1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14

Аліва і меч

I рука яго сціснулася ў кулак, такі жылавата-магутны, што адразу стала зразумела, што мог ён зрабіць з людзьмі.– Я гэтага не зрабіў. Перад Богам буду адказваць я. I мне шмат даруюць, бо я еў мяса не часцей за сялян... А, ды што вам казаць, Шлык. Памаўчаў і дадаў:– Я дам вам адну карысную параду, хоць мне і не хочацца рабіць гэтага: вы мне непрыемны...– Якую яшчэ? – відавочна збянтэжана спытаў Юстын.

– Навучыцеся глядзець на людзей як на людзей. Не трэба быць просталінейным, бо вы шкодзіце рэвалюцыі больш, чым я. Пакуль мала чалавечых існаванняў у вашых руках – вы карысны. Вы незаменны дыпкур’ер, вы цудоўны разведчык. Вы верны і мужны. Але дай вам у рукі гэтыя існаванні – вы будзеце тыран і таму вораг рэвалюцыі. I сумны будзе ваш канец.Шлык хацеў нешта сказаць, але памкнуўся раз-другі і махнуў рукою:– Я лепей да рэўкома пайду, хай спяшаюцца, а тое тут з героя падлу робяць. Трэба яму нявіннасць абараніць, бо не вельмі нешта ён паручаецца. Арсень зарагатаў. За Шлыком грукнулі цяжкія дзверы. I тады Воўкаў раптам пасуравеў і спытаў гаспадара:– Ну нашто вы так зрабілі?Маеўскі цвёрда сціснуў сківіцы:– Таму, што зусім не думаю такога пра Маркса і рэвалюцыю.– Нашто тады дражнілі яго? А ён зусім было паверыў вам, калі вы так... расхваляваліся.Маеўскі змрочна пахітаў галавою,– Ён мяне раздражняе. Проста ў піку яму заспяваў бы хвалу Сашу Керанскаму... Я нікога не баюся, запамятайце гэта. I не з-за гэтага я сказаў вам, што рэвалюцыі веру.– Чаму?– Яна ўсё адно прыйшла б. I лепей хутчэй. Можа, і створаць нешта вартае. Усе, ад беларуса да апошняга камчадала, чакалі яе. А гаспадары жыцця забылі Бога, рабавалі, крыўдзілі. Бяздарнасць, нават калі робіць добрую справу – наробіць смуроду. У нас быў прыстанак для бяздарнасцей. У нас заўсёды горшыя кіравалі народам. I яны толькі жэрлі і спароўваліся. Прайгралі безліч войнаў, разлютавалі народ хціўствам сваім. I тады іх – віламі... Што ж, трэба будзе, – загіну і я. Толькі іх вось шкада да слёз.Прыўзняўся і пацягнуў за сабою Арсеня.– Я вам не буду паказваць заходняй калекцыі, хоць яна і каштуе зараз мільёнаў дзесяць. Яе заўсёды ацэняць... А сваё пакажу. Вось глядзіце, гэта Вашчанка гравіраваў. Ілюстраваў апокрыфы, за гэта яго і абвінавацілі ў ерасі. У каго яшчэ ёсць гэта?Пальцы яго дрыжэлі над пажоўклымі з краёў аркушамі.– Бачыце, смяюцца над Марыяй. Гэты, тлусты, як на Язэпа паказвае. Усе ведаюць, што не яго дзіця. А яна яго пад руку вядзе, ён сівы, згорблены. I гордая яна, і сціплая. I ўсміхаецца плоду свайму... Святая мая, чыстая... Вы думаеце, ён у Бога верыў? Не больш, чым я або вы. Людзі, брат, людзі ўсе.Ён пацягнуў Арсеня далей:– Іпаці Куцеянскі. Бачыце, нейкі ёлуп, Кунцэвіча-сыраядца слуга, відаць, раскалоў дошку. Дык я ўсё замацаваў... I нашто яму было калоць? А таму, што гэта Юры з мячом, твар зямлі нашай. Бачыце, сурова глядзіць і грозна. Вочы якія... візантыйскія. Такі не пашкадуе, калі няпраўду пабачыць. Паўстане супраць моцных і павергне ў пыл.Ён цягнуў Арсеня далей і далей. Вякі праходзілі перад ім. Правай рукой ён да болю сціскаў плячо Воўкава, а пальцы левай песцілі бронзу і дрэва, струменіліся па золаце слуцкіх паясоў, гулялі парчой.Яны не пабачылі, як на дварэ пачало цямнець, бо Арсень прымусіў гаспадара паказаць яму і новы жывапіс. Яны не заўважылі, як прыйшоў Юстын Шлык і паклаўся спаць. Апамяталіся толькі тады, калі другая свечка схіліла кноцік, затыркала і згасла.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14