1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14

Аліва і меч

– Гэтых размалоцім, – сказаў Шлык.– Размалаціць не штука. Але чым? Зброі няма. Па дзесяць снарадаў на гармату, патронаў мала. Знясілелі мы... Акрамя таго, некаторых людзей з камандавання я асабіста расстраляў бы за патэнцыяльную здраду... Горш за падлу Сарокіна трымаюць сябе.I прыстукнуў далонню па стале.– Дык вось, дні праз тры разам з ім паедзеце да Леніна. Павезяце даклад аб становішчы ў заходніх губернях. Яму трэба ведаць усё, як яно ёсць. I што на фронце, і што ў стаўцы, і што на сяле, і як справы з хлебам.I кінуў са злосцю :– Хрыстом-Богам, якога, вядома, няма, прашу вас, браткі. Паразмаўляйце асабіста з Уладзімірам Ільічом. Рабіце, што хочаце, але каб зброя была. Павінна знайсціся, іначай нам – гамон. Я пабойваюся, што і зараз пазнавата.Арсень сказаў проста:– Будзе зроблена, Кандратовіч.Той ужо шкрабаў нешта на шматку паперы. Устаў, сунуў шматок у руку Шлыку.– Начаваць няма дзе? Паставім да аднаго буржуя непадалёку. Ушчыльнім яшчэ трохі. У яго засталося два пакоі.– Хто такі? – спытаў Арсень. – Маеўскі. – Хто? Гэты мільянер? Лесапрамысловец?– Угу. Мы яго не чапаем пакуль. Здаецца, няшкодны.I Кандратовіч зірнуў на Шлыка.– Хоць некаторыя і кажуць адваротнае... А мне цяжка яго абараняць... I не ведаю, ці варта. Змовы, братка, паўсюль. Стрэлы ў спіну. На поўдні губерні – мяцеж. I ведаю – іхняя рука дзейнічае. Ну, ідзіце.Усю дарогу да кватэры Арсень Воўкаў думаў над апошнімі словамі Кандратовіча. Становішча сапраўды было трывожным.

Голад гуляў абшарамі краіны, свістаў у пустыя вокны заводаў, еў карэнні лопуху без солі і цыбуліны чароту.Брат ішоў на брата, краіна раздзіралася ў міжусобнай вайне. Мяцеж успыхваў то на поўдні, то на поўначы. Па самых скромных падліках колькасць бандытаў трэба было вызначыць у дзесяць – пятнаццаць тысяч чалавек.На захадзе буялі шабля і агонь, мяшаліся ў адзін бязладны лямант крыкі “ўра!”, “слава!”, “віват!” і д’ябал яго ведае што яшчэ.Біліся, знемагаючы, як у стэпах палавецкіх. Сяклі, стралялі. Кідаліся, пазбаўленыя коннікаў, шалёныя коні. Ім бы зямлю араць, а яны замест таго хапалі жоўтымі зубамі варожых коней, сцягвалі за нагу коннікаў, пранізліва гігаталі.А гаспадары іхнія падалі ў бадзякі і, як чырвоныя бадзяковыя шапкі, – і яскравей іх, – гарэлі ў чартапалоху, на пыльных травах, кроплі крыві.А ў горадзе і сам Люцыпар зламаў бы нагу. Горад захлынаўся ў барацьбе партый: анархіствуючыя бандзюкі, максімалісты, высокаідэйныя бундаўцы, сволач з рабочага сіёна, – усё гэта, напалову ў падполлі, напалову на паверхні, гарлапаніла, агітавала, страляла ў спіну ідэйным ворагам і смярдзела на ўвесь свет.Вуліцамі было небяспечна хадзіць: анархісты з ідэйных меркаванняў распраналі людзей. Таму Арсень, увесь час чуючы за сабою цяжкія крокі Шлыка, уздыхнуў з палёгкаю, дабраўшыся да асабняка, дзе ім трэба было кватараваць.Аднапавярховы дом у стылі правінцыяльнага барока з васьмю калонамі прыткнуўся ў глыбіні саду. Даўно нячышчаная дарожка вяла да ўвахода, і бэз, сплятаючыся над ёю, утвараў дрыжачы ад ветру, вільготны змрок.Сэрцападобнае, мокрае ад расы лісце слаба паблісквала ў цемры... Без асаблівых перашкод яны прайшлі бакавым уваходам і апынуліся ў поўнай цемры. Арсень паткнуўся туды, паткнуўся сюды, пачуў, як гаспадарлівы Шлык чыркнуў запалкай і вылаяўся, апёкшы пальцы.Арсень кінуўся ў ягоны бок, зваліў нешта і не вытрымаў, крыкнуў:

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14