1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14

Аліва і меч

– Ну так, я дурань, а ты разумны.Арсень зручней працягнуў нагу, перамясціўся ў крэсле.– Дзівак ты. Вось разаб’ем белых, тады трэба будзе зрабіць усіх людзей разумнымі, таленавітымі, гожымі. Дзеля гэтага ж мы б’емся, а не дзеля таго, каб вантробы ўсё жыццё выпушчаць людзям... I Маеўскі нам будзе карысны, бо рабіў гэтую справу сам-насам і ў дрэнных умовах. У гэтым ён наш друг, і глупствам было б не скарыстацца з гэтага, узлаваць чалавека, зрабіць з яго яшчэ аднаго ворага.– Пайшоў ты ведаеш куды. У цябе замест хрыбта вязіга. У Арсеня ў чорных вачах гулялі іскрачкі смеху.– Гаспадар, хадзіце сюды. Справа ідзе пра вас, чаго вы ўцякаеце?Маеўскі грузна падышоў да іх, сеў на зрынуты даспех. Вочы яго, глыбокія, са строгай вільгаццю, абвялі позіркам субяседнікаў. Палец, дзіўна тонкі пры яго шырокай косці, торкнуў кудысьці над галавою Шлыка.– Нігілісты вы. Шлык пакрыўдзіўся:– Гэта слова мы ведаем. Хам, значыцца.Воўкаў пабачыў, што гаспадар хоча нешта сказаць, і таму таргануў Шлыка за плячо. А Маеўскі павольна, быццам у яго горле балела, сказаў:– Я пачаў скупляць усё гэта даўно. Але ў мяне не было грошай. I шмат што гінула на маіх вачах. Я пачаў выкручвацца, я амаль галадаў два гады, але завёў амерыканскія машыны. Я скупіў на корані палову лясоў князя Любамірскага, бо той прагарэў. Гэта было танна. Я працаваў як вол, я пачаў з невялічкай пільні і стаў гаспадаром двухсот. Я скупіў мноства лясоў на гэтай зямлі.– I збяднілі яе, – сказаў Воўкаў.– I я ніколі не быў драпежнікам. Я зберагаў лясы, рабіў высечку толькі спелых і пераспелых. У Палессі яны ўсё адно гінулі марна. Каб не гэта, я меў бы не тры мільёны, а тройчы тры. I я еў горш за некаторых маіх рабочых, бо ў мяне было маё захапленне, падобнае на страсць. Усё ў жыцці было толькі дзеля гэтага... дзеля гэтых карцін... дзеля гэтага разьблёнага дрэва... дзеля жалеза... дзеля ўсяго, што нікому... ніколі не было патрэбна: ні раней – ім, ні зараз – вам. Што ж, жыццё не задалося... У мяне не было дзяцей, бо гэтае, што вы бачыце, былі мае дзеці: Андрэй Аршанскі, Іпаці Куцеянскі, ювелірныя рэчы Лазара Богшы, сапраўдныя гравюры Скарыны і Вашчaнкі, Рыгор Мядзвецкі. Я не кажу пра Рублёва, Ушакова, Дзіянісія – іх купяць... Але вы, вы Іваны бязродныя... А тут яшчэ калекцыя старых фламандцаў, італьянскія карціны... наша скульптура... выключная, надзвычай рэдкая калекцыя зброі, старых кніг і тканін. Таго Скарыну я выпадкова спаймаў на віленскім развале, а за тую батлейку два гады гадаваў апошняга батлейшчыка на Беларусі.Голас Маеўскага перасекся. Задыхаючыся, ён схапіўся рукою за грудзі. Мінула хвіліна цяжкага маўчання, і раптам гаспадар зноў кінуўся ў бой. Напэўна, яму стала сорамна хвіліны слабасці, бо ён напаў на Шлыка. Перад пастаяльцамі сядзеў чалавек і спакойным голасам, але адчайдушна біўся за нешта, імкнучыся ўцвярдзіць свой гонар.– Учора Шлык сказаў, што я эксплуататар. Магчыма. Я вывучаў Маркса.Ён непрыхільна глянуў на Юстына і адчаканіў:– Гэта вельмі непрыемны пан, але ў яго ёсць логіка. Я ведаў, што мы загінем. Бяздарнае начальства даводзіла гэта кожным сваім учынкам. Дык вось, я ведаю, што такое прыбавачная вартасць і прыбавачная праца. Я свядома ішоў на прысваенне, бо без яго дзеці мае засталіся б сіратамі ў свінячым свеце, без яго іх знішчалі б невукі.– А людзі, якіх вы рабавалі! – выбухнуў Шлык.– А вы спытайце ў людзей на маіх пільнях, – выбухнуў у сваю чаргу Маеўскі. – А вы спытайце, як у восьмым годзе мае калегі цягнулі мяне на суд, як хацелі ўчыніць байкот, бо я плаціў удвая больш за іх, бо не заводзіў драпежніцкіх крам, не спойваў людзей гарэлкай. I гэта нягледзячы на тое, што на пільнях працавалі затурканыя палешукі. Вo што я мог зрабіць з імі...

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14