1 2 3 4 5 6 7 8 9 10

Барвяны шчыт

Спрэчка перайшла ў варожасць. Раніцаю Івара накіравалі ў Салотчу і далей. Ён ездзіў і ездзіў, імкнучыся забыць пра той прыкры выпадак. І не мог.…І вось яны сядзелі на адхоне, а перад імі былі вільготныя паплавы, на якіх згасала вясёлка. Свяцілася толькі ля самай зямлі, як рознакаляровае вогнішча.– Заўтра я еду, – сказаў ён другі сказ за ўсе гэтыя гадзіны.– Куды? У заўтра?“Лухта. Няўжо яна нарываецца на спрэчку?”Івар скоса зірнуў на яе. Ніка глядзела на яго быццам са здзіўленнем, бо бровы няроўна прыўзнятыя. А можа, гэта іронія?– У заўтра. Што перадаць? – У мяне сваё заўтра, – здрыгануліся яе вусны. – Без гасцінцаў роднай Беларусі, без фатоннай ракеты і без мастака з Галынічаў. Майму “заўтра” не будзе справы да гэтай фікцыі.– Добра, – сказаў ён. – Давай тады на развітанне з’ездзім ва “ўчора”.– Вельмі мне тое прыемна, – сказала яна.– У будучыню не магу, – падаў ён руку, – а ў былое давай… Уставай.– Што ж, падзецца ўсё адно няма куды. Давай тады паедзем.Берагамі, зарослымі купамі дрэў, яны ішлі нядоўга. Пачаўся звівісты спуск уніз, да рукава Акі. З кожнай павароткай усё новыя і новыя, зялёныя, чароўныя краявіды ўставалі перад імі… А потым за адной павароткай адкрыўся вачам зялёны домік з дошак. Над ім клубіліся, як мірныя выбухі, пышныя зялёныя дрэвы.– Гарадская станцыя чаўноў, – з сухой усмешкай сказаў ён.– Гэта тваё “ўчора”?Івару здавалася дзіўным, што некаторыя людзі так любяць мучыць другіх, але што зробіш. Трэба трымацца, як індзеец падчас катаванняў: рабіць выгляд, што табе робяць манікюр.– Калі меркаваць па яе лодачных маторах, дык гэта “дзесяць год назад”.…Хлопец у цяльняшцы звалок да металічнага чоўна пераносны матор, усталяваў яго і, ні пра што не пытаючыся, торгаў за ланцужок бітых дзесяць хвілін, намагаючыся завесці сваю “канструкцыю”. У яго было суровае аблічча, бо ён адчуваў свой абавязак. А на беразе па костачку ў пяску стаяла басаногая маладая жанчына ў штапельнай сіненькай сукенцы, зграбненькая, жоўтагаловая, як лотаць, і казала свайму марачку:– Ты там босы не хадзі.Там тыя падсобныя чэрці накідалі дроту.– Не пайду, – хмурыў белыя бровы марачок.Жанчыне было шкада, што вось едзе мужык супраць ночы.– Ты і не пад’еў, – сказала яна. – Табе з тваім… са здароўем.– Ды што ты, Маша, – саромеўся марачок.І адначасова касіўся на пасажыраў, нібы запрашаў іх у сведкі: вось, маўляў, баба. І непрыемна гэта, канечне, але што зробіш, баба яна баба, і лепей не супярэчыць.– І ў Шатры не хадзі, Толік. Ну яго, кума, да д’ябла.– Ну яго, – згадзіўся Толік.– І правільна. – Жанчына, здаецца, прымушала сябе верыць, што яе Толік не пойдзе ў нейкія там Шатры. – А то гэты кум – толькі б яму гарэлка.Калі белыя шлейфы пены закіпелі за кармою чоўна і постаць жанчыны на беразе стала маленькай, Івар спытаў:– Жонка?– Але, – сказаў марачок. – Год як жанатыя. Як з флоту прыйшоў.– Балтыец?– Чорнае, – сказаў марачок. – Вось тут і ўладкаваўся… бліжэй да вады.– Дрыжыць яна за цябе.– Баба, – прыемна пачырванеў марачок.– А сам спаскі?– Спрадвеку.– Што гэта яна аб тваім здароўі так?– Я застуджаны. Шлюпку нашу перакуліла, у лютым. Мілю праплыць аднаму лухта, а ўдвух – цяжкавата.– З кім жа ты ўдвух плыў?– З шатроўскім кумам. Яму ключыцу перабіла.Абое зірнулі на марачка з некаторым здзіўленнем. Але ён глядзеў на сонца, што сядала ў люстра Акі, і быў абыякавы.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10