1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14

Аліва і меч

Сябры апусцілі вочы, праходзячы міма.Як у тумане пабачыў Арсень невялікі кабінет, стол літарай “Т”, шафы з кнігамі, скураныя крэслы для гасцей і простае – для гаспадара, чалавека, які ўзняўся з гэтага крэсла і сказаў:– Сядайце, таварышы.Арсень адчуў толькі, што рука чалавека гарачая і вельмі моцная, хоць ён і ніжэй яго на паўтары галавы, гэты каржакаваты стомлены чалавек. Зацыраваны закаўраш пінжака на правай руцэ, нямодны каўнер кашулі, а над ім лабастая, шышкаватая галава і вочы, дзіўныя вочы.“Яны зусім непрыгожыя, – падумаў Арсень, – башкірскія нейкія, але што ў іх так цягне чалавека да сябе?.. Ага, ім зманіць нельга, адчуюць... I ласкавасць яшчэ... Ён загадзя чакае ад чалавека добрага”.I Воўкаў пачаў даклад, гледзячы не ў гэтыя вочы, а на бронзавую статуэтку на стале. Сядзела малпа і глядзела на чалавечы чэрап, які трымала ў руцэ. I твар яе быў звераваты і іранічны, з першым пробліскам думкі ў вачах. Ён пачынаў філасофстваваць, гэты малпін Гамлет, і першым аб’ектам яго думкі быў чэрап загінуўшага чалавека, ёмішча ўсяго сусвету.“Хто ты? Друг ты ці вораг? Чаго ад цябе чакаць? Я яшчэ не ведаю, але нешта цьмянае, вельмі прыемнае заварушыцца і пад маім чэрапам таксама.”.Арсень збіўся з думкі і адчуў, што рука гаспадара лягла на яго рукаў.– Вы не хвалюйцеся, таварыш.І Ленін усміхнуўся дзіцячаю ўсмешкай, якой усміхаюцца толькі вельмі чыстыя і добрыя людзі.– Гэта падарунак ад таварыша Гaмера... Філасофская рэч, як бачыце, – сказаў ён.Арсеню стала лягчэй, і ён пачаў казаць прадуманае: пра становішча на фронце, магчымае контрнаступленне палякаў, становішча са зброяю і хлебам.Гаспадар прыкрыў вочы далонню – Арсеню стала значна лягчэй. I толькі рука Леніна крэсліла нешта на аркушы паперы.Воўкаў не заўважыў толькі аднаго: праз няшчыльныя пальцы рукі глядзела на яго хітраватае і смяшлівае вока, ацэньвала:

“Відаць, чалавек шчыры і цвёрды... Мускулы каля рота якія прыемныя. I дзелавіты, са схільнасцю да аналізу... Добры хлопец”.Арсень скончыў і тут на яго абрушыўся такі град пытанняў, што ён ледзь не змок, адказваючы на іх. Выцягнута было ўсё, адразу ж класіфікавана, згрупавана, раскладзена на зручныя паліцы. Арсень адчуў, што яму стала лёгка гаварыць і ўсё стала значна ясней. Чаму?“Ага, ягоная манера размаўляць – у тым, што ён дапамагае чалавеку думаць”.Пытанні пра становішча з бандамі, пра харчразвёрстку, пра адносіны католікаў да савецкай улады, пра мову і асаблівасці жыцця народа, пра паэтаў і агітацыю.Усеабдымны, амаль нечалавечы па ёмістасці розум блукаў па ведах Арсеня і выціскаў іх. Гаварыў гаспадар і са Шлыкам пра харчовы стан на Беларусі.

I раптам:

– А з мастацтвам як? Адно скажу: не трэба разбазарваць народныя каштоўнасці.

– Я б расказаў вам, таварыш Ленін, пра аднаго... але гэта, можа, потым.

– Няма чаго пра яго казаць, Уладзімір Ільіч, – буркнуў Шлык. – Контра ён. Лепей дасылайце хутчэй вагоны. Можам адразу дзесяць эшалонаў адгрузіць, як лёду. Гэта той хлеб, што наша група вывезла.Ленін ледзь бачна ўсміхнуўся:– Што ж, таварыш Шлык, важліва і тое і тое. Але хіба сапраўды пагаворым пра гэтага “аднаго” пасля, у мяне. I паскардзіўся:– Прымушаюць часам адпачываць. Сёння якраз няпоўны дзень, таму, калі ласка, да мяне. Паабедаеце. Бачыце, чатыры гадзіны.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14