1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14

Аліва і меч

Тады яны рассмяяліся, і Арсень пайшоў класціся спаць. Калі ён лёг поруч са Шлыкам, Юстын забурчэў, паўсонны:– Я вось у Леніна спытаю, ці годна гэта, з класавым ворагам па начах размовы весці. – Валі,– сказаў Воўкаў, загортваючыся ў шынель.Дарогі. Дарогі. Дарогі.Нахабныя мяшэчнікі штурмуюць вагоны. Цягнік паўзе, як слімак. Пад шынялём пакет у сумцы, шчака адчувае драўляны нагрэты кабур Юстынавага маўзера. Спяць па чарзе.Пад Барысавам банда абстраляла цягнік, але па ёй сыпанулі свінцовым бобам, толькі тлустыя бандыцкія коні мільганулі ў хмызах.Дацягнуліся да Барысава. Дарэмна Юстын пагражаў маўзерам, торкаў яго пад нос начальніку станцыі з чырвонымі вачыма.– Не магу, таварыш. Падмацаванне на фронт вязем. – Сабатажнік ты. А той састаў, што на другім пуці?– Забіты ўвесь. Не мне ж вас садзіць.– Пайшлі, Арсень, – рашуча рыкнуў Шлык, – абыдземся без гэтага салапёкі, каб ён на хлеб спяваў.– А ты таксама зух – з колам да мух, – адгыркаўся начальнік.Рушылі да вагонаў. Набітыя, як пасада ячменнымі снапамі, яны вывяргалі лаянку і тытунёвы дым. Ля самых колаў сядзела жанчына з дзіцём, плакала.Шлык сцягнуў за нагу нейкага таўстамордага – рэшатам не накрыеш – дзядзьку з торбаю. Другі паспрабаваў быў сунуць Юстына ботам па твары. Сцягнуў і таго, даў ляшча. Пагрозліва пасунуліся да Шлыка яшчэ два.– Бач ты, лезе, камісар які.– Пан, на саломе спіць, зубамі абшукваецца, – піснуў нехта з-за спін. Юстын сказаў холадна і жорстка:– Вы ў мяне зараз задзерацё пяты. Толькі расход не старцоў будзе ў саракавы дзень.Вылезлі яшчэ тры, засукаючы рукавы.Тады Арсень стрэліў у паветра. Юстын таксама выцягнуў маўзер і спакойна прамовіў:– Ану, падыходзь бліжэй. А то сябра нешта завысака ўзяў. – I, прайшоўшы паўз аслупянелых людзей, палез у вагон. Хутка там пачалася бажба, крыкі, і з дзвярэй цяплушкі, услед за людзьмі, паляцелі хатулі, мяхі са збожжам, панскія, у аляксандраўскім стылі, ложкі.Уцягнуўшы Арсеня ў пусты вагон, Шлык раптам высунуў галаву.– Гэй ты, баба. Ану давай сюды... Дзяўчынка ў цябе якая... Як пяхцёр.Высаджаныя з лаянкай беглі штурмаваць другія вагоны, але цягнік ужо рушыў, паплыў ля будынкаў станцыі.I тады абодва белазуба ўсміхнуліся.– А ты малайчына, – сказаў Арсень.– Ды і ты нічога, – буркнуў Шлык, – як ты стрэліў.I, памаўчаўшы, прыбавіў:– Расправа са спекуляцыйным капіталам. Хай на хатулях едуць. – Лядок між імі растаў. Шлык сеў на падлогу і раптам пацягнуў з кута забытую торбу.– Бач ты, бег як, падла. Глядзі, хлеб... і сала... і бульба. А гэта што? Ого. Шкада, што позна ўжо злезці.На дне, закручаны ў марлю, ляжаў новенькі, заліты маслам бульдог, некалькі скрыначак з патронамі і дзесятак залатых калец.– Першапачатковае накапленне капіталу, – сказаў Шлык.I прыбавіў пасля доўгага маўчання:– Зброю і золата здамо... А хлеб і сала... Гэй, баба, вазьмі ты гэта сабе... У цябе ўзята, табе і адплаціцца... Дзяўчынка, бач, галодная. I збянтэжана сказаў Арсеню:– Брыдка неяк такі хлеб есці.Харчовы камісар Расіі пад час даклада страціў прытомнасць ад голаду.Калі Арсень і Юстын праходзілі паўз Зальца, ён сядзеў за сталом і мачаў мікраскапічны кавалак макухі ў шклянку з маркоўнай кавай. Перадчасна пасівелыя валасы яго звісалі на добрыя вочы. На шчоках блукалі чырвоныя плямы, і глянуў ён на сяброў вінавата. “Вы бачыце, я не прагны, – сказаў яго позірк, – але што зробіш, адшукалі мне шклянку кавы... Па загаду Леніна”.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14