1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14

Аліва і меч

– Што ж цяпер рабіць, га?I тады Шлык, на вялікі жах Арсеня, палез у клунак і выцягнуў адтуль квадратны кавалак сала, крыж-накрыж надрэзаны да скуры, потым палову бохана счарсцвелага хлеба. Падумаў хвіліну і рашуча выцягнуў знізу фатальную торбачку і высыпаў з яе перад пліткай дзесяткі тры бульбін.

Здранцвелы ад жаху Воўкаў торгаў яго за бушлат, але Шлык не зважаў. Разгроб у плітцы попел, накідаў туды бульбы, прыгарнуў яе прысакам і насыпаў зверху жар.Ленін хітравата, самым куточкам вока, назіраў за гэтым свяшчэннадзействам і за збянтэжаным тварам Арсеня. Спытаў:– Што ж рабіць? Можа, рыбы?I тады Шлык сказаў з чароўным аршанскім акцэнтам:– Ну, калі ё, дык парэжце рыбіну.У Арсеня высыпаў на лобе цыганскі пот. Але па таму, як Ленін жвава выцягнуў з шафкі тры рыбіны, пастукаў імі аб край стала і пачаў здзіраць скуру, – зразумеў, што гэта было добра сказана: Шлык вывеў гаспадара з няёмкага становішча.Атрымліваўся як быццам абед у складчыну.I Арсень са скрухай падумаў, што зноў Шлык са сваёй прымітыўнай ветлівасцю выявіўся вышэйшым за яго, Арсеня, патомнага інтэлігента і былога выхаванца класічнай гімназіі.Ленін сеў поруч з Арсенем на табурэт, звесіў рукі паміж каленяў. I раптам сказаў нейкім зусім новым, мяккім голасам:– I ў нас бульбу пякуць... Над Волгай... Я малым вельмі любіў. Выкупаемся мы, амаль ноччу, і потым сядзім голыя каля агню, чырвоныя, як індзейцы.Шлык буркнуў:– Добра. А яшчэ лепей, калі рыбіну свежую вытрыбушыш, у пуза ёй – сала скрылёк і смажыш на лазіне... I недзе дзеўкі на пракосах песні спяваюць... Далёка.– Зямля ў нас цудоўная, – сказаў горача Арсень, – даволі дажджу, у меру сонца, у меру холад і цеплыня. I зямля... не такая багатая, каб чалавек на ёй стаяў лянівым трутнем, і не такая ўжо бедная, каб жывот надрываць. Голаду практычна быць не павінна: вымакне адно – уродзіць іншае; ды яшчэ ёсць паляванне, рыба. I ўсё ж голад... Легенда кажа: калі мы выпрасілі сабе ў Бога ўсю гэтую раскошу, – мы папрасілі, каб ён даў нам яшчэ і добрых начальнікаў...– Ну і што ён? – зацікаўлена спытаў гаспадар. Арсень усміхнуўся кутком рота:– Ён адказаў, што тады ўсе праведнікі з беларусаў уцякуць з раю на сваю зямлю, ды яшчэ пры сваёй языкатасці сагітуюць іншых, небеларусаў... Занадта будзе на рай падобна.Ленін зарагатаў так, што, гледзячы на яго, пачаў рагатаць Шлык, а потым не вытрымаў і Воўкаў.

Ад заразлівага смеху ў вачах гаспадара стаялі слёзы, ён махаў рукамі і амаль задыхаўся. Адсмяяўшыся, Уладзімір Ільіч паклаў пальцы на рукаў Арсеня:– Вам не ваяваць, вам агітатарам трэба быць, таварыш Воўкаў... пры вашай языкатасці.Шлык зноў буркнуў:– Не бачылі вы яшчэ, Уладзімір Ільіч, якія яны бываюць, языкатыя людзі. Вашага агітатара чатыры дні таму адзін капіталіст так сагітаваў, што Арсень згадзіўся з неабходнасцю драць з рабочых скуру.

– То бок, – бровы Леніна папаўзлі ўгару, і ён нават падаўся наперад.

– Не слухайце вы яго, Уладзімір Ільіч, – сказаў Арсень, – гэты капіталіст, былы лесапрамысловец, – вялікая душа, конча закаханая ў мастацтва. Не рабаўнік, не Марозаў, хутчэй беларускі Траццякоў. Зараз ён сядзіць на сваіх калекцыях, памірае з голаду і не прадае. Рэквізуе іх нейкі разумнік, пусціць з аўкцыёну, і народ застанецца абкрадзеным.– Раскажыце, – зацікавіўся гаспадар.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14