1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14

Аліва і меч

– Уладзімір Ільіч, – абурыўся Шлык, – вы што, адпачынкам гэта называеце?Ленін паклаў руку на яго плячо.– А што ж, вам нельга чакаць. I харчовае пытанне ў краіне не чакае. Адпачнем потым.Падняўся з-за стала, хуткай, “несаліднай”, як адзначыў Шлык, хадою падышоў да карты Каўказа, што вісела на сцяне, пакрэсленая рознакаляровымі алоўкамі.– Бачыце, якая нацыянальная блытаніна. А трэба ж будзе рабіць аўтаномію. Вось і поўзаем тут са знаўцамі па карце... Я вас што папрашу, таварыш Воўкаў, дашліце мне пасля карту Беларусі, і каб абавязкова на ёй былі адзначаны нацменшасці. Ну, там, скажам, палякі, караімы, рускія з Веткі.– Якія гэта? – здзівіўся Арсень.– А нашчадкі тых, што пры Кацярыне да вас уцяклі з-за рэлігіі, стараверы.I раптам пасуравеў, вочы сталі вузкімі і жорсткімі.– Такія ёсць мастакі па нацыянальнаму пытанню. Пішуць з радзімы: палова вёскі руская, палова – татарская. Прыязджае малады разумнік у скуры, і на ім чатыры маўзеры. Склікае татар спачатку: трэба зачыніць царкву, як дурман. Тыя з радасцю выносяць рэзалюцыю: зачыніць, хай гяуры лазоваму кусту моляцца. Праз тыдзень з’яўляецца ён на рускую палову. На зборах выносіцца прапанова: прыкрыць мячэць, зрабіць у ёй свінушнік. Дзядзькі б’юць у ладкі: ага, вы нам, дык і мы вам... А пасля – у дручкі. I дружба народаў у наяўнасці.– Дык што ж, дазваляць ім народ дурманіць? – спытаў Шлык. Ленін нахіліў набок галаву.– Рэлігія, таварыш Шлык, жахлівая штука. Але яна пераконвала людзей з часоў Уладзіміра. I дубцом людзей у адваротным не пераканаеш, тым больш такім шкодніцтвам і галавацяпствам. Гідру мы рубаць навучыліся, а пераконваць – не. Лягчэй за ўсё зрабіць чалавека ворагам, а нам трэба зрабіць яго другам.Арсень падміргнуў Шлыку. А Ленін раптам узяў іх пад рукі, сказаў:– I мы ж не чысценькія. Нас у трох лyгавых вадах варыць трэба, каб рэлігійнасць вывесці, ханжаства, хамства, бюракратызм. I, моцна сціснуўшы локці сяброў, дадаў вельмі сур’ёзна:– I трэба ўмець рабіць гэта, калі хочам жыць.Вузкім калідорам яны рушылі налева і хутка трапілі ў кухню. Праз акно бачны быў гладкі булыжнік і худыя галубы на ім. Аднекуль здалёк, усе ў ружовым сонцы, даляталі на ўнутраны дворык гукі званоў.Масква была старой, пыльнай, да суму звычайнай.I чалавек, які збіраўся перавярнуць усё гэта, пасадзіў гасцей і сказаў ім:– Мы звычайна тут абедаем... Пасядзім тут, цяплей.I зябка сцепануўся: сапраўды, было даволі халодна, нягледзячы на лета. Потым ён узняўся і выйшаў з кухні.Арсень агледзеўся, пабачыў пліту са звычайным начыннем, некалькі дравін каля яе, а праз дзверцы шафкі – разнамасныя кубкі.Шлык зірнуў у пліту. Там быў жар, але на фаерцы стаяла толькі каструля з вадою.I ў той самы момант гаспадар выйшаў з пакояў на кухню, разводзячы рукамі. За ім ішла жанчына з тварам вясковай настаўніцы.“Жонка”, – здагадаўся Арсень, калі яна назвала прозвішча. А тая з усмешкаю на мілым, простым абліччы ўжо гаварыла:– Вы прабачце, таварышы. Мне трэба было ўходзіць, але я зайшла папрасіць прабачэння за гэтага чалавека. Ён зрабіў вельмі недалікатную і няёмкую штуку.– Ну, Надзя, ну, хіба ж я вінен? – разводзіў рукамі гаспадар.– Гэта вельмі на цябе не падобна, а мне хоць праз зямлю праваліся... I ён заўсёды быў такі. Справа ў тым...Але тут гаспадар з мужнасцю адчаю выпаліў:– Справа ў тым, што ва ўсім багатым доме толькі і ёсць, што вобла.Усе зарагаталі, і галасней за ўсіх, нават трошкі захлёбваючыся, сам гаспадар. Жанчына яшчэ раз папрасіла прабачэння, махнула з уздыхам рукою і пайшла. Абзадачаны гаспадар палез пальцамі ў рудаватыя валасы над вухам.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14