1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14

Аліва і меч

Над горадам у клубах пылу адгучэла жудаснае “даеш!” і ў ляску капытоў пакацілася на захад. I стала цішыня.Палкі біліся недзе ўжо каля Баранавіч, хадзілі ў штыкавыя атакі, з боем бралі ў Белавежы паляўнічы царскі палац, а тут сядзеў на тумбе паважны пузаты хлапчук і засяроджана аддзіраў казырок ад рассечанай канфедэраткі: прымяраўся, што можна з яго зрабіць.Сляпіла сонца. На белыя муры сабораў і касцёлаў балюча было глядзець, і беспрычынна вясёлая каза абдзірала з мура тысячны ўказ. Абывацель і глядзець не хацеў, што там пісана, якая ўлада пагражала і заахвочвала. Немцы былі, палякі былі – халера на іх усіх. А храмы Божыя ўсе руйнавалі і спустошвалі. То пагром, то расстрэл, то кучы на цвінтары, ды яшчэ такія вялікія.Апошнія часы прыходзілі.Арсень Воўкаў скочыў з тачанкі, якая спынілася перад будынкам рэўкома, неасцярожна стаў на правую нагу і зморшчыўся. Кульгаючы, патэпаў да дзвярэй.У вестыбюлі на пашчапаным паркеце стаялі ў козлах вінтоўкі, сядзелі і ляжалі людзі. Матросік з яснымі вачыма сядзеў ля дзвярэй у калідор і метадычна, з зайздроснай трапнасцю пляваў на жалезны ліст пад печкай. Зусім ашалеў ад нудзьгі чалавек.– Гэй, браток, як мне тут да таварыша Кандратовіча? – сказаў Арсень.– Мандат? – напаўзапытальна працягнуў матросік.– Вось ён.Матросік пажвавеў. – Бач ты, з фронту, значыць? Ідзі вось калідорам. Там зала.У зале Арсеня аглушыў кулямётны трэск рэмінгтонаў, гоман людзей, мітусяніна. Урыўкі тэлеграфных стужак блыталіся пад нагамі. Нехта крычаў надарваным голасам:– Што вы мне паперкі пад нос торкаеце? Няма зброі і няма. I ў адказ такім самым голасам:– Ты маўчы. Ты мне контррэвалюцыю не разводзь, грамадзянін. Наша, 79-я, беларуская, голымі рукамі ваюе. Мы пад Свіслаччу штыкамі іх размалацілі, генерала ў палон узялі. Маеш ты рэвалюцыйнае сумленне?! Давай зброю!– Ты ў Даўгялы быў?– Пяты ў яго кароткія, у твайго Даўгялы, а надзімаецца, быццам ён самога Скірмунта байструк... Бюракрат паршывы!Арсень усміхнуўся. Зброі няма, але гэты даб’ецца. Зубастага паслалі.– Дзе тут Кандратовіч? – спытаў у нейкага салдата.– Унь за сталом сядзіць. Ты пачакай. Яго зараз нашы хлопцы абселі. Зброя патрэбна.Непадалёку ад стала вядомы ўсяму гораду маляр-жывапісец Піня Райхер, загрунтаваўшы напалову партрэт Кацярыны Другой, маляваў з нейкай паперкі Маркса. Імператрыца какетліва ўсміхнулася паўзверх Марксавай сівізны. Піня адарваўся ад працы і, павярнуўшыся да нейкага з гледачоў, вырашыў:– Два атрымаецца.– Угу. Баба была гладкая і матар’ялу на партрэт не шкадавала.Арсеню ледзь удалося перачакаць людзей, што абступілі Кандратовічаў стол. Нарэшце тыя адступілі, і Воўкаў пабачыў мажнага, вельмі сівога мужчыну з маладым шырокім тварам. Перад ім, на зярцале, вісела будзёнаўка. Чырвоныя павекі навісалі на вочы цяжка і стомлена. Пабачыўшы цень, які лёг на стол, чалавек з сілаю правёў далонню па твары, быццам умыўся, і спытаў перасеўшым голасам:– Адкуль, таварыш?– Памочнік камандзіра палка беларускай брыгады шаснаццатай арміі Арсень Воўкаў... Вось мандат.Кандратовіч падняўся. – Чакалі, таварыш, чакалі. Што новага?– Усё ў гэтым пакеце... Фарсіравалі Буг. Пяць дзён біліся.– Малайцы, – Кандратовіч раздзёр канверт.Толькі хвілін праз пяць Арсень пабачыў яго вочы, блякла-сінія ад стомы.– Страты вялікія, таварыш? Арсень уздыхнуў.– Трэцяя частка наяўнага складу. Тысяча штыкоў, трыста шабель. 3 харчамі цяжка. Але гэта нічога... Зброі, таварыш Кандратовіч, няма. У мёртвых бярэм. Не скардзімся пакуль што, але яны ў лясах засекі ро-бяць, танкі ў іх, аэрапланы... Грудзьмі на дрот ідуць людзі.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14