1 2 3 4 5 6 7 8 9 10

Барвяны шчыт

- Кху! Кху! Кху! – ляцеў з-пад частаколаў крык крумкача.Яны знішчылі горад. Да апошняга бервяна. Апошнія абаронцы з малай дружыны Еўпація Калаўрата прыйшлі на папялішча і скамянелі ад гора. Колькі разоў потым даводзілася мужчынам славянскай зямлі стаяць на котлішчы і не ведаць, чый попел нясе унь той смерч?! Можа, попел збожжа, спаленага ў засеках, а можа, і попел сына?!І Калаўрат гнаўся за Батыгай і сек ягоных нукераў так, што разжарваліся мячы… Разань манголы ўзялі толькі таму, што, перамогшы Кітай, узялі адтуль “парокі”, сценабітныя машыны.“Парокі” яны ўжылі і супраць маленькай раці жывых. І забілі.І Батыга глядзеў на людзей, расціснутых пудовымі камяніскамі, з жахам і зайздрасцю:“Былі б у мяне такія – трымаў бы іх супраць свайго сэрца”.Івар адчуваў, што ён быў бы бедны і слабы, – сляпое кацяня, забытае ў траве! – каб не жыў у ягоных жылах, разам з запалам сённяшняга змагання, дзень пагібелі Разані і, яшчэ больш, дзень Крутагор’я, у які яго, Івара, браты-беларусы ўратавалі ад татар славянскую і неславянскую поўнач.І Цяпінскі, і Вячка, і Міхал Крычаўскі – усе яны былі ў ім. А ён быў – усе тыя людзі, што будуць. Усе.Але што было да гэтага жанчыне, якая з неахвотай, толькі таму, што рабіць не было чаго, пайшла за ім на гэтую “экскурсію”.…Быў агонь… Быў потым жар… Цяпер нічога… Кратэр месяца.Блакітныя радкі паабапал сцежкі – ён прыгнуўся, каб паглядзець, – аказаліся бульбай.– Падсобныя гаспадаркі служачых, – сказаў Толік. – Нічыя зямля. Год як узаралі.У бульбе сям-там нешта бялела, цьмяна і невыразна. Івар зрабіў некалькі крокаў па барознах і схіліўся.– Што там? – спытала Ніка.– Цэўка, – дзіўным (такога яна яшчэ не чула ў яго) голасам адказаў Івар. – Чалавечая.Гэта была, сапраўды, галёначная косць. Івар асцярожна выйшаў да сцежкі… Ішлі доўгі час моўчкі.– Чорт ведае што, – голас Івара сарваўся. – Што яны сабе думалі… служачыя?Невымоўная пагарда прагучала ў яго тоне:– Нельга такога… Не-льга… Першыя ж загінулі з усіх… Не ўваскрэслі… Горад лёг і не ўстаў… Бульба… Зямлі ім, падлам, мала, каб яны яе елі, зямлю тую, каб яны…– Праўда, – сказаў Толік. – Непрыгожа. На могілках гарод развялі.– Подла. Гэта ж суцэльныя могілкі. Тут невядома, дзе зямля, а дзе прах. Дык паважайце ж вы такую зямлю, гады. Не варушыце. Хай спяць…Ён ніяк не мог супакоіцца і, нібы плуг жывых людзей, а не косці, вывальваў з зямлі, абурана кідаў словы.– А каб яны бачылі, што гэты іхні мёртвы кратэр… не ўсё яшчэ на зямлі – помнік ім, няхай нават звычайны, з бетону… Тут – можна, бо яны ж бетону не бачылі.– Дзяцей трэба сюды вадзіць, – змрочна і нібы засаромлена сказаў Толік.Лапік бульбы скончыўся. Вакол стаяла блакітная нечапаная трава. Вышэй каленяў.– Ты, хлопец, сакратара паведамі, – сказаў Толік.– Пайду, – сказаў Івар. – Не паеду раніцай. Пайду.– Абавязкова схадзі… Івар, – раптам вельмі ціха сказала яна.На траве стала лягчэй дыхаць. Магчыма, таму, што дзірван надзейны хутаў тое, белае, шчодра рассыпанае ў бульбянішчы.Івар некалькі хвілін ішоў моўчкі. Потым сэнс слоў дзяўчыны дайшоў да яго, і ён здзіўлена пакасіўся. Не, ідзе спакойна. “Таксама мне яшчэ дбайніца”.Падышлі ўрэшце да ўнутранага ўхіла валоў.– А невысокія, – сказала раптам Ніка.Яны падняліся на вал і раптам застылі. Пад нагамі была бездань. Злізаны часам, сточаны, вал усё ж зрываўся ўніз такой страшнай, асабліва ўпрыцемку, прорвай, што халаднела ў нагах. І ў сінім сутонні направа і налева, да самага далягляду, ішоў усё той жа страшэнны, мёртвы, бязлюдны яр.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10