1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14

Аліва і меч

– Вы адзін? – спытаў Арсень, седзячы на кажусе.– Жонка ў вёсцы. Тут – голад... Спіце.I ён фукнуў на свечку.Шлык бурчэў, загортваючыся ў шубу. Паклаўся. Раптам сказаў:– Дажывем з вашай мяккацеласцю. Зробяць з нас каклету пад флоцкім совусам.– Трэба казаць “падліўкаю”, – суха сказаў Арсень.

– Мы гімназій не канчалі.– Мяне ў гімназіі нашай мове таксама не вучылі. Спі....Раніцай Арсеня разбудзіў гаспадар. Шлыка ў пакоі не было, ён пырхаў у далоні недзе на ганку, за акном. Воўкаў адчуваў сябе свежым, нават нага не балела Ён весела зірнуў у вочы гаспадару і зноў пабачыў той самы выраз.– Вы што такі? Дрэнна адпачылі?– Я стаміўся трымаць на плячах цяжар, які павінен несці цэлы народ. Я адзін, і нікому ўсё гэта не цікава.

– Самі адмежаваліся, – сказаў Арсень, нацягваючы боты. – Нашто вам было ваша багацце? Маеўскі ўздыхнуў:– Нам з жонкаю мала трэба. Вось за ўсё гэта, што вакол, я і ахвяраваў здароўем. Лесам гандляваў, толькі каб купляць іх, каб вызваляць з прагных рук, з рук невукаў, хціўцаў, гандляроў сумленнем.Арсень заўважыў за спіною Маеўскага Юстына з ручніком на плячы, ружовага ад халоднай вады. Твар у Шлыка быў іранічны.– Я быў зусім малы, – казаў далей Маеўскі, – былі мы аднадворцамі. I быў у нашай вёсцы поп. Авакум, раўніцель. Дарогі будаваў, школу царкоўную адкрыў. Хлопцы з дзеўкамі на Вялікдзень прыходзілі на цвінтар, але ў царкву не ішлі. Ім было цікава пабалбатаць і пасля пахрыстосавацца. Дык ён упраўленне на хвіліну перадасць дзячку і выходзіць з рызніцы паляваць на іх. Як перацягне ружанцам па спіне. “Аггелы,– крычыць, – адроддзе пекла!” I вось адкапаў нехта на старым гарадзішчы каменнага ідала. Ляжыць жанчына неверагоднай прыгажосці і спакусы, а на прычынным месцы ў яе шалаш. Бацька мой хацеў яе купіць, натоўп вакол, а тут з’яўляецца поп і пачаў крычаць.– Вочы нясытыя, з-за жонак лепаабразных, з-за ідалаў багамерзкіх імя Божае забываеце. Так бы і кінуліся на паганства сіе і пажэрлі.Выхапіў з рук у нейкага мужыка лом і ахнуў – толькі пырскі каменныя паляцелі. А я заплакаў. Шкада мне стала такую прыгажосць.– Прадукт першабытнай пячорнай цемры, – сказаў Юстын.– Не цемра гэта была, а Венера Паўночная, – упершыню раззлаваўся гаспадар.– Добра, – сказаў Шлык. – Ты тут сказаў раней, штo жыццём сваім ахвяраваў. Папраўся. Не сваім жыццём, а жыццём рабочых. Маеўскі паціснуў плячыма:– Вы чалавек разумны, але шыя ў вас, як у ваўка. Каб паглядзець убок – вы павяртаецеся ўсім целам.– А мне і не трэба глядзець убок. Я гляджу наперад.– I дарэмна. Часам варта глядзець, каб бачыць, ці поруч вашы сябры. Шлык тыцнуў пальцам у Арсеня:– Ён? Я пачынаю думаць, што ён сам такі, як вы.

Воўкаў засмяяўся:– Контра?– Гэтага пакуль што не скажу. Біўся ты, таварыш Воўкаў, гераічна. А што б ты заспяваў, каб цябе ў ЧК паставілі былых сяброў па гімназіі расстрэльваць ?– Ну што ж, – уздыхнуў Воўкаў, – я аднаго з іх асабіста секануў шабляй над Бугам. А ў ЧК таксама расстрэльваў бы. Пад началам таварыша Дзяржынскага... Але не пад тваім, Юстын.Гаспадар, бачачы, што пачынаецца спрэчка, адышоў у далёкі кут пакоя. Юстын, быццам апамятаўшыся, панізіў голас і з налітымі крывёю вачыма пасварыўся на Воўкава пальцам.– Глядзі, льеш ваду на млын сусветнага капіталу. I апынешся ў балоце.– Дурань ты, дурань, – весела засмяяўся Арсень.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14