1 2 3 4 5 6 7 8 9 10

Барвяны шчыт

– Івар, – сказала яна.Імя ў яго было дзіўнае. Ён трохі нават ганарыўся ім і на пытанні, чаму такое, адказваў, што некаторыя прыдняпроўцы любяць варажскія імёны: у памяць аб Рагвалодзе і Рагнедзе.– Івар, – сказала яна, – мілы. Што ж гэта?Гэта яна ўпершыню так сказала. Ён ведаў, што не падабаецца ёй. Занадта ўжо быў сціплы ў параўнанні з іншымі, дасціпнымі, спрытнымі. Адно імя ў яго і было незвычайнае.– Гэта радасць, – сказаў ён і нечакана дадаў: – Гэта ты.Яна не здзівілася.– Не, – сказала яна. – Гэта дзень. Бог мой, які дзень!Дзень сапраўды быў найлепшы дзень жыцця. Івар спахмурнеў толькі аднойчы: убачыўшы пустыя лугавыя азёры, спушчаныя ў Аку. На дне была чорная, у трэшчынах, гразь. Гэта было недарэчна. Яны ўсё адно не зарастуць добрай травой. Вымачыць і ўвесну і ўвосень. А прыгажосці няма.– Які дзень! – сказала яна.Маячылі ў густой – утрымае, як ляжаш, – траве коннікі. І дзіўна было, што ног коней не відаць. І коннікі тыя былі калгасныя вартаўнікі, але, магчыма, і запарожцы ў стэпе ці скіфскія разведчыкі.– Дзень які.Дзень палымнеў. Сонцам – у вышыні, ярасным кілімам траў – унізе. Вартаўнік праскакаў паўз машыну. За канём беглі два сабакі, ля самых задніх капытоў.– Што за сабакі? – спытала Ніка ў “скіфа”.– Ішчэйкі, – адказаў ён.– Самі сабе хлеба ішчуць, – у тон яму сказаў Івар.“Скіф” зарагатаў, хвастануў каня нагайкай, знік разам з сабакамі ў кветках, у чырвоным марыве.…Некаторы час Івар вёў машыну моўчкі. Вакол гайдаліся, млелі, дурманілі, суха звінелі і вільготна шасталі паплавы.– Ты сапраўды лічыш, што гэта – радасць? – спытала яна. – Што гэта – я?– Даўно, – сказаў ён.– Мілы, – нібы нечакана зразумеўшы, шапнула яна.Цёплы, напоены водарам, звонам і гарачынёй ветрык плыў на іх.Івар глянуў на яе. Яна сядзела з заплюшчанымі вачыма, з ценем нейкай радаснай пакуты ў краёчках вуснаў. Вялікія вочы змежаны, крылы праменькага носа ловяць духмянае паветра, п’юць яго.– У мяне колы ў вачах ад сонца, – сказала яна. – Спыніся, Івар.Травы былі такія густыя, што, здаецца, ляж на іх і яны ўтрымаюць цябе над зямлёй.Гэта была няпраўда. Вакол іх, над імі, на іх каціўся, наступаў грозны, гарачы і вільготны травяны акіян.Бялелі вялікія рамонкі, пазвоньвалі ліловыя званочкі, спявалі чмялі, упяўшыся ў малінавыя шары канюшыны, і рос, віўся, як хмель, аблытваючы рукі і ногі, бела-ружовы, прагны павой.Але бачыў гэта, кветкі і зямлю, толькі ён. Яна бачыла гарачае марыва неба, у якім, трапечучы, застыў на хвіліну прагны сокал.…Замест двух нумароў у гасцініцы яны знялі кутні пакойчык у невялічкім доміку над самай Акой. І ўдзень і ўначы з яго было відаць два небы. Толькі ўдзень гэтыя “небы” сінелі блакітам, а ўначы – густым кобальтам, які нехта папырскаў фасфарычным срэбрам. Не вельмі густа, бо стаялі месячныя ночы.У пакоі, адасобленым ад пакояў гаспадыні калідорам, рыпелі маснічыны і звонка падалі з меднага рукамыйніка кроплі вады. Раз у чатыры секунды. Тут вісеў партрэт невядомага мужчыны ў крухмальным каўнерыку (даводзілася – з-за старога позірку – паварочваць яго абліччам да сцяны) і дзве алеаграфіі: “Востраў мёртвых” Бёлкіна і “Сегодня нездоровится”. На апошняй сядзеў белы сабачка, па-зайчынаму падвязаны чырвонай хустачкай у чорныя гарохі. Стаялі тут яшчэ пузатая камода і шырачэзны ложак.– Лухта якая! – сказаў Івар, агледзеўшы гэта, калі яны засталіся адны.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10