1 2 3 4 5 6 7 8 9

Белае полымя

Ужо трэцi дзень панствавала над тундрай вялiкая багiня поўначы – Завея. Трэцi дзень, бавячыся, яна перасыпала з месца на месца снегавыя дзюны, раздзьмухвала на iх равучае белае полымя i скакала ў ягоных языках шалёны i аднастайны танец.I чалавек трэцi дзень ляжаў у палатцы, занесенай снегам, i напалову спаў, напалову не спаў. У нейкi з гэтых дзён, 1 лютага 19ЗЗ года, яму споўнiлася трыццаць год, але ён не ведаў, калi быў гэты дзень: сёння, учора цi пазаўчора. Ён не ведаў нават, дзень знадворку цi ноч. Прабiваючы часам снег, ён ведаў толькi, што завея не скончылася, – вось i ўсё.I ў цемры перад яго пасiвералым тварам, якi адзiн толькi не быў прыкрыты спальным мяшком, праносiлiся стракатыя прывiды.Уяўляўся яму родны дом на беразе Нёмна, буслiныя шапкi ў шатах векавых дубоў, струменьчык малiнавага варэння, што паузе з лыжачкi. Да болю часам хацелася туды, на залатыя лугi Заходняй Беларусi, якая зараз звалася шыпячым i брыдкiм словам “крэсы”.Часам, калi ён драмаў, прывiды ставалi iншыя: вадакачкi, гудкi загнаных цягнiкоў, стрэлы ў натоўп, раздзёртыя крыкам iрты:– Хлеба! Волi! Мовы! Хлеба! Хлеба!Матрос, што раздзiрае цяльняшку на грудзях, роўная рысь каня, сцяг з кулаком, якi перадаў яму, пятнаццацiгадоваму камандзiру эскадрона, адзiн з кiраўнiкоў Венскаrа паўстання.А потым боль паражэння i адступленне з роднай зямлi, якая на доўгiя-доўгiя гады застанецца чужой рабыняй, мачыхай яму, Андрэю Падкове.I вечныя пошукi цяжкага, каб забыць пра гэта. I нарэшце Крайняя Поўнач i Белае Полымя, што палае над занесенай палаткай.Чаго так цягне туды, над зялёныя гiганцкiя дрэвы? Так, ён, напэўна, проста стамiўся. Служба вялiкаму гаспадару, iмя якога Народная Асвета, вечная гульня з Белым Полымем, подыхi, якiя замярзаюць, вылятаючы з рота, шоргаюць i завуцца тут “зорным шэптам”, бо у мёртвай цiшынi толькi зоры мiльгаюць, толькi яны здатныя нараджаць гукi.Зямля, большая за Францыю, горы, тундры, вулканы, камянiстыя астравы. Некалькi год катаржнай працы: вывучэнне карацкай, эскiмоскай, ламуцкай, алеуцкай моў. Пераклад на гэтыя мовы падручнiкаў, стварэнне школ.Ён яшчэ застаў тут гандляроў, якiя нажывалi тысячы працэнтаў прыбытку, ураўнаважваючы на вясах вiнчэстэр сабалiнымi футрамi. I ў яго стралялi за барацьбу супраць гэтага. Ён яшчэ бачыў тут папоў, якiя раз у тры гады, везучы на нартах некалькi пудоў свечак, вiно i прасвiры, ехалi з гэтай Божай благадаццю адпяваць памёрлых, хрысцiць народжаных i вянчаць жанатых. Яны вярталiся з нартамi, поўнымi пушнiны, спаўна, па таксе,атрымаўшы за благадаць. I яго праклялi у царкве, бо ён не даваў гэтага рабiць.Наледзi, наледзi, наледзi. Збiтыя да крывi ногi сабак, цынга, смарагдавыя i малiнавыя стрэлы паўночнага ззяння, страшны голад на Анадыры. Бязлiтасна-халоднае святло месяца ў палярнай начы. Ён звык спадзявацца толькi на ўласную волю i рукi ды яшчэ на нешматлiкiх сяброў: настаўнiкаў, якiя адкрывалi эскiмоскiя школы у зямлянках, крытых дзёрнам, дактароў, якiя спынялi вымiранне паўночнага народа, на семдзесят працэнтаў хворага трахомай, на сорак працэнтаў – спадчыннай ганарэяй.Нiхто не скардзiўся. Вялiкiя народы, якiя давялi тэты люд да такога, павiнны былi плацiць доўг, вярнуць людзям веру у справядлiвасць i чалавечнасць.I вымiранне спынiлi. Застаўся адзiн, апошнi бiч: дзевяноста дзевяць непiсьменных з сотнi.Бязмежны край, станоўi ў дзесятак хат на сотнi кiламетраў адно ад другога, беднасць, якая не дазваляла ўзяць у iнтэрнаты ўсiх дзяцей, карлiкавыя школы, настаўнiкi, якiя не разумелi мовы дзяцей, i дзецi, якiя не разумелi мовы настаўнiкаў.

1 2 3 4 5 6 7 8 9