не хадзіла па ўздыхаючых маснічынах старога дома.Не бачыла – і не хоча бачыць. Не захаплялася – і не будзе, не хоча захапляцца. Рэдка бачыў ён людзей, у якіх было б так мала каранёў, так мала сувязі з былым і нядаўнім мінулым. З курганамі на беразе Дняпра, з Камянецкай вежай, з рыжымі конямі на ясенінскіх паплавах і з трыма вясёлымі маладымі людзьмі, два з якіх жывуць і пішуць, хаця не сталі маладзейшыя, а адзін стаў мінулым, бо аддаў талент людзям, а жыццё – Радзіме. А ён любіў гэтую павязь з усім і ўсімі. З усімі вякамі і з усімі людзьмі, што былі, ёсць і будуць на зямлі. Гэта рабіла яго вялікім, значна вышэйшым за сярэдняга, сябе. Гэта нараджала ў душы нейкі высокі сумны гонар, гордае і горкае пачуццё няяркай радасці за ўсіх і ціхай тугі па еднасці чалавечай. Тое пачуццё, што ярчэй за ўсё свеціць у “Тройцы” Рублёва.Трасучыся на спадарожнай машыне назад, у Спаск, ён думаў, як жа гэта адбылося, што за два тыдні ён зведаў Ніку лепей, чым за ўсе папярэднія гады? І ўрэшце зразумеў, што раней яны проста ніколі не гаварыі з ёю аб гэтым. Ён лічыў, што ўсё гэта настолькі звычайнае ў кожным чалавеку, настолькі само сабой зразумелае, што аб ім не трэба гаварыць… Як аб тым, што кожны чалавек хоча кахаць і быць каханым, народжаны для кахання, шукае яго ўсё жыццё, моліцца яму і памірае з успамінам аб ім.Выявілася, што гэта не так, што ёсць людзі, для якіх існуе толькі тое, што ёсць, што вось тут, зараз, у гэты момант. І сярод іх – яна, якую – ён ведаў аб гэтым – ён кахаў тым каханнем, якое заўсёды, як яго радасць і туга за ўсіх.Не ведаючы аб гэтай сувязі, яна абкрадала сябе, дурніца.– Рамантыка, – сказала яна тады з вельмі пагардлівай, непрыемнай інтанацыяй.Гэта было за тры дні перад ягонымі ўцёкамі, у лепшы, у самы страшны дзень яго жыцця.Увесь той дзень яны ўдваіх ездзілі на райкомаўскім “казле” па прыокскіх паплавах. Травы біліся аб ветравое шкло машыны, ласкава хвасталі людзей па плячах. І ўсё гэта мора чырванела канюшынай, бялела дзятлінай, пахла медуніцай, ліпнула смолкай, вілося звяшкай, мякка гудзела пчоламі, дурманіла, круціла галаву. Дарожкі віліся ў гэтым шаленстве трыумфуючага жыцця такія вузкія, што праз некалькі гадзін дарогі ступакі абаіх, на дне “казла”, былі засыпаны слоем абабітых бартамі кветак. Травы былі такія густыя, што, здаецца, ляж на іх і яны ўтрымаюць цябе над зямлёй.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10